На Берасьцейшчыне выставілі на продаж маёнтак старажытнага беларускага шляхоцкага роду. ФОТА, ВІДЭА

Cядзіба роду Алешаў у мястэчку Новаберажное ў Столінскім раёне

Маёнтак роду Алешаў быў пабудаваны ў мястэчку Новаберажное Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці ў 1890 годзе. Цяпер аб’ект занядбаны, зь няспраўнымі печкамі і адключанымі электрасеткамі.

Улады хочуць яго прадаць з аўкцыёну за 12 892,25 беларускага рубля — у такую суму ацанілі яго рынкавы кошт.

Аўкцыён мае быць на плятформе Беларускай унівэрсальнай біржы а 12:40 29 траўня. Першы крок таргоў складае 644,61 беларускага рубля.

Аб’ект прадаюць як будынак музэйна-турыстычнага комплексу, ён не ўваходзіць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Cядзіба роду Алешаў у мястэчку Новаберажное ў Столінскім раёне, будынак 1890 году

Агульная плошча комплексу складае 426,1 квадратнага мэтра, яго прапануюць купіць разам зь іншымі аб’ектамі — прыбудовай, склепам і калодзежам. Адна з умоваў яго аднаўленьня — захаваць вонкавы архітэктурны выгляд.

Разам з аб’ектам прапануюць у арэнду на 50 гадоў 0,3764 гектараў зямлі. Але яе выкарыстаньне абмежаванае празь месца знаходжаньня — з аднаго боку, гэта ахоўная зона электраліній і сувязі, з другога, зона санітарнай аховы крыніц пітной вады, а з трэцяга — гэта тэрыторыя, пацярпелая ад радыяактыўнага забруджаньня.

Што вядома пра сядзібу

Маёнтак належаў старажытнаму беларускаму шляхоцкаму роду Алешаў гербу Брохвіч, ён вядзе сваю гісторыю з XV–XVI стагодзьдзяў. Яго заснавальнікам быў баярын Пятро Пятровіч Алеша, які ў 1508 годзе атрымаў землі на Піншчыне ад князя Фёдара Іванавіча Яраславіча. Перш род быў праваслаўным, але пазьней прыняў каталіцтва. У 1524 годзе каралева Бона пацьвердзіла правы Пятра Пятровіча Алешы на Беражное, Гарадок і Паркані.

Канстанцін Алеша, апошні гаспадар сядзібы ў Новаберажным

Маёнтак у Беражным (цяпер Новаберажное) у 1890 годзе пабудаваў Канстанцін Алеша, які ажаніўся з Камілай Ордай. Канстанцін быў навукоўцам, атрымаў адукацыю ў Нямеччыне, стварыў у Беражным абсэрваторыю і сумяшчаў навуковую працу зь сельскай гаспадаркай. Быў карэспандэнтам адначасова некалькіх навуковых цэнтраў. Ягоны сын, таксама Канстанцін, стаў апошнім уладальнікам родавага маёнтку. У 1941 годзе выехаў у Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Закінуты маёнтак Алешаў на Палесьсі разбураецца ў чаканьні рэстаўрацыі

Чаму гэта важна

За апошнія некалькі гадоў улады Беларусі выставілі на продаж дзясяткі гістарычных аб’ектаў, на рэстаўрацыю якіх дзяржава не вылучае грошай. Некаторыя зь іх некалькі гадоў ня могуць знайсьці ўласьнікаў, а іх стартавую цану паніжаюць да адной базавай велічыні.

Новымі ўласьнікамі такіх аб’ектаў могуць стаць як грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі, гэтак і іншаземцы. Вядома некалькі фактаў, калі беларускія гістарычныя аб’екты набывалі грамадзяне Расеі. Разам з тым некалькі разоў у новых інвэстараў набытую маёмасьць забіралі і зноў выстаўлялі на продаж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У грамадзяніна Расеі адабралі набыты ім у Дзятлаве палац Радзівілаў і зноў выставілі на продажЗь сямі гістарычных аб’ектаў Беларусі, выстаўленых на аўкцыён, змаглі прадаць толькі дваУ Сеньненскім раёне шосты год ня могуць знайсьці інвэстара для аднаўленьня паштовай станцыі ХІХ стагодзьдзяУлады не змаглі прадаць маёнтак Падароск у Ваўкавыскім раёне, у які папярэдні ўласьнік уклаў мільён даляраў