Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У грамадзяніна Расеі адабралі набыты ім у Дзятлаве палац Радзівілаў і зноў выставілі на продаж

Палац Радзівілаў у Дзятлаве (Зьдзецеле)
Палац Радзівілаў у Дзятлаве (Зьдзецеле)

На плятформе Беларускай унівэрсальнай біржы 11 сакавіка адбудзецца аўкцыён продажу пабудаванага ў 1751 годзе ў Дзятлаве (Зьдзецеле, Горадзенская вобласьць) палацу Радзівілаў, уключанага ў сьпіс помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны.

Як адзначаецца на сайце біржы, стартавую цану аб’екту вызначылі ў 90 рублёў зь першым крокам таргоў у 4 рублі 50 капеек. Заявы на ўдзел у аўкцыёне прымаюць до 6 сакавіка 2026 году.

Ацэначны кошт на 1 сьнежня 2024 году склаў 41 064,43 рубля, а рынкавы (на 28 лістапада 2024 году) — 255 тысяч рублёў.

Новаму ўласьніку прапануюць будынак палацу плошчай больш за 1 527 квадратных мэтраў. Зямельны ўчастак плошчай 0,4137 гектара перададуць у арэнду да 28 лістапада 2072 году. Шматгадовую расьліннасьць на ўчастку перададуць бясплатна.

Пасьля набыцьця аб’екту новы ўласьнік мусіць падпісаць ахоўныя абавязаньні.

Палац ужо прадавалі ў 2022 годзе — тады яго набыў грамадзянін Расеі. Праз невыкананьне інвэстыцыйных умоваў палац у яго адабралі і ў 2025 годзе зноў выставілі на продаж з стартавай цаной у 296 064 рублі.

Што вядома пра палац

Палац пабудаваў у 1751 годзе Мікалай Фаўстын Радзівіл. З канца XVIII стагодзьдзя палац належаў Солтанам. За ўдзел Солтанаў у паўстаньні 1831 году царскія ўлады сканфіскавалі іхную маёмасьць. У другой палове XIX стагодзьдзя палац выкарыстоўвалі як казармы для кавалерыі. У пачатку XX стагодзьдзя ў палацы была школа, а ў савецкія часы — раённая лякарня.

Сядзібны комплекс складаўся з мураванага палацу, пэйзажнага парку з круглым вадаёмам з масткамі і павільёнамі. Гаспадарчыя пабудовы знаходзіліся пры ўезьдзе ў сядзібу з поўдня. З усіх будынкаў захаваўся толькі палац.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG