Старшыня БАЖ: «Пачобута вызвалілі, але яшчэ 22 журналісты застаюцца за кратамі»

Андрэй Бастунец, старшыня БАЖ

Прыярытэтам БАЖ застаецца дапамога журналістам, якія выйшлі з-за кратаў. Такіх ужо некалькі дзясяткаў, прызнае кіраўнік арганізацыі Андрэй Бастунец.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец у інтэрвію Свабодзе ацаніў сытуацыю ў Беларусі напярэдадні Ўсясьветнага дня свабоды прэсы, які адзначаецца 3 траўня.

Сытуацыя ў Беларусі надалей крытычная

Паводле ацэнак праваабаронцаў, на якія спасылаецца старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, сытуацыя з свабодай мэдыя ў Беларусі адна з найгоршых на эўрапейскім кантынэнце, а ва ўсясьветным індэксе свабоды прэсы, які складае арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», Беларусь займае 165-е месца з 180.

«У тым ліку паводле колькасьці зьняволеных журналістаў мы ўваходзім у панылую групу лідэраў. Хоць часам у Беларусі ўжо вызваляюць журналістаў — вось 28 красавіка быў вызвалены Анджэй Пачобут, і мы гэтаму вельмі радыя — але тым ня менш яшчэ 22 супрацоўнікі беларускіх мэдыя застаюцца за кратамі. Да заганаў сытуацыі ў Беларусі варта дадаць і выкарыстаньне супраць журналістаў „экстрэмісцкага“ заканадаўства. Плюс супраць іх таксама ўжываюць гэтак званае „спэцыяльнае вядзеньне“, калі заводзяць справу або нават завочна судзяць тых, хто зьехаў з краіны. Ведаем больш за дзесяць такіх выпадкаў. Гэта ўсё стварае вельмі сумную сытуацыю для журналістаў», — кажа Андрэй Бастунец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Індэксе свабоды прэсы Беларусь заняла 165-е месца паміж Емэнам і М’янмай

Старшыня БАЖ адзначыў, што на сайце арганізацыі ў сьпісе 22 рэпрэсаваных журналістаў два чалавекі без імёнаў і без фатаздымкаў. Паводле Андрэя Бастунца, гэта таксама паказьнік сытуацыі з свабодай прэсы ў краіне.

«На просьбу або сваякоў, або знаёмых гэтых журналістаў мы ня можам абнародаваць факты іх перасьледу, хоць дакладна ведаем, што перасьлед адбываецца. Хутчэй за ўсё, ужо пасьля судоў гэтыя прозьвішчы і фатаздымкі мы апублікуем, але сёньня — не. Пакуль такая пазыцыя сваякоў і знаёмых, на якую мы зважаем. Хоць, на маю думку, гэта неадназначнае пытаньне. Пры гэтым мы запэўніваем, што маем намер аказаць гэтым людзям дапамогу, якая ў нашых сілах», — сказаў Андрэй Бастунец.

Што робіць БАЖ

Старшыня БАЖ назваў захады ў некалькіх кірунках, якія прадпрымае арганізацыя для дапамогі незалежным мэдыя:

«Найперш гэта дапамога тым журналістам, якія знаходзяцца за кратамі, акцыі салідарнасьці зь імі, прыцягненьня да іх увагі міжнароднай супольнасьці. Ужо тры гады мы ладзім Маратон салідарнасьці са зьняволенымі беларускімі журналістамі. Акцыі ў іх падтрымку прайшлі ў 27 краінах сьвету, маратон падтрымалі Эўрапейская і Міжнародная фэдэрацыі журналістаў, „Рэпартэры бязь межаў“, нацыянальныя журналісцкія супольнасьці, іншыя нашыя калегі», — кажа Бастунец.

Прыярытэтам БАЖ застаецца дапамога журналістам, якія выйшлі з-за кратаў. Такіх ужо некалькі дзясяткаў, прызнае Бастунец.

