Улады Беларусі прапагандуюць працу падчас летніх вакацыяў для маладых людзей, у тым ліку для непаўналетніх. Сёлета ў Беларусі хочуць працаўладкаваць 150 тысяч маладых людзей. Гэта значна больш, чым раней. Летась, напрыклад, працаўладкавалі 60 тысяч.
«Моладзі прапануецца праца ў азеляненьні і добраўпарадкаваньні тэрыторыяў навучальных установаў і ўстановаў сацыяльнай сфэры, у рамонце вучэбнай мэблі, рэстаўрацыі кніжнага фонду бібліятэк, вырабе швейнай і сувэнірнай прадукцыі, а таксама іншыя агульнадаступныя віды працаў», — расказвае начальнік галоўнага ўпраўленьня палітыкі занятасьці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Максім Фларынскі.
Глядзім, якія ёсьць вакансіі і колькі сёлета будуць плаціць за такую працу.
«Часовая занятасьць моладзі»
У агульнарэспубліканскай базе вакансіяў ёсьць асобны разьдзел «часовая занятасьць моладзі», у ім на 4 траўня было 20 181 вакансія. Зь іх 10 699 — для непаўналетніх.
Маладым беларусам прапануюць працаваць падсобным рабочым, прыбіральнікам тэрыторыі, паляводам, апрацоўнікам каўбасных вырабаў, укладчыкам-упакоўшчыкам. Напрыклад, апрацоўніку каўбасных вырабаў на агракамбінаце «Колас» у Стаўпецкім раёне абяцаюць да 1400 рублёў. Гэта адзін з найвышэйшых заробкаў для моладзі, які знаходзім. Тут гатовыя ўзяць на працу да 6 непаўналетніх. Паляводу ў гаспадарцы «Добрыца» Салігорскага раёну абяцаюць 858 рублёў. Гэта вакансія таксама дасяжная для непаўналетніх.
Школьнікі на ганаровай варце ля помніка Перамогі ў Менску. Архіўнае фота
У дзіцячы садок у Стоўпцах шукаюць прыбіральніка памяшканьняў таксама на 858 рублёў. Гатовыя ўзяць чалавека на ўсё лета, вольныя 2 месцы. Вакансіі актуальныя ў тым ліку для непаўналетніх.
Такі заробак самы распаўсюджаны ў вакансіях для моладзі. Больш плацяць зрэдку. Гэта ў 3,5 раза менш, чым сярэднямесячная аплата працы ў Беларусі за сакавік гэтага году.
Трактарысту Рагачоўскага прадпрыемства мэліярацыйных сыстэмаў прапануюць 858 рублёў, вакансіяў для непаўналетніх тут няма. Столькі ж прапануюць пакаёўцы ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўляльным прадпрыемстве «Надзея» у Вялейскім раёне. Гатовыя ўзяць 5 непаўналетніх.
Часам для такіх вакансіяў заробак наагул не ўказваюць, проста пішуць «зьдзельная аплата». Напрыклад, у вакансіі падсобнага рабочага ў гаспадарку «Шлях Ільіча» заробак не ўказаны. Тут гатовыя ўзяць на працу дваіх непаўналетніх.
Што кажа закон
У Беларусі працоўныя адносіны рэгулююцца працоўным кодэксам і законам «Аб ахове працы», калі ідзецца пра непаўналетніх, то таксама законам «Аб правах дзіцяці».
Згодна з гэтымі законамі, працаваць у Беларусі падлетак можа з 16 гадоў. Калі ёсьць пісьмовая згода аднаго з бацькоў — то з 14 гадоў, пры ўмове, што гэта лёгкія працы.
Дзеці з патрыятычнага клюбу вітаюць міністра ўнутраных справаў Беларусі Івана Кубракова
Непаўналетнія ў Беларусі ня могуць працаваць на цяжкіх працах, на працах з шкоднымі і небясьпечнымі ўмовамі, на горных і падземных працах.
Таксама паводле закону праца ня мусіць шкодзіць здароўю і разьвіцьцю падлетка і перашкаджаць вучобе.
Для падлеткаў вызначаецца скарочаны працоўны час. Для ўзросту 14–16 гадоў — ня больш за 23 гадзіны на тыдзень, для ўзросту 16–18 гадоў — ня больш за 35 гадзін на тыдзень. Дарослы чалавек звычайна працуе 40 гадзін на тыдзень.
