У Вялікай Брытаніі ўшаноўваюць 100-годзьдзе нябожчыцы каралевы Лізаветы II, якая правіла 70 гадоў

Каралева Лізавета II, 2014 год

Каралева Лізавета II памерла ва ўзросьце 96 гадоў у верасьні 2022 году пасьля 70-гадовага праўленьня. У Лёндане зьявіцца яе мэмарыял.

Як паведамляе AFP, кароль Вялікай Брытаніі Карл III у аўторак 21 красавіка аддаў «шчырую даніну павагі» сваёй маці, памерлай каралеве Лізавеце II, у відэазвароце да яе 100-годзьдзя. Кранальная прамова караля прагучала пасьля таго, як быў прэзэнтаваны канчатковы генэральны плян мэмарыялу ў яе гонар.

Называючы Лізавету «дарагой мамай», 77-гадовы кароль сказаў, што яна «заставалася нязьменнай, непахіснай і цалкам адданай народу, якому служыла» цягам усяго свайго доўгага жыцьця.

«Мяркую, што шмат што ў той час, у якім мы жывем, магло яе глыбока турбаваць, але мяне падбадзёрвае яе вера ў тое, што дабро заўсёды будзе перамагаць», — сказаў кароль у сваім пасланьні.

Кароль Вялікай Брытаніі Карл III

«Як сказала маладая прынцэса Лізавета ў сваім першым публічным выступе ва ўзросьце ўсяго 14 гадоў, кожны з нас можа зрабіць свой унёсак у тое, каб зрабіць сьвет заўтрашняга дня лепшым і шчасьлівейшым месцам. Гэта перакананьне, якое я падзяляю ўсім сэрцам», — дадаў ён.

На мэмарыяле каралеве будзе пастаўленая статуя скульптара Мартына Джэнінгса, натхнёная знакамітым партрэтам 1955 годe, які стварыў італьянскі мастак П’етра Анігоні. 28-гадовая Лізавета пазавала для Анігоні ў канцы 1954 году, усяго праз пару гадоў пасьля пачатку свайго праўленьня. Статуя і пастамэнт будуць стаяць на вышыні 7,3 мэтра ля ўваходу ў мэмарыял у лёнданскім парку Сэнт-Джэймс, недалёка ад Букінгэмскага палацу. Таксама будзе пастаўленая меншая статуя памерлага мужа каралевы прынца Філіпа ў вайскова-морскай форме, які глядзіць на сваю жонку.

Лізавета, якая нарадзілася 21 красавіка 1926 году, не павінна была стаць каралевай. Гістарычны зьбег абставінаў прывёў яе на трон пасьля таго, як яе дзядзька Эдуард VIII адрокся ад пасаду. Пасьля адрачэньня яе бацька, які цярпеў ад моцнага заіканьня, стаў каралём Георгам VI. А яго сьмерць у 1952 годзе адкрыла дарогу маладой прынцэсе, якая ўзышла на трон ва ўзросьце ўсяго 25 гадоў, што стварыла ўмовы для яе рэкордна працяглага праўленьня.

З моманту яе сьмерці каралеўская сямʼя перажыла бурлівы час. Хваробы, сямейныя разлады і скандалы перасьледуюць сям’ю. І Карл, і яго нявестка Кэтрын, жонка яго старэйшага сына, прынца Ўільяма, змагаліся з ракам, а малодшы сын, прынц Гары, напісаў балючыя мэмуары пасьля таго, як адмовіўся ад абавязкаў, якія вынікаюць зь перабываньня ў каралеўскай сям’і. Тым часам брат Карла Эндру сутыкнуўся з паліцэйскім расьсьледаваньнем з прычыны новых фактаў пра яго сувязі з памерлым сэксуальным злачынцам з ЗША Джэфры Эпштэйнам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта быў першы мой у жыцьці рэвэранс», — беларусы згадваюць пра сустрэчы з каралевай Лізаветай ІІ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Такія розныя імпэрыі. Як манархія змагла застацца сучаснай