Міністэрства замежных спраў Літвы назвала гэты крок палітычна матываваным, беспадстаўным і адзначыла, што ён парушае прынцыпы міжнароднага права і сувэрэнітэт Літоўскай Рэспублікі.
«Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна працуе ў іншай дзяржаве, абвяшчаецца „экстрэмісцкай арганізацыяй“», — гаворыцца ў заяве МЗС.
Літва запэўніла, што і надалей будзе будзе падтрымліваць ЭГУ як важную прастору акадэмічнай свабоды, крытычнага мысьленьня і дэмакратычных каштоўнасьцяў, вольную ад палітычнага ціску.
МЗС адзначыла, што рашэньне беларускіх уладаў нясе пагрозу акадэмічнай супольнасьці і ўсім студэнтам ЭГУ — як зь Беларусі, так і зь іншых краін.
«Гэты крок крыміналізуе міжнароднае акадэмічнае супрацоўніцтва і наносіць значную шкоду прагрэсіўнай частцы беларускага грамадзтва, дэмакратычнай апазыцыі і будучыні ўсёй краіны», — адзначыла міністэрства.
Улады Літвы запатрабавалі неадкладнай адмены гэтага рашэньня і папярэдзілі, што падобныя дзеяньні яшчэ больш ускладняць літоўска-беларускія адносіны.
Яны таксама заявілі, што гэты крок будзе разглядацца на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу для прыняцьця палітычных і дыпляматычных захадаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Выйшла яна адтуль у сьлязах». Як улады рыхтавалі «экстрэмісцкі» статус ЭГУ і што зараз будзе з студэнтамі і выкладчыкаміТым часам Эўрапейскі Зьвяз ужо асудзіў улады Беларусі за прызнаньне ЭГУ «экстрэмісцкім»
«Гэтае рашэньне ёсьць абуральным і неабгрунтаваным замахам на акадэмічную свабоду, свабоду выказваньня меркаваньняў і фундамэнтальнае права на адукацыю», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай Эўрапейскай службай вонкавых дзеяньняў.
«Таўраваньне акадэмічнай установы як „экстрэмісцкай“ — гэта чарговы прыклад сыстэматычных захадаў рэжыму па задушэньні крытычнага мысьленьня, запалохваньні моладзі і далейшым разбурэньні грамадзянскай супольнасьці як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
Гэтае рашэньне зьяўляецца часткай шырокай кампаніі рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і адукацыйных структур».
Эўрапейскі Зьвяз заявіў пра поўную падтрымку ЭГУ, ягоных студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў. І таксама заклікаў улады Беларусі «неадкладна адмяніць гэтае рашэньне і спыніць рэпрэсіі супраць беларускага народу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«ПіК Свабоды». Што рабіць студэнтам, выкладчыкам і бацькам, зьвязаным з ЭГУ? Пагаварылі з экспэртаміЗ асуджэньнем рашэньня ўладаў Беларусі выступіла і галіновае міністэрства Літвы
Міністэрства адукацыі, навукі і спорту назвала рашэньне ўнесьці ЭГУ ў сьпіс экстрэмісцкіх арганізацый «беспрэцэдэнтным».
«Мы заклікаем літоўскую і міжнародную акадэмічную супольнасьць аднадушна і выразна асудзіць гэтае рашэньне як несумяшчальнае з базавымі прынцыпамі акадэмічнай свабоды і правоў чалавека.
Заклікаем выказаць цьвёрдую і недвухсэнсоўную падтрымку супольнасьці ЭГУ і актыўна абараняць акадэмічную свабоду як ключавую каштоўнасьць, якая ня можа быць абмежаваная палітычнымі рашэньнямі ці ідэалягічнымі інтарэсамі», — заявіла міністарка адукацыі, навукі і спорту Рамінта Папавіене.
Міністэрства мае намер зьвярнуцца ў Эўрапейскую камісію і да міністраў краінаў ЭЗ, адказных за вышэйшую адукацыю, з заклікам да салідарнасьці і асуджэньня гэтых дзеяньняў, скіраваных супраць акадэмічнай супольнасьці.
Мінулай восеньню ЭГУ пачаў свой 33-і навучальны год, і каля 500 студэнтаў з Усходняй Эўропы паступілі на першы курс. Новы навучальны год таксама адзначыўся адкрыцьцём дадатковага навучальнага корпуса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЭГУ: Тры чвэрці студэнтаў — зь Беларусі, рашэньне Вярхоўнага суду незаконнае і несправядліваеЭГУ заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, але ў 2004 годзе ў Беларусі ў яго забралі ліцэнзію. З 2026 у якасьці прыватнага ўнівэрсытэту працуе ў Вільні.
Каля 80% цяперашніх студэнтаў ЭГУ — беларусы. Беларусаў шмат і сярод выкладчыкаў. Агулам ва ўнівэрсытэце каля 1500 студэнтаў і каля 100 выкладчыкаў.Заснаваны ў 1992 годзе, універсытэт працуе ў Вільні з 2006 года, а яго акадэмічная місія грунтуецца на каштоўнасьцях крытычнага мысьленьня, акадэмічнага супрацоўніцтва і інтэлектуальнай свабоды. Унівэрсытэт цэніцца за свой сацыяльны ўклад — ён рыхтуе выпускнікоў ня толькі да прафэсійнай кар’еры, але і да зьмястоўнага ўдзелу ў грамадзтве і лідэрства ў складаных, зьменлівых умовах.
У Вільні ЭГУ таксама мае два падразьдзяленьні — Школу лічбавых кампэтэнцый і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць навучацца або праходзіць стажыроўкі ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага саюза».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».