Як паведамляе партал Delfi, у нядзелю 26 красавіка рэкордная ў гэтым годзе група мігрантаў — 50 чалавек — спрабавала прарвацца ў Літву зь Беларусі. Гэта найбольшы дзённы паказчык у гэтым годзе, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Групу з двух дзясяткаў мігрантаў высачылі памежнікі з верталёта, пасьля кароткай пагоні іх затрымалі, як толькі яны прыбылі ў Літву. Яны прадставіліся памежнікам грамадзянамі Афганістана, Ірана і Пакістана. Дзевяць зь іх мелі афганскія пашпарты, астатнія, як гэта часта здараецца апошнім часам, ня мелі дакумэнтаў.
Таксама каля 11 мігрантаў дзьвюма групамі падышлі да літоўскай мяжы ў розных пунктах Лазьдзейскага раёну, але не змаглі яе пераадолець. У абодвух выпадках іх спужалі патрулі заставы Капчамясьціс, і яны ўцяклі назад у Беларусь.
У нядзелю ўзмоцненыя падразьдзяленні памежнікаў удзельнічалі ў апэрацыях па затрыманьні парушальнікаў мяжы. Сярод іх былі кінолягі са службовымі сабакамі і экіпаж верталёту. Менавіта ён адсачыў групу з 19 мігрантаў з паветра. Яны не адважыліся ўцячы або аказаць супраціў падчас затрымання.
Пасьля ацэнкі ўсіх абставін было прынятае рашэньне не ўпускаць 39 мігрантаў у Літву і вярнуць іх у Беларусь.
Найбольшая колькасьць мігрантаў, якіх ня ўпусьцілі ў Літву ў гэтым годзе, была зафіксаваная 18 красавіка, у гэты дзень 37 чалавек спрабавалі нелегальна перасячы мяжу зь Беларусі ў Літву. 31 кастрычніка мінулага года 63 мігрантам не ўдалося патрапіць з Беларусі ў Літву.
Форум