«ПіК Свабоды»: «Зь яго хацелі больш за мільён рублёў». Дэталі гібелі намесьніка начальніка цэха на «Гродна Азот»

Ілюстрацыйнае фота

Што стала прычынай самагубства намесьніка начальніка цэха на прадпрыемстве «Гродна Азот»? Што адбываецца цяпер на прадпрыемстве? Як уплывае на бясьпеку і працоўную атмасфэру адсутнасьць незалежных прафсаюзаў?

Пра абставіны самагубства намесьніка начальніка цэха на прадпрыемстве «Гродна Азот» у «ПіКу Свабоды» гаворым з прадстаўніком «Рабочага руху» Юрыем Рававым, які раней быў лідэрам страйку на «Гродна Азот».

Глядзець размову на відэа цалкам

0:39 – Што стала прычынай самагубства намесьніка начальніка цэха на прадпрыемстве «Гродна Азот»
3:48 – Што вядома пра загінулага
5:17 – Ці часта з работнікаў спрабуюць спаганяць такія вялікія даўгі
6:38 – Якія шанцы на расьсьледаваньне гэтай трагедыі
12:37 – Якія вынікі адсутнасьці незалежных прафсаюзаў
18:12 – Чым займаецца «Рабочы рух»

Тут фрагмэнты гутаркі

— Вядома, што трагедыя здарылася ў пазамінулую суботу. Паводле крыніц Свабоды, намесьніка начальніка цэха знайшлі павешаным непадалёк ад завода. Яго звалі Андрэй. Што вядома «Рабочаму руху» пра гэты выпадак?

— Так, загінулага звалі Андрэй. Ён працаваў намесьнікам начальніка цэха аднаўленьня з’едлівага натру і адказваў за тэхналёгію. Яго цела знайшлі ў лесапаркавай зоне каля завода ў канцы красавіка. У яго засталіся жонка і двое дзяцей. Паводле нашай інфармацыі, трагедыя зьвязаная з праблемамі ў цэху і з тым, што на яго хацелі ўскласьці доўг больш як у адзін мільён рублёў. Праблема ўзьнікла ў печах для спальваньня адходаў. Там ёсьць спэцыяльная футроўка з цэглы, якая павінна вытрымліваць высокія тэмпэратуры. Але цэгла, якую закупілі — расейскай вытворчасьці — аказалася няякаснай і не вытрымала патрэбных умоў. У выніку адбылося разбурэньне. Андрэя хацелі зрабіць вінаватым і павесіць на яго гэты велізарны доўг. Генэральны дырэктар нібыта сказаў, што ён будзе выплачваць яго ўсё жыцьцё. Раней закуплялі імпартную цэглу, але цяпер, верагодна з прычыны санкцый, узялі расейскую. Пасьля той плянёркі яшчэ адзін кіраўнік цэха трапіў у бальніцу з інфарктам паводле нашых крыніцаў.

— Які прыблізны заробак у намесьніка начальніка цэха? Ці рэальна было б выплаціць такую суму?

— Прыкладна каля тысячы долараў у месяц у эквіваленце. Відавочна, што выплаціць мільён рублёў за жыцьцё практычна немагчыма.

— Ці зьяўляецца практыка ўскладаньня вялікіх даўгоў на работнікаў распаўсюджанай?

— Такія выпадкі былі, але звычайна завод сам пакрываў страты. Максымум — маглі пазбавіць прэміі. Але не гаворка пра мільёны. Пры гэтым бывала, што кіраўніцтва закупляла дарагое абсталяваньне, якое не падыходзіла, і ніхто за гэта не нёс адказнасьці.

— Якія шанцы на належнае расьсьледаваньне гэтай трагедыі?

— На жаль, у сёньняшняй Беларусі гэта амаль немагчыма. Падобныя выпадкі ўжо былі, у тым ліку на Гомельскім хімічным заводзе, і ніхто не быў прыцягнуты да адказнасьці.

— Якая цяпер агулам сытуацыя на «Гродна Азот»?

— Пасьля 2020 года шмат людзей звольнілі або яны з’ехалі. Цяпер на заводзе сотні вакансій. Узмацніўся кантроль: працуюць былыя супрацоўнікі КДБ, забаронена праносіць мабільныя тэлефоны. Атмасфэра больш нагадвае калёнію, чым прадпрыемства... Завод вырабляе сыравіну, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку для бронекамізэлек, якія выкарыстоўваюцца рсейцамі ў вайне супраць Украіны. Попыт на такую прадукцыю вырас.

— Цяпер у Беларусі дзейнічаюць толькі праўладныя прафсаюзы ў структуры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Якія вынік адсутнасьці незалежных прафсаюзаў?

— Незалежны прафсаюз на прадпрыемстве быў зьнішчаны, яго лідэр знаходзіцца ў калёніі. Калі б існавала месца, дзе работнік мог бы атрымаць абарону, магчыма, трагедыі ўдалося б пазьбегнуць. Праўладныя прафсаюзы займаюцца толькі сацыяльнымі бонусамі і не абараняюць людзей.

— Наколькі зношанае абсталяваньне на заводзе?

— Яно паступова зношваецца. Грошы на мадэрнізацыю выдзяляюцца недастаткова. Прыярытэт — прыбытак, а не бясьпека.

  • Юрый Рававы працаваў на «Гродна Азот» з 2013 да 2020 года. У 2020 годзе стаў старшынёй стачкаму. Пасьля пагрозаў затрыманьня быў вымушаны зьехаць у Польшчу.
  • «Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. У кастрычніку 2021 году «Рабочы рух» першым у Беларусі быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». У 2023 годзе Гомельскі суд вынес жорсткія прысуды 10 фігурантам справы «Рабочага руху».

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.