У Беларусі стала злачынствам «прапаганда» гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу

Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна ў Менску, архіўнае фота

За гэта цяпер будуць штрафаваць і саджаць пад арышт.

Такія пакараньні прадугледжваць зьмены ў адміністрацыйныя кодэксы, якія сёньня падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Штраф за прапаганду гомасэксуальных адносінаў, зьмены полу, пэдафіліі і бязьдзетнасьці складзе да 900 рублёў, а калі будзе тычыцца непаўналетняга — да 1350 рублёў. Могуць за гэта цяпер і адправіць «на суткі».

Шчыльней возьмуцца і за дзяцей. Зьмены прадугледжваюць «узмацненьне прафіляктыкі правапарушэньняў сярод падлеткаў», — адзначае прэс-служба Лукашэнкі. Пад «захады выхаваўчага ўзьдзеяньня» вылучылі асобны разьдзел.

Зьявіліся і новыя «злачынствы»:

  • незаконныя апэрацыі зь лічбавымі знакамі (токенамі),
  • парушэньне патрабаваньняў да ахопу тэрыторыяў паслугамі сотавай сувязі і іх якасьці,
  • невыкананьне парадку набыцьця службовых легкавых аўтамабіляў і іншыя.

Усяго зьмены закранулі каля 150 артыкулаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гумовы» закон: што азначае адказнасьць за «прапаганду» гомасэксуальнасьці і бязьдзетнасьці

У 2025 годзе беларускія праваабаронцы прааналізавалі законапраект аб «прапагандзе гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу» і адзначылі, што ён супярэчыць Канстытуцыі.

Дзеяньні ўладаў праўнікі праваабарончых арганізацый разглядалі як «адкрыты напад на правы чалавека і асабістыя свабоды, уключаючы свабоду выказваньня меркаваньняў». На іх думку, забарона на «фармаваньне ўяўленьняў аб прывабнасьці» пэўных аспэктаў асабістага жыцьця (сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці, рэпрадуктыўнага выбару) «ўскосна канстатуе іх няправільнасьць, і фактычна незаконнасьць».

Згадваньне пэдафіліі ў адным шэрагу з гомасэксуальнасьцю, трансгендэрнасьцю і бязьдзетнасьцю праваабаронцы назвалі «яўнай спробай дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы: Законапраект аб «прапагандзе гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу» супярэчыць Канстытуцыі

Галоўная праблема новай нормы — паняцьце «прапаганда» ў законе ня вызначана. Як тлумачыць юрыст Дзьмітры Лепрэтар, гэта робіць тэрмін «гумовым»: пад яго можна падцягнуць практычна ўсякае выказваньне.

«Калі падыходзіць з гледзішча законнасьці, то павінен быць нейкі заклік або пераконваньне трымацца таго ці іншага ладу жыцьця. Але, як мы бачым на прыкладзе расейскай практыкі, усякае згадваньне ЛГБТК+ ужо можа лічыцца прапагандай», — тлумачыць ён.

Беларускі закон ёсьць, у істоце, калькай з расейскага. І расейская практыка ўжо паказвае, куды гэта вядзе: нават вясёлку на пачку марозіва абвясьцілі «прапагандай гомасэксуальных адносін».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«ПіК Свабоды». Што рабіць студэнтам, выкладчыкам і бацькам, зьвязаным з ЭГУ? Пагаварылі з экспэртамі