«Таксама працягваем адвакацыю — заступніцтва за пацярпелых ад перасьледу журналістаў і наагул усяго мэдыйнага сэктару. Маніторым сытуацыю мэдыя ў Беларусі, вывучаем праблемы журналістаў, распаўсюджваем інфармацыю аб сытуацыі з прэсай. Літаральна днямі БАЖ прэзэнтаваў вынікі дасьледаваньня стану беларускага мэдыйнага сэктару ў замежжы праз апытаньне журналістаў аб іхных праблемах. На нашым сайце з гэтымі вынікамі можна азнаёміцца», — расказаў старшыня журналісцкай арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Азаронкаўшчына ў Беларусі не ўспрымаецца». На канфэрэнцыі абмеркавалі, як будаваць краіну без дыскрымінацыі і мовы варожасьці

Перасьлед свабоды слова ў Беларусі

У Беларусі БАЖ быў зарэгістраваны ў 1995 годзе і дзейнічаў як грамадзкая прафэсійная арганізацыя да 2021 году, калі ўлады яго закрылі. Але працягнуў працу ў выгнаньні. У 2022 годзе, ужо пасьля афіцыйнага закрыцьця, БАЖ атрымаў Усясьветную прэмію UNESCO імя Гільерма Кана за ўклад у свабоду прэсы. А ў 2023 гадзе ўлады Беларусі далі сваю ацэнку дзейнасьці арганізацыі — прызналі БАЖ «экстрэмісцкім фармаваньнем». Паводле Андрэя Бастунца, хоць магчымасьці арганізацыі ў замежжы звузіліся, але рашучасьць і працаздольнасьць застаюцца.

«Раней мы маглі наўпрост кантактаваць зь дзяржаўнымі ўстановамі, накіроўваць запыты і лісты, удзельнічаць у судовых працэсах над нашымі калегамі, дапамагаць ім з адвакатамі. Такіх магчымасьцяў ужо няма. Але спрабуем рабіць усё магчымае таксама і для праўнай абароны журналістаў, для маніторынгу, фіксацыі парушэньняў, адвакацыі, дапамогі журналістам наўпрост», — апавёў Бастунец.

Да Ўсясьветнага дня свабоды прэсы міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» традыцыйна публікуе даклад аб стане прэсы ў сьвеце. Паводле індэксу свабоды прэсы, апублікаванага ёю 30 красавіка, Беларусь займае 165-е месца сярод 180 краін сьвету, падняўшыся за год на адну прыступку.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец кажа, што ўжо ня першы год заклапочаны тым, каб Беларусь не абмінулі ўвагай у гэтым дакладзе.

«Папраўдзе самае значнае — тое, што ўсё ж такі ў гэтым шалёным-шалёным сьвеце пра Беларусь памятаюць. Спадзяюся, гэтак і будзе. Бо зразумела, што войны ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе адцягваюць увагу ад нашай краіны. Некаторым здаецца, што ў Беларусі нічога не адбываецца. Або калі адбываецца, то хіба толькі такая падзея, як вызваленьне вядомага журналіста. Хачу падкрэсьліць, што мы вельмі радыя вызваленьню нашых калегаў, як цяпер было з Анджэем Пачобутам, а раней з Кацярынай Андрэевай, Марынай Золатавай ды іншымі. Як гэтаксама мы вельмі радыя вызваленьню кожнага палітвязьня, ня кажучы ўжо пра знакавых асобаў — праваабаронцу Алеся Бяляцкага, кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку, кіраўніцу ягонага выбарчага штабу Марыю Калесьнікаву, адваката Максіма Знака.

