Каманда Stembridge, якая апынулася ў Літве ў выніку перасьледу ў Беларусі, займаецца арганізацыяй беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку.
«Усе мы аднойчы сутыкнуліся з адным і тым жа пытаньнем: як зрабіць так, каб дзіця ня страціла сябе ў новым асяродзьдзі? Адказ, які мы знайшлі, — не хавацца ад рэчаіснасьці і не распускацца ў ёй. А будаваць прастору, дзе беларускае і літоўскае існуюць побач натуральна. Размаўляючы па-літоўску, вы ня станеце літоўцам — як ня станеце брытанцам, размаўляючы па-ангельску. Мы падтрымліваем свае карані і ўнікальнасьць у шматнацыянальным сьвеце», — выклала каманда сваю пазыцыю.
Білінгвальная мадэль навучаньня дазволіць захаваць і разьвіць у дзецях беларускую тоеснасьць, а заадно ўключыць іх у літоўскае жыцьцё, перакананыя актывісты.
Кожны выхавальнік у садку — носьбіт беларускай мовы і культуры, мае досьвед у сучасных мэтодыках дашкольнай адукацыі (гульнёвае навучаньне, STEM, сэнсарнае разьвіцьцё), валодае літоўскай мовай на ўзроўні, дастатковым для штодзённых зносінаў.
Таксама каманда супрацоўнічае зь беларускім дзіцячым псыхолягам, які мае досьвед працы ў кантэксьце эміграцыі і двумоўнасьці.
На сваім сайце Stembridge паказаў, як выглядае тыповы дзень дзіцяці ў садку.
Дзеці-беларусы будуць засвойваць адразу тры мовы — беларускую, літоўскую і ангельскую. Гэта адпаведна родная мова, мова суседзтва і мова сьвету — такі падзел прапануе садок.
Беларуская — асноўная мова камунікацыі, гульняў, эмацыйнай падтрымкі і творчасьці. Гэта ня толькі народныя казкі, але й мова, на якой абмяркоўваюць робататэхніку, глядзяць мультфільмы, слухаюць сучасную музыку і сустракаюцца зь цікавымі людзьмі.
Літоўская мова ўводзіцца паступова праз гульні, зносіны зь дзецьмі з партнэрскага садка Gervuogė, інтэграцыю ў культурнае жыцьцё Вільні.
Ангельская мова ўжываецца ў бытавых зносінах. Актыўныя заняткі пачынаюцца ў групе Preschool.
«Мэта: дзіця не „перавучваецца“ з адной мовы на іншую, а натуральна расьце ў некалькіх сыстэмах — гэта стымулюе нэўронавыя сувязі і кагнітыўную гнуткасьць», — адзначаюць адмыслоўцы.
Таксама каманда абяцае актыўную працу з бацькамі — камусьці гэта можа дапамагчы нават з інтэграцыяй у літоўскае грамадзтва.
Усе ліцэнзіі і дазволы на адукацыйную дзейнасьць атрыманыя. Гэта гарантуе высокія дзяржаўныя стандарты бясьпекі і якасьці, адзначаюць у садку. Новы корпус на Žalgirio g. 135 спраектаваны адмыслова для дзіцячага садка: аптымальнае асьвятленьне, вэнтыляцыя, эрганоміка, бясьпечныя матэрыялы.
Групу змогуць адкрыць пры наяўнасьці 15 заявак. Зараз прымаюцца заяўкі на дзетак 2–6 гадоў. Характар група залежыць ад заявак — аднаго ўзросту будуць дзеці або розных. Збор ідзе да канца чэрвеня 2026 году.
Пакінуць заяўку і прачытаць дадатковую інфармацыю можна на сайце Stembridge.
Форум