Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трактарысты і падатковыя інспэктары. Каго зараз шукаюць на працу ў Менску


Цэнтар занятасьці ў Менску, архіўнае фота
Цэнтар занятасьці ў Менску, архіўнае фота

У сьпіс непапулярных спэцыяльнасьцяў, паводле менскіх уладаў, трапяць дызайнэры і карэспандэнты. Толькі ў сталіцы трэба 1500 кіроўцаў і 1850 сьлесараў. Паглядзелі, якія спэцыяльнасьці насамрэч самыя запатрабаваныя і што абяцаюць працадаўцы.

Менскія ўлады прэзэнтавалі штогадовы «баромэтар магчымасьцяў працаўладкаваньня» на гэты год. Камітэт працы і сацыяльнай абароны апублікаваў сьпісы найбольш і найменш запатрабаваных сёлета спэцыяльнасьцяў паводле сваіх разьлікаў і прагнозу.

У ліку найбольш запатрабаваных рабочых спэцыяльнасьцяў, паводле прагнозу сталічных уладаў, будуць:

  • Кіроўца
  • Муляр
  • Маляр, тынкар
  • Мантажнік сантэхнічных сыстэмаў і абсталяваньня
  • Мантажнік будаўнічых канструкцыяў

У пераліку таксама прадавец, токар, трактарыст і сантэхнік. Агулам 18 прафэсіяў.

Сярод службоўцаў, паводле ацэнкі гарадзкіх уладаў, самыя запатрабаваныя прафэсіі:

  • Бухгальтар
  • Выхавальнік
  • Лекар-спэцыяліст
  • Падатковы інспэктар
  • Інжынэр-канструктар

Сярод 22 пералічаных спэцыяльнасьцяў таксама перакладнік, настаўнік, юрыст, эканаміст.

У катэгорыі зь нізкай імавернасьцю знайсьці працу такія прафэсіі, як візажыст, вязальніца, кравец, каваль і мэхатронік. Сярод падобных спэцыяльнасьцяў у гэты пералік трапілі прафэсіі дызайнэра, зубнога тэхніка, мадэльера-канструктара, карэспандэнта, рыэлтара.

Кіроўцу 1400 рублёў, сантэхніку — 900

У агульнарэспубліканскім банку вакансіяў каля 70% займаюць рабочыя спэцыяльнасьці. Адных кіроўцаў па ўсёй Беларусі трэба 10400 чалавек. У сталіцы такіх вакансіяў 1500. Глядзім, што прапануюць.

Напрыклад, шукаюць кіроўцу аўтамабіля ў «Мэдычны цэнтар МТЗ», гэта філія Менскага трактарнага заводу, прапануюць ад 1300 да 1400 рублёў. Гэта ў 2,5 раза менш, чым сярэдні заробак у сталіцы ў леташнім лістападзе.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ёсьць шчадрэйшыя прапановы: кіроўцу аўтамабіля ў Нацыянальным банку абяцаюць 2359 рублёў 69 капеек на месяц. Гэта на 1201 рубель менш за сярэдні менскі заробак. Сярод усіх вакансіяў для кіроўцаў у банку вакансіяў у Менску толькі 4,7% зь сярэднім ці вышэйшым за сярэдні сталічным заробкам.

Муляраў трэба 2249 па ўсёй краіне, зь іх 1255 у сталіцы. Заробак, вышэйшы за сярэдні, у Менску такому спэцыялісту прапаноўваюць толькі ў адной вакансіі — гэта прыватная кампанія ў Фрунзэнскім раёне сталіцы.

Гатовыя плаціць ад 4500 рублёў. А ў большасьці вакансіяў гэтай спэцыяльнасьці прапануюць заробак у межах 1500–2500 рублёў.

Сантэхнікаў па ўсёй Беларусі трэба 1299 чалавек, зь іх у Менску — 293. Напрыклад, футбольны клюб «Менск» гатовы плаціць такому супрацоўніку за стаўку толькі 900 рублёў.

А прапанова з заробкам, вышэйшым за сярэдні, у сталіцы толькі адна — у гарадзкой аварыйнай службе.

Хапае вакансіяў і для службоўцаў. Напрыклад, бухгальтараў па ўсёй Беларусі трэба 1820, зь іх 432 у сталіцы. Галоўнаму бухгальтару ў раённай управе працы, занятасьці і сацыяльнай абароны прапануюць да 2300 рублёў.

Вакансіяў з заробкам, вышэйшым за сярэдні, у сталіцы для бухгальтараў толькі 13, ці 3%. Найвышэйшы заробак прапануюць на пасадзе галоўнага бухгальтара ў структурнай адзінцы «Белаўтадар» — 6458 рублёў.

