Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такія розныя імпэрыі. Як манархія змагла застацца сучаснай


Каралева Лізавета ІІ, 2002 год
Каралева Лізавета ІІ, 2002 год

Вынік 70-гадовага кіраваньня Лізаветы ІІ — гэта вынік мудрага, абачлівага, узорнага пераўтварэньня імпэрыі фізычнай у імпэрыю маральную і інтэлектуальную.

У першай палове XX стагодзьдзя чалавецтва перанесла дзьве сусьветныя вайны. У другой палове таго ж стагодзьдзя чалавецтва стала сьведкам двух геапалітычных цудаў: мірнага заканчэньня «халоднай вайны» і мірнага расфармаваньня Брытанскай імпэрыі.

Першы цуд увасабляў сабой Міхаіл Гарбачоў, які памёр усяго некалькі дзён таму. Другі цуд адбыўся за часам кіраваньня каралевы Альжбеты (пад такім беларускім імем яе прынята было памінаць у беларускай царкве ў паўночным Лёндане). А значыцца, у тым ліку і дзякуючы ёй.

Брытанская імпэрыя, сфармаваная за некалькі стагодзьдзяў геаграфічных адкрыцьцяў і каляніяльных захопаў, у сярэдзіне XX стагодзьдзя аджыла свой век і магла пачаць чапляцца за фізычны кантроль над тэрыторыямі. Магла разьвязаць дзясяткі войнаў ад Канады да Індыі і да Афрыкі (спробы былі).

Але ёй збольшага хапіла мудрасьці перастроіцца, падладзіцца пад новы сьвет — як брытанскаму манархічнаму ладу хапіла ў XX стагодзьдзі мудрасьці, стратэгічнага бачаньня і тактычнага таленту ператварыць Брытанію ў паўнавартасную парлямэнцкую дэмакратыю, захаваўшы ўсю пераемнасьць, атрыбутыку, маёмасьць каралеўскай сям’і і арыстакратыі.

Сёньня Брытанія працягвае аказваць глябальны ўплыў, які абапіраецца не на штыхі, а на адукацыю, культуру, «мяккую сілу». Брытанія — гэта Оксфардзкі і Кембрыдзкі ўнівэрсытэты. Гэта каму Beatles, каму — Spice Girls; каму Prodigy, каму — што там цяпер слухае моладзь. Гэта Джэймс Бонд, медзьведзяня Падынгтан і Гары Потэр. Гэта футбольная Прэм’ер-ліга і Ўімблдан. Гэта біржа, суд і Лёндан як адна зь фінансавых сталіц сьвету.

І ўсё гэта, увесь сучасны калясальны ўплыў Брытаніі, несувымерны ані велічыні гэтай краіны, ані памеру яе эканомікі ці вайсковаму патэнцыялу — вынік часоў кіраваньня Альжбеты. Вынік мудрага, абачлівага, узорнага пераўтварэньня імпэрыі фізычнай у імпэрыю маральную і інтэлектуальную.

Пасярод вайны ва Ўкраіне немагчыма не параўнаць Брытанскую імпэрыю і Расейскую. Як таленавіта трансфармавалася першая і як бяздарна і трагічна распалася — і працягвае распадацца — другая.

У расейскіх дэмакратаў 90-х гадоў была мроя пра Расею як «лібэральную імпэрыю» з СНД як «Брытанскай садружнасьцю», з хітрым уплывам праз грошы, культуру і расейскую мову. Нічога не спрацавала, ніякай вытрымкі і розуму расейцам не хапіла, і ўсе былыя савецкія рэспублікі цяпер ня хочуць мець з Расеяй нічога супольнага. І другога шанцу ў Расеі больш ня будзе.

Перад новым брытанскім каралём Карлам III, учорашнім прынцам Чарльзам, цяпер стаіць цяжкая задача заняць месца ягонае маці, гэтай мудрай, строгай і справядлівай любімай бабулі для некалькіх соцень мільёнаў чалавек. Але за брытанскую манархію ня варта непакоіцца: яна, вядома ж, дасьць рады гэтай задачы.

Брытанская манархія — каштоўнасьць ня толькі брытанская, але агульнаэўрапейская, агульнаэўраатлянтычная і ўсясьветная. Бо ў сьвеце павінна быць вечнасьць, павінна быць прыгажосьць, павінна быць мудрасьць. Брытанская манархія — пра гэта.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG