Расея ўдарыла па гістарычным цэнтры Адэсы: шмат пацярпелых, пашкоджаныя дзіцячы садок і гатэль

Наступствы расейскага ўдару па Адэсе 30 красавіка 2026 году
Наступствы расейскага ўдару па Адэсе 30 красавіка 2026 году

Расейскія войскі працягваюць штодзённыя ўдары па Адэсе і Адэскай вобласьці. У ноч на 30 красавіка раненьні атрымалі 20 чалавек, у тым ліку 17-гадовы юнак, у ліквідацыі наступстваў расейскай атакі бяруць удзел больш за 280 працаўнікоў экстраных і камунальных службаў, 68 адзінак тэхнікі.

Паводле мясцовых уладаў, два чалавекі знаходзяцца ў рэанімацыі, яшчэ аднаго шпіталізавалі ў траўматалягічнае аддзяленьне, іншыя пацярпелыя атрымалі мэдычную дапамогу на месцы.

Расейскія войскі атакавалі жылыя кварталы і цывільныя аб’екты. Найбольш пацярпеў Прыморскі раён — гэта гістарычны цэнтар і асноўная курортная зона Адэсы.

У выніку ўдару пашкоджаньні атрымалі шматпавярховік і пяціпавярховы жылы дом, прыватныя будынкі, сацыяльныя і камэрцыйныя аб’екты — дзіцячы садок, гандлёвы цэнтар, гатэль і адміністрацыйныя памяшканьні. На некалькі аўтастаянках зьнішчылі або пашкодзілі дзясяткі аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў.

Расейская армія рэгулярна з розных відаў узбраеньня абстрэльвае ўкраінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі пераконвае, што не наносіць мэтанакіраваных удараў па цывільнай інфраструктуры і мірных жыхарах.

Украінская ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і заяўляюць, што Расея мэтанакіравана зьнішчае аб’екты крытычнай інфраструктуры і мірных жыхароў.


​
XS
SM
MD
LG