«Ня ведаю ці адпавядае мая гіпотэза рэчаіснасьці. Можа, зь цягам часу і высьветліцца, што гэта мне падаецца. Я думаю, што гэта ўсё ўкладваецца ў лёгіку тэстаў з боку Лукашэнкі. Як гэта было напрыклад з вызваленьнем Міколы Статкевіча. Яны дакладна ведалі, што Мікола Статкевіч будзе адмаўляцца ад дэпартацыі, будзе супраціўляцца дэпартацыі. І яны ведалі і ўсё ж на гэта пайшлі, бо ім цікава было паглядзець, а як будуць рэагаваць амэрыканцы, якія будуць наступствы. Такога кшталту тэст. І і зараз мы бачым, што чалавека павінны былі вызваліць, але не вызвалілі».
Аляксандар Фрыдман перакананы, што ўлады цяпер уважліва сочаць за амэрыканскай рэакцыяй.
«Ці будуць амэрыканцы адсочваць гэтую сытуацыю, ці будуць яны зьвяртацца, ці будуць яны паказваць, што яны не незадаволены? Калі яны палічаць амэрыканскую рэакцыю мяккай, што, відаць, амэрыканцаў асабліва гэта і не цікавіць, то яны будуць такія крокі дазваляць сябе ў будучыні. Калі амэрыканскі бок прадэманструе, што не, калі вы будзеце парушаць пагадненьні, вас чакаюць сур’ёзныя наступствы, і мы ўвогуле можам пераглядзець супрацоўніцтва з вамі, тады такія выпадкі, напэўна, паўтарацца больш ня будуць».
- У выніку перамоваў Лукашэнкі і спэцыяльнага прадстаўніка ЗША Коўла 19 сакавіка з турмаў павінны былі датэрмінова вызваліць 250 палітвязьняў. Паводле інфармацыі Свабоды, родным некаторых фігурантаў «сьпісу 250» у адміністрацыях калёніяў паведамлялі, што людзей выпусьцяць пасьля Дня Волі 25 Сакавіка. У некалькіх выпадках сапраўды так і было. Аднак не ўва ўсіх.
- Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), на 31 сакавіка нічога не было вядома пра вызваленьне былога дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава. «Выглядае на тое, што журналіст застаецца ў калёніі», — паведамляе БАЖ.
- Паводле інфармацыі Свабоды, на вечар 1 красавіка, праз два тыдні пасьля сустрэчы Лукашэнкі з Коўлам, Дзьмітры Наважылаў па-ранейшаму ня быў вызвалены. Пры гэтым імя журналіста ёсьць у «сьпісе 250», які праваабаронцы апублікавалі 19 сакавіка.
Форум