Украінскія вайскоўцы два дні запар атакуюць гэтыя расейскія аб'екты.
У Вайскова-марскіх сілах (ВМС) Украіны паведамілі аб пацэльваньні ў ноч на 30 красавіка сама меней у два патрульныя катэры берагавой аховы Памежнай службы Расеі, якія выкарыстоўвалі для аховы Керчанскага мосту і барацьбы з дывэрсантамі.
«У выніку ўдару пацэлілі ў патрульны ахоўны катэры ФСБ РФ „Соболь“ і ў супрацьдывэрсійны катэр „Грачонок“. [...] праціўнік панёс непапраўныя і санітарныя страты», — адзначаецца ў паведамленьні ВМС Украіны.
Сёлета ў сярэдзіне красавіка ў Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведамілі аб пацэльваньні адразу па трох вайсковых расейскіх караблях у Чорным моры. Тады пацярпелі, у тым ліку, два вялікія дэсантныя караблі — «Ямал» і «Азов».
У Пермі гарыць адзін з ключавых вузлоў перапрацоўкі нафты
У Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) заявілі аб чарговым пацэльваньні ў інфраструктуру аднаго з найбольшых нафтаперапрацоўчых заводаў у Расеі — «Лукойл-Пермнафтооргсинтез», што на адлегласьці больш за 1500 кілямэтраў ад Украіны.
Першы ўдар нанесьлі ў ноч на 29 красавіка.
Папярэдне, на НПЗ пацярпела ўстаноўка АВТ-4 — ключавы вузел першаснай перапрацоўкі нафты. У выніку ўдару загарэліся вакуўмная і атмасфэрная рэктыфікацыйныя калёны. Гэта азначае, што ўстаноўку фактычна вывелі з ладу.
Апроч таго, таксама другі дзень запар, пацэлілі ў вытворча-дыспэтчарскую станцыю «Перм», якая забясьпечвае транспартаваньне нафты на НПЗ «Лукойл-Пермнафтооргсинтез». Там таксама новыя пажары.