Але я заўважыў, што ў тых нашых калегаў у Эўропе і сьвеце, якія ня вельмі дасьведчаныя ў беларускай тэме, складваецца ўражаньне, што ў Беларусі нібыта ўсё рухаецца ў добрым кірунку: палітвязьні выходзяць на волю, фактычна ўсё нармальна. Але ж гэта ня так. Журналісты працягваюць заставацца за кратамі, хоць ня мусяць быць там ані дня. Пра гэта нельга забываць, радуючыся вызваленьням, інакш будуць працягвацца новыя затрыманьні. Дарэчы, гэта ўжо і адбываецца», — сказаў Бастунец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Такі самы тэст для амэрыканцаў, як і са Статкевічам», — гіпотэза Фрыдмана, чаму ня вызвалілі Наважылава

Каго з журналістаў асудзілі нядаўна

Андрэй Бастунец назваў калегаў, якіх пакаралі зьняволеньнем нядаўна, калі іншых супрацоўнікаў мэдыя ўжо вызвалялі. Гэта былыя журналісты баранавіцкай газэты Intex-Press Уладзімер Янукевіч і Андрэй Пакаленка, якіх у лютым асудзілі на 14 і 12 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна; вядомы музыка Алег Хаменка, якога за супрацу з «Радыё Рацыя» сёлета асудзілі на 3 гады; былы журналіст БелаПАН Павал Дабравольскі, якога затрымалі летась у студзені, а ўжо ў лютым асудзілі на 9 гадоў няволі.

«Рэпрэсійная сыстэма насамрэч працягвае працаваць у зададзеным рытме, і гэтую тэндэнцыю трэба неяк зламаць», — падкрэсьлівае Андрэй Бастунец.

Як зазначыў Бастунец, здараюцца выпадкі, калі ўцекачы-журналісты спрабуюць вярнуцца на радзіму, у Беларусь, але там трапляюць за краты, што і адбылося з Паўлам Дабравольскім. Старшыня БАЖ заклікае калегаў сур’ёзна ўзважваць рызыкі.

«Мушу паўтарыць словы вядомага чэскага журналіста: „Людзі, будзьце пільнымі!“, папярэдзіць тых, хто цешыць сябе надзеяй на вяртаньне без праблемаў яшчэ да таго, як зьменіцца палітычны рэжым. Можа падасца, што дома пра вас ужо забылі, што, магчыма, праскочыце, але лепш не рызыкаваць. Не забывайма, што фактычна ўсе беларускія мэдыя, якія апынуліся за мяжой, у Беларусі прызнаныя „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ і што ў Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул аб пакараньні за супрацу з такім „фармаваньнем“. Разумею, што для вяртаньня сапраўды могуць быць грунтоўныя прычыны: сканчэньне тэрміну дакумэнтаў, хваробы сваякоў, нават сьмерць блізкіх людзей, з чым, на жаль, шмат хто з нас ужо сутыкаўся. Але тым, хто пры вяртаньні разьлічвае на паблажку з гэтай прычыны, трэба ведаць, што яшчэ ніхто яе не атрымаў. А калі чалавек апынецца за кратамі, ягоным сваякам ад гэтага будзе толькі горш», — кажа Бастунец.

Старшыня БАЖ прызнаўся, што 3 траўня не адчувае як сьвяточны дзень, для яго гэта дадатковая прычына нагадаць пра цяжкую сытуацыю з свабодай прэсы ў Беларусі.

«Пакуль за кратамі 22 нашыя калегі і яшчэ больш за 800 палітвязьняў, гэта ня дзень свабоды прэсы, а яшчэ адзін дзень салідарнасьці», — мяркуе Андрэй Бастунец.

  • Генэральная Асамблея ААН абвясьціла 3 траўня Ўсясьветным днём свабоды прэсы ў сьнежні 1993 году.
  • Гэты дзень служыць напамінам урадам аб іхных абавязаньнях запэўніваць свабоду прэсы, а працаўнікоў мэдыя падштурхоўвае да роздуму аб праблемах свабоды прэсы і прафэсійнай этыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз павітаў вызваленьне Пачобута і заклікаў адпусьціць іншых палітвязьняў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Amnesty International заявіла аб «новай эры» парушэньняў правоў чалавека ў сьвеце, у тым ліку ў Беларусі