«На гэтыя працы больш ніхто ня хоча ісьці»
Працы, якія дзяржава прапануе падлеткам і моладзі, не дадуць ім досьведу, які б дапамог зарыентавацца ў будучай прафэсіі. Пра гэта ў размове з Свабодай кажа прадстаўніца Абя’днанага пераходнага кабінэту ў справах эканомікі Аліса Рыжычэнка.
Аліса Рыжычэнка
«Пытаньне ў тым, наколькі бясьпечная гэтая праца для дзіцяці, наколькі яна дапаможа яму вызначыцца з прафарыентацыяй, і ўвогуле — што прапануюць дзецям, у якой працы ім прапануюць удзельнічаць. На сёньня прапануюць падобныя месцы — азеляненьне вуліц, паляводзтва, прыбіраньне. Гэта робіцца, каб закрыць кадравыя патрэбы ў тых спэцыяльнасцях, куды не ідуць дарослыя людзі. Калі падлетак пойдзе працаваць, напрыклад, займацца палявымі работамі або азеляненьнем тэрыторыі, то відавочна ён ня вызначыцца з будучай прафэсіяй; максымум, з чым падлетак можа вызначыцца, — што такая праца яму не падыходзіць», — кажа суразмоўца.
Пры гэтым працу на вакацыях эканамістка называе нармальнай практыкай, яна ёсьць па ўсёй Эўропе. Проста там прапануюць іншыя вакансіі.
«У мяне ёсьць канкрэтны досьвед: майму дзіцяці 13 гадоў, і налета ў яго абавязковая працоўная практыка пры школе, у межах школьнай праграмы. Ёсьць сьпіс арганізацыяў, куды дзеці могуць пайсьці. Найгоршы варыянт — гэта ў краму, займацца выкладкай тавараў, але ёсьць і такія магчымасьці, як пайсьці дапамагаць фармацэўту ў аптэку, працаваць у бюро, у офісе і гэтак далей», — пералічвае суразмоўца, якая жыве ў адной з краін Эўразьвязу.
Галоўны сэнс працы ў межах школьнай раграмы і працы на вакацыях — вызначыцца з будучай прафэсіяй, падкрэсьлівае эканамістка.
Як палявыя работы для падлеткаў прывялі да трагедыі
Амаль 10 гадоў таму падчас выбіраньня бульбы на палетках калгасу «Ўсход-агра» здарылася трагедыя, загінула вучаніца 8 клясы Вікторыя Папчэня. На яе наехаў грузавік. На поле 13-гадовая дзяўчынка трапіла па распараджэньні чыноўнікаў. Суды ў гэтай справе ішлі каля паўгода. Кіраўніка калгасу «Ўсход-агра» пасьля здарэньня зь Вікторыяй Папчэняй звольнілі. Кіроўцу, які наехаў на школьніцу, асудзілі на тры гады «хіміі».
Судовы працэс па справе аб гібелі на ўборцы бульбы 13-гадовай вучаніцы 11 школы Маладзечна Вікторыі Папчэні. На фота - Абвінавачаныя настаўніцы Вольга Завадзкая і Ірына Апанасевіч
Дырэктару школы далі вымову, завучаў панізілі да настаўнікаў, а дзьвюх настаўніц, якія суправаджалі дзяцей «на бульбе», асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі». Таксама яны атрымалі штраф па 100 базавых велічыняў (каля 2 тысяч эўра), ім было забаронена два гады займаць пасады, зьвязаныя зь бясьпекай дзяцей. Тагачасная кіраўніца ўпраўленьня адукацыі Маладачанскага раёну Іна Драпеза атрымала вымову. Яна яшчэ доўга кіравала адукацыяй у раёне, а пасьля пайшла на павышэньне — узначаліла арганізацыйна-кадравы аддзел райвыканкаму.
Пасьля гэтага некалькі гадоў аб працы школьнікаў у полі не было гаворкі. І чыноўнікі не рэклямавалі такія працы. Але ў кастрычніку 2022 году працу школьнікаў у сельскіх гаспадарках згадаў Лукашэнка. І загадаў змабілізаваць на збор ураджаю ўсіх, у тым ліку школьнікаў. Бо лічыць, што праца падлеткаў на палях — гэта станоўчы досьвед, які «парадуе» бацькоў, а для дзяцей стане і «добрай фізычнай падрыхтоўкай». Дзеці зноў пачалі ўдзельнічаць у палявых працах. Напрыклад, летась у кастрычніку яны прыбіралі ўраджай у Магілёўскай вобласьці. А летась у чэрвені дапамагалі хлебаробам зьбіраць ураджай.