Ува ўсёй Беларусі ёсьць 689 вакансіяў для выхавальнікаў, у Менску іх 163. Заробкі ў асноўным па 1200–1500 рублёў. А вакансіяў з заробкам, вышэйшым за сярэдні, у сталіцы для такіх спэцыялістаў проста няма.

Непапулярных, паводле сталічных уладаў, дызайнэраў у Беларусі трэба 61 спэцыяліст, 26 вакансіяў у Менску. Пры гэтым заробак, вышэйшы за сярэдні, у сталіцы не прапануе ніхто.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Карэспандэнтаў, якія, паводле менскіх уладаў, таксама ня ў топе, ува ўсёй краіне трэба 70, у Менску — 31. Пераважна гэта ўсё дзяржаўныя выданьні. Загадчыку карэспандэнцкага бюро Белтэлерадыёкампаніі, напрыклад, прапануюць да 1750 рублёў.

Вакансіяў з заробкам, вышэйшым за сярэдні, для карэспандэнтаў у сталіцы няма, як няма такіх заробкаў у краіне агулам.

«Няма высокатэхналягічных кадраў, нізкія заробкі»

Паводле прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях Алісы Рыжычэнкі, вялікая колькасьць вакансіяў для рабочых спэцыяльнасьцяў характэрная і для іншых краін. Аднак эканамістка зьвяртае ўвагу, што пры гэтым у Беларусі няма вакансіяў для высокатэхналягічных кадраў, бо такіх месцаў проста няма.

«Якасныя працоўныя месцы не ствараюцца, і гэта сьведчыць, што эфэктыўнасьць эканомікі, яе тэхналягічнае насычэньне на вельмі нізкім узроўні. І вялікая колькасьць рабочых спэцыяльнасьцяў і нізкааплатных прафэсіяў, у якіх існуе дэфіцыт кадраў, сьведчыць пра вельмі нізкі ўзровень заробкаў у гэтых сфэрах, бо галоўны крытэр, які ўтрымлівае чалавека на працоўным месцы, — гэта якраз ня ўмовы працы, а заробак. Калі заробак вельмі нізкі, натуральна, людзі сыходзяць або ўвогуле не ідуць на гэтыя месцы, незалежна ад таго, ёсьць у іх праца ці няма», — кажа эканамістка.

Аліса Рыжычэнка
Аліса Рыжычэнка

Ужо некалькі гадоў улады Беларусі змагаюцца з дэфіцытам кадраў у эканоміцы. Летась у лютым у банку вакансіяў было 189 982 пазыцыі. Цяпер іх 161930, менш на 14,7%. Аднак, паводле Алісы Рыжычэнкі, гэта ня ўказвае на зьмяншэньне праблемы кадравага дэфіцыту.

«Гэта якраз не азначае, што ўладам удалося разьвязаць праблему дэфіцыту кадраў — тут хутчэй наадварот, назіраецца нэгатыўная тэндэнцыя: эканоміка скарачаецца, аб’ёмы вытворчасьці зьмяншаюцца, і няма патрэбы наймаць такую вялікую колькасьць людзей. Больш за тое, многія прадпрыемствы скарачаюць колькасьць працоўных месцаў, звальняюць работнікаў, бо сёньня беларуская эканоміка вельмі моцна падзялілася: ёсьць прадпрыемствы, якія працуюць на расейскі вайскова-прамысловы комплекс, на расейскі рынак, а ёсьць тыя, што так і не змаглі пераарыентавацца ці знайсьці рынкі збыту для сваёй прадукцыі», — кажа суразмоўца.

Таксама эканамістка зьвяртае ўвагу на невысокія заробкі ў многіх вакансіях, нягледзячы на нібыта прыстойны сярэдні заробак у статыстыцы.

«Вялікія пытаньні паўстаюць да мэтодыкі разьліку сярэдняга заробку, бо гэта як сярэдняя тэмпэратура ў лякарні: ёсьць кіраўнікі, якія атрымліваюць высокія заробкі, ёсьць чыноўнікі з высокімі заробкамі — і ў выніку атрымліваецца, што ў Беларусі грамадзтва падзелена. Адна частка насельніцтва атрымлівае вельмі нізкія заробкі, і фактычна, паводле афіцыйнай статыстыкі, гэта пацьвярджаецца: траціна мае ня больш за тысячу рублёў у месяц у рэальных рэсурсах, а другая частка мае значна вышэйшыя даходы», — тлумачыць суразмоўца.

Такая тэндэнцыя, паводле эканамісткі, вядзе да росту сацыяльнай напружанасьці, а таксама сьведчыць пра «вымываньне» так званай «сярэдняй клясы», то бок людзей зь сярэднімі даходамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG