Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнікаў менш, вучняў больш, мінус 192 школы за шэсьць гадоў. Што адбываецца ў беларускай адукацыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Агулам у Беларусі не стае 426 настаўнікаў. Найбольш бракуе настаўнікаў-прадметнікаў. Што кажа сьвежая статыстыка адукацыі і чаму настаўнікаў становіцца менш, а вучняў больш.

Белстат апублікаваў сьвежую статыстыку колькасьці дзіцячых садкоў, школаў, ВНУ, а таксама колькасьці вучняў і пэдагогаў. Згодна з новымі лічбамі, дзіцячых садкоў з 2020 году стала менш на 146, школаў — на 192, ВНУ стала на тры менш.

Вучняў школаў пры гэтым пабольшала на 41 700 чалавек, а вось школьных настаўнікаў наадварот — паменела на 13 258 чалавек. Калі раней на аднаго настаўніка прыпадала 9 вучняў, то цяпер 11. Пры дакладным падліку да дзясятых доляў нагрузка на настаўнікаў вырасла на 18%.

Студэнтаў ВНУ за 6 гадоў стала менш на 19,8 тысячы. Колькасьць выкладчыкаў ВНУ таксама скарацілася. Аднак нагрузка на выкладчыкаў вырасла на 5,7%, калі лічыць, колькі студэнтаў прыпадае на аднаго выкладчыка.

Пра недахоп настаўнікаў кажа і статыстыка рынку працы. Цяпер шукаюць 426 спэцыялістаў, як вынікае з агульнарэспубліканскага банку вакансіяў.

У асноўным гэта настаўнікі-прадметнікі. Найчасьцей патрэбныя выкладчыкі матэматыкі і фізыкі. Два гады таму сытуацыя была падобнай, тады бракавала 467 настаўнікаў.

Што кажуць пэдагогі і бацькі вучняў

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь некалькімі бацькамі школьнікаў у Беларусі. Некаторыя кажуць пра дэфіцыт добрых настаўнікаў, часам дзеля іх ідуць нават на замену школы.

Таксама часта здараюцца сытуацыі, калі ў школе падоўгу шукаюць і ня могуць знайсьці нейкага настаўніка-прадметніка.

Ілюстарцыйнае фота
Ілюстарцыйнае фота

Былы пэдагог на ўмовах ананімнасьці расказаў гісторыю зь невялікага раённага цэнтру, дзе настаўніца ўжо на пэнсіі, але працуе адразу ў дзьвюх школах: больш няма каму. У іншай школе вакансіі некаторых прадметнікаў закрываюць з дапамогай студэнтаў.

Праблемы з настаўнікамі маюць ня ўсе школах, некалькі суразмоўцаў-бацькоў, у якіх дзеці ходзяць у розныя школы сталіцы, апавялі, што праблемаў з кадрамі там няма. Усіх настаўнікаў хапае.

Рызыкоўная прафэсія

Паводле экспэрта ў адукацыі, навуцы і інавацыях Андрэя Лаўрухіна, праблема зь недахопам настаўнікаў ёсьць і ў ЭЗ, асабліва ў фізыцы і матэматыцы. Аднак у Беларусі сытуацыя абцяжарваецца нізкімі заробкамі і ціскам уладаў.

«Прафэсія настаўніка стала вельмі рызыкоўнай, бо палітычны нагляд, ціск і стукацтва сталі звычайнай справай. У 2025 годзе для настаўнікаў увялі псыхалягічны тэст на ляяльнасьць. Закрываюцца прыватныя ўстановы, узрос ціск адміністрацыі. Гэта робіць працу вельмі некамфортнай. Ёсьць прыклады, калі супраць настаўнікаў заводзяць у тым ліку крымінальныя справы. Праца ў сыстэме адукацыі становіцца проста небясьпечнай», — заўважае экспэрт.

Гэтыя фактары правакуюць адток настаўнікаў: яны сыходзяць самі, іх звальняюць праз палітычныя чыньнікі, працягвае экспэрт.

Андрэй Лаўрухін
Андрэй Лаўрухін

«Яшчэ ёсьць факт нэгатыўнай сэлекцыі: у школу прыходзяць працаваць ня лепшыя, а тыя, каго можна туды зацягнуць. Яны паніжаюць планку ў прафэсіі. Усё ж праца настаўніка — гэта пакліканьне, ня толькі прафэсія. А асяродзьдзе і праца цяпер больш адштурхоўвае, чым прыцягвае. Адбываецца палітызацыя школы, калі многія праблемы высмоктваюць з пальца. Перастрахоўваецца адміністрацыя, праз што настаўніка могуць прызнаць неляяльным бяз дай прычыны», — даводзіць Лаўрухін.

Пры гэтым экспэрт не прагназуе больш праблемнага дэфіцыту настаўнікаў, чым ён ёсьць цяпер. Улады закрываюць вакансіі з дапамогай мэтавага накіраваньня: чалавек паступае ў ВНУ з накіраваньнем мясцовых уладаў і мусіць адпрацаваць пасьля ВНУ па разьмеркаваньні 5 гадоў.

«Улады павышаюць колькасьць мэтавікаў, іх пасьля адпраўляюць на працу на 5 гадоў, як рэкрутаў. Гэты мэханізм працуе, каб закрыць статыстычныя праблемы і правалы. Аднак гэта не скасоўвае правалу ў якасьці. Калі людзей заганяюць выкладаць прымусова, то гэта ня будзе мець добрага плёну», — кажа суразмоўца.

Што ў настаўнікаў з заробкамі

Сярэдні заробак у адукацыі ў леташнім лістападзе склаў 1888 рублёў 9 капеек. Сярод усіх галін, пералічаных у статыстыцы, ён найніжэйшы: у 1,4 раза ніжэйшы за сярэдні ў краіне. Напрыклад, у сфэры будаўніцтва сярэдні заробак вышэйшы ў 1,85 раза.

У рэальнасьці заробкі могуць быць яшчэ меншыя. Напрыклад, у слуцкай школе настаўніку фізыкі гатовыя плаціць да 1200 рублёў.

У Віцебску ў школу шукаюць настаўніка працы, прапануючы да 1600 рублёў на стаўку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG