Літва пасьля заявы Польшчы аб перазагрузцы стасункаў зь Менскам хоча абмеркаваць гэтае пытаньне з Варшавай

Дзяржаўны сьцяг Літвы. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўніца ўраду Літвы Інга Ругінене заявіла аб намеры абмеркаваць з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам магчымасьць аднаўленьня палітычнай супрацы зь Беларусьсю.

«Пакуль што, наколькі мне вядома, Польшча мае пэўныя кантакты зь Беларусьсю. І мы абменьваемся палітычнымі зьняволенымі, і нядаўна ў нас была вызвалена значная колькасьць палітвязьняў, таму сам гэты працэс ідзе гладка і пасьлядоўна. Гэта самае галоўнае. Цяпер я сапраўды ня маю інфармацыі пра пэўныя іншыя дзеяньні, але я спадзяюся сустрэцца з прэм’ер-міністрам у чэрвені і, відаць, будзе магчымасьць абмеркаваць гэта больш падрабязна», — заявіла Інга Ругінене журналістам, паведаміла выданьне LRT.

Паводле яе, Вільня можа аднавіць палітычную камунікацыю зь Менскам на найвышэйшым узроўні толькі пры выкананьні Беларусьсю раней вызначаных умоваў.

«Мы маем свой парадак дня, мы сапраўды дзейнічаем адпаведна нашым мэтам. Мы ўжо публічна заявілі, што ня бачым праблемы ў арганізацыі такой сустрэчы, калі будуць выкананы пэўныя ўмовы», — адзначыла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік спэцслужбы Літвы ацаніў рызыкі аднаўленьня дыялёгу зь беларускімі ўладамі

Што папярэднічала

28 красавіка Польшча і Беларусь на мяжы абмяняліся затрыманымі ў фармаце «5 на 5». Сярод вызваленых з боку Беларусі былі журналіст і грамадзкі актывіст Анджэй Пачобут, грамадзянін Польшчы манах-кармеліт Гжэгаж Гавэл, а з польскай — экс-удзельнік «Паспалітага рушэньня» Уладзіслаў Надзейка, Александру Бэлян, які працаваў на беларускі КДБ, і двое грамадзян Расеі — археоляг Аляксандар Буцягін, выдачы якога патрабавала Ўкраіна, і Ніна Папова.

Пасьля абмену міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канфэрэнцыі 28 красавіка выказаў надзею, што вызваленьне журналіста Анджэя Пачобута дапаможа перазагрузцы польска-беларускіх стасункаў.

Аднак ён дадаў, што ініцыятыва ў гэтым пытаньні належыць Аляксандру Лукашэнку.

«Я не хачу даваць пустых абяцаньняў, бо падобныя „фальшывыя сьвітаньні“ ужо здараліся», — заявіў ён і адзначыў, што ў мінулым былі эпізоды «адлігі» у двухбаковых стасунках, калі ў Беларусі не было палітычных зьняволеных.

Раней краіны Балтыі і Польшчы дамаўляліся аб узгодненай палітыцы датычна Беларусі.

Літва зьяўляецца адным з найбольш пасьлядоўных праціўнікаў магчымага зьмякчэньня санкцыяў Эўрапейскага Зьвязу супраць Беларусі. 23 красавіка парлямэнт Літвы працягнуў да 31 сьнежня 2027 году дзеяньне нацыянальных санкцый супраць грамадзян Беларусі і Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя ўніфікавалі кантроль выкананьня санкцыяў супраць Беларусі і РасеіРэкорд году: 50 мігрантаў за дзень спрабавалі нелегальна пранікнуць у Літву зь БеларусіСейм Літвы падоўжыў нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян Расеі і Беларусі«Не хачу даваць пустых абяцаньняў», Сікорскі дапусьціў перазагрузку стасункаў з Менскам пасьля вызваленьня Пачобута