«Прапаганда» — паняцьце без азначэньня
Галоўная праблема новай нормы — у тым, што паняцьце «прапаганда» ў законе ня вызначана. Як тлумачыць юрыст Дзьмітры Лепрэтар, гэта робіць тэрмін «гумовым»: пад яго можна падцягнуць практычна любое выказваньне.
«Калі падыходзіць легалісцкі, то неабходны нейкі заклік або пераконваньне прытрымлівацца таго або іншага ладу жыцьця. Але як мы бачым на прыкладзе расейскай практыкі — любое згадваньне ЛГБТК+ ужо можа лічыцца прапагандай», — тлумачыць ён.
Беларускі закон ёсьць, па сутнасьці, калькай з расейскага. І расейская практыка ўжо паказвае, куды гэта вядзе: нават вясёлку на пачку марозіва абвясьцілі «прапагандай гомасэксуальных адносін».
Чым рызыкуе звычайны чалавек
Пост «я не хачу дзяцей» тэарэтычна можа быць расцэнены як прапаганда чайлдфры. Лайк або рэпост публікацыі ЛГБТК+ блогера — як распаўсюджваньне забароненых матэрыялаў па аналёгіі з экстрэмісцкімі.
Камін-аўт у сацсетках, сторыс зь вясёлкавым сьцягам, нават размова бацькоў зь непаўналетнім дзіцём пра сэксуальную арыентацыю — усё гэта патэнцыйна падпадае пад другую частку артыкула, якая прадугледжвае больш суровае пакараньне за азнаямленьне з такой інфармацыяй непаўналетніх.
«Зараз з улікам таго, што адбываецца ў Беларусі, у мяне складваецца ўражаньне, што наогул вельмі рызыкоўна весьці сацсеткі. Што б ты ні напісаў — гэта можа выклікаць нейкія непразрыстыя прававыя наступствы», — кажа Дзьмітры Лепрэтар.
Тры розныя зьявы ў адным законе — невыпадкова
ЛГБТК+, чайлдфры і пэдафілія — гэта зьявы зусім рознага парадку, і іх аб’яднаньне ў адным законе носіць маніпулятыўны характар, кажа юрыст.
Сэксуальная арыентацыя, паводле навуковых дасьледаваньняў, не падлягае «лячэньню» і вельмі рэдка мяняецца зь цягам часу. Чайлдфры — гэта асабісты выбар чалавека адносна свайго жыцьця. Пэдафілія — гэта патэнцыйнае крымінальнае злачынства, якое ўжо цяпер караецца паводле Крымінальнага кодэксу.
Уключэньне пэдафіліі ў гэты сьпіс, лічыць Лепрэтар, — гэта спроба надаць закону маральны цяжар і атаясаміць у сьвядомасьці грамадзтва зусім розныя зьявы. Больш за тое, адміністрацыйнае пакараньне за «прапаганду» можа фактычна зьніжаць узровень адказнасьці ў параўнаньні з крымінальным перасьледам за рэальныя злачынствы ў дачыненьні да дзяцей.
«Гэта сыгнал грамадзтву»
Рэпрэсіі супраць ЛГБТК+ людзей у Беларусі пачаліся задоўга да прыняцьця новага закону. Але сама дыскусія вакол яго, паводле юрыста, ужо «разьвязвае рукі» — як ультракансэрватыўным грамадзянам, так і праваахоўным органам.
Асобны і вельмі востры момант — уплыў такіх законаў на падлеткаў. Дасьледаваньні паказваюць, што моладзь, якая ідэнтыфікуе сябе як прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасьці, і так мае значна вышэйшы ўзровень суіцыдальных думак. Законы, якія яшчэ больш ізалююць іх ад грамадзтва, гэтую сытуацыю толькі пагаршаюць.
«Увесь сьвет ідзе наперад»
Юрыст не хавае агульнай ацэнкі: закон супярэчыць базавым прынцыпам міжнароднага права ў галіне правоў чалавека і паказвае, што дзяржава рухаецца па таталітарнай мадэлі.
«Нармальная дзяржава робіць усё, каб людзі маглі самарэалізавацца, разьвівацца, адчуваць сябе бясьпечна ва ўласнай краіне. Але ня гэтыя ахоўнікі традыцыйных каштоўнасьцяў, якія, відаць, лічаць правільным жыць у сярэдзіне XX стагодзьдзя», — рэзюмуе ён.
Форум