Бяляцкі, Кучынскі і Лябедзька правялі перамовы зь літоўскімі палітыкамі

У час перамоваў

Размова тычылася беларускай нацыянальнай тоеснасьці, інтэграцыі і Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, дырэктар офісу Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі і дарадца Ціханоўскай у парлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька 23–24 красавіка правялі шэраг палітычных сустрэчаў у Літве.

Перамовы прайшлі зь міністрам унутраных спраў Уладзіславам Кандратовічам, старшынёй Сейму Літвы Юозасам Олекасам і віцэ-міністаркай замежных спраў Аўдрай Плепіце. У цэнтры ўвагі былі пытаньні, якія тычацца дзясяткаў тысяч беларусаў у Літве, каля 50 000 зь якіх маюць дазвол на жыхарства, адзначыла прэс-служба Ціханоўскай.

Аўдра Плепіце ў час перамоў зь Дзянісам Кучынскім, Алесем Бяляцкім і Анатолем Лябедзькам

Галоўнай тэмай стала інтэграцыя. Міністар унутраных спраў пацьвердзіў, што беларусы ў Літве — гэта ня толькі людзі ў выгнаньні, але і патэнцыял для разьвіцьця краіны. Асобна абмяркоўваліся пагрозы бясьпецы для студэнтаў і выпускнікоў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і іхных сем’яў. Літоўскі бок выказаў гатоўнасьць выступаць у гэтым пытаньні надзейным хаўрусьнікам беларусаў.

Літоўскія афіцыйныя асобы зноў падкрэсьлілі, што санкцыі накіраваныя супраць рэжыму Лукашэнкі, а ня супраць беларускага народа. Адначасна з узмацненьнем санкцыйнага ціску на рэжым Літва працягвае падтрымліваць беларускую дэмакратычную супольнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мова, душа народу і 30-гадовая «Вясна». Рэпартаж з выступу Алеся Бяляцкага ў перапоўненай залі

Таксама абмяркоўвалася падтрымка беларускай нацыянальнай тоеснасьці — адукацыя, дзіцячыя садкі, гімназія імя Францішка Скарыны, Беларускі дом і іншыя грамадзянскія ініцыятывы. Дасягнута папярэдняя дамоўленасьць аб магчымасьці здачы іспытаў на правы кіроўцы на беларускай мове ў Regitra. Гэта пытаньне, якое даўно ўзьнімала беларуская дыяспара ў Літве.

Дарэчы, нядаўна стала вядома, што ў Віленскай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны не хапае набору ў 0 клясу — ёсьць вольныя месцы. Калі не набярэцца група, клясы ня будзе. Акрамя таго, Свабода пісала пра тое, што каманда Stembridge займаецца пошукам дзяцей у беларускамоўную групу ў дзіцячым садку. Яе адкрыюць, калі набярэцца мінімум 15 дзетак. Зараз прымаюць заяўкі на малых ад 2 да 6 гадоў да канца чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Вільні шукаюць дзяцей у беларускамоўную групу ў садку