Некаторыя тэзы зь інтэрвію падае прэсавая служба Лукашэнкі.
На яго думку, магчымасьці ЗША «не бязьмежныя; гэтая сытуацыя можа прывесьці да таго, што амэрыканцы вымушаныя будуць лічыцца з інтарэсамі іншымі, а значыць, сьветлая будучыня не за гарамі».
«Кіраўніцтва Амэрыкі зразумела, што яны супэрдзяржава, але не звышсіла. Гэта галоўнае», — падкрэсьліў Лукашэнка. Паводле яго, ёсьць надзея, што амэрыканцы, зразумеўшы гэта, будуць лічыцца ня толькі з Кітаем і Расеяй.
Лукашэнка мяркуе, што ЗША разглядаюць Кітай як свайго галоўнага ворага. Ён параіў амэрыканцам «ня лезьці ў Кітай».
Лукашэнка таксама папярэдзіў ЗША наконт магчымага супрацьстаяння з Расеяй.
«Расея — вялізная тэрыторыя, там яны нічога ня зробяць ракетамі. Ракеты хутчэй скончацца, чым тэрыторыя Расеі. Іран таксама гэта паказаў», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
КДБ і расейская разьведка нешта рыхтуюць? Каму трэба КР і парэшткі ВітаўтаЛукашэнка ў інтэрвію Санчэсу таксама пракамэнтаваў паразу на выбарах у Вугоршчыне прэм’ера Віктара Орбана.
«Чаму Орбан прайграў? Значыць, былі сурʼёзныя заганы ў палітыцы, асабліва ва ўнутранай палітыцы. Бо канкрэтныя людзі ўнутры галасавалі. І нельга сказаць, што яны памыліліся, бо разрыў вельмі вялікі. Значыць, апазыцыя ў асобе Мадзяра прапанавала выразную і прывабную пазыцыю» — лічыць Лукашэнка.
Ён адзначыў, што партыю «Ціса» нельга назваць у поўнай ступені апазыцыйнай, ён нагадаў, што яе лідэр Пэтэр Мадзяр доўгі час быў у партыі «Фідэс», якую ўзначальвае Орбан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Параза Орбана ў Вугоршчыне яшчэ больш ізалюе Лукашэнку ў Эўропе, — КарбалевічЖурналіст RT выказаў меркаваньне, што перамога партыі «Ціса» магла быць зьвязаная з падтрымкай, у тым ліку і фінансавай, з боку Эўразьвязу. На гэта Лукашэнка запярэчыў, што і Орбан атрымаў значную падтрымку, але з боку ЗША.
«Орбан ведаў, што Эўразьвяз будзе не зь ім. Ну дык ты палітык, у цябе цэлая партыя. Ты павінен быў супрацьстаяць гэтаму. Эўразьвяз адкрыта падтрымліваў апазыцыю. А амэрыканцы падтрымлівалі адкрыта Орбана. Таму справа ня ў гэтым. Справа ў памылках, якія былі дапушчаныя ва ўнутранай палітыцы» — лічыць Лукашэнка.
Ён дадаў, што Захад аказваў падтрымку беларускай апазыцыі, але гэта не дапамагло ёй заваяваць давер народа. «У нас таксама Захад усё жыцьцё падтрымліваў і фінансаваў нашую апазыцыю. І што? Нічога, таму што мы праводзім усё ж пры ўсіх памылках і недахопах нармальную палітыку адносна ўласнага народа», — сказаў Лукашэнка.