Бесьпілётнікі, як мяркуецца, пашкодзілі нафтаперапрацоўчы завод у Кірышах у Ленінградзкай вобласьці Расеі. Мясцовы губэрнатар Аляксандр Дразьдзенка заявіў пра пажар у прамысловай зоне Кірышаў. Там знаходзіцца адзін з найбуйнейшых НПЗ Расеі, які раней ужо пацярпеў ад украінскіх удараў, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Пра пажары на нафтаперапрацоўчым заводзе «Киришинефтеоргсинтез» у Ленінградзкай вобласьці пасьля начной атакі паведаміла выданьне ASTRA.
У ноч на 5 траўня жыхары расейскага рэгіёну Чувашыі таксама паведамілі пра выбухі. ASTRA прааналізавала відэазапісы відавочцаў з месца здарэньня і зрабіла выснову, што быў атакаваны завод «ВНИИР-Прогресс» у Чэбаксарах.
Гэтае прадпрыемства вырабляе антэны Comet, якія выкарыстоўваюцца, у прыватнасьці, ва ўдарных БПЛА Shahed, уніфікаваных модулях плянэраваньня і карэкцыі для кіраваных авіяцыйных бомбаў (КАБ).
Агулам у ноч на 5 траўня прынамсі ў 18 рэгіёнах Расеі была ракетная трывога, у 18 аэрапортах былі ўведзеныя абмежаваньні на палёты. У Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе Расеі ракетную трывогу ўпершыню аб’явілі ў ноч на 5 траўня. Гэты рэгіён разьмешчаны за 2000 кілямэтраў ад украінскай мяжы.
Міністэрства абароны Расеі пакуль не дае зьвестак аб атаках. Украінскі бок не камэнтуе паведамленьняў пра гэтыя атакі на Расею.
Расея атакавала Ўкраіну, ёсьць ахвяры
Расейскія войскі ўначы атакавалі Палтаўскую вобласьць ракетамі і ўдарнымі бесьпілётнікамі, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Дзякіўніч.
Палтаўская вобласьць абвясьціла 5 і 6 траўня жалобу ў сувязі з гібельлю людзей у выніку расейскага ўдару, паведаміў Дзякіўніч.
У выніку расейскага нападу загінулі пяць чалавек — трое супрацоўнікаў нафтагазавай кампаніі і двое ратаўнікоў. Колькасьць параненых таксама павялічылася да 37 чалавек.
Раней міністар унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка паведаміў пра гібель двух ратаўнікоў у выніку паўторнай атакі Расеі на газаздабыўны аб’ект у Палтаўскай вобласьці. Яшчэ 23 ратаўнікі атрымалі раненьні.
«Нафтагаз Украіны» паведаміў пра гібель трох сваіх супрацоўнікаў у Палтаўскай вобласьці.
Таксама расейскія войскі атакавалі Харкаў: ёсьць пашкоджаньні, людзі не пацярпелі, паведаміў мэр гораду Ігар Церахаў.
У Запарожжы праз расейскую атаку ў нежылым будынку ўзьнік пажар, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Іван Фёдараў. Ён адзначыў, што ў выніку нападу пацярпела жанчына, ёй аказваюць дапамогу.
Расея амаль штодня атакуе Ўкраіну ракетамі, у выніку чаго разбураюцца цывільныя аб’екты, гінуць мірныя людзі. У ноч на 4 траўня ў шасьці прыфрантавых раёнах Украіны ад расейскай атакі загінулі чатыры чалавекі, больш за 60 атрымалі раненьні, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна заявіла пра рэжым цішыні ў ноч на 6 траўня і паабяцала дзейнічаць «люстэркава» ў выпадку новых расейскіх атакУ Маскве рыхтуюцца да параду
Міністэрства абароны Расеі 4 траўня паведаміла, што Ўладзімір Пуцін аб’явіў перамір’е на 8 і 9 траўня, і выказала спадзеў, што Ўкраіна таксама спыніць агонь на гэты час. Вечарам 4 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі напісаў, што Ўкраіна не атрымлівала афіцыйнай заявы пра перамір’е, але абвяшчае рэжым цішыні, пачынаючы з 00:00 у ноч з 5 на 6 траўня.
У Маскве рыхтуюцца да параду ў Дзень Перамогі 9 траўня. У Міністэрстве абароны Расеі раней паведамілі, што калёны вайсковай тэхнікі ў сувязі з апэратыўнай абстаноўкай сёлета ня будуць удзельнічаць у вайсковым парадзе.
Чакецца, што праз актыўнасьць украінскіх бесьпілётных сілаў вайсковы парад на Краснай плошчы ў Маскве значна скароцяць або і зусім скасуюць.
Уладзімір Пуцін раней зьвярнуўся да Дональда Трампа з прапановай аб спыненьні агню на Дзень Перамогі, да ўкраінскіх уладаў ён з такой прапановай не зьвяртаўся.
Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі 12 красавіка паведаміла, што ён пацьвердзіў свой удзел у вайсковым парадзе ў Маскве 9 траўня, гэта ён абмяркоўваў у размове з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Удары па нафтаперапрацоўчых заводах вярнулі аб’ёмы перапрацоўкі нафты ў Расеі да ўзроўню 2009 года — ISWВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.