Трамп скрытыкаваў прем’ерку Італіі і пракамэнтаваў выбары ў Вугоршчыне

Архіўнае фота. Дональд Трамп і Джорджа Мэлёні, Флорыда, 4 студзеня 2025 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у тэлефонным інтэрвію італьянскай газэце Corriere della Sera рэзка скрытыкаваў прэмʼерку Італіі Джорджа Мэлёні і заявіў, што Віктар Орбан быў яго сябрам.

Доўгі час кіраўніца ўраду Італіі Джорджа Мэлёні была палітычнай саюзьніцай Дональда Трампа, яна неаднойчы сустракалася зь ім.

Аднак цяпер Трамп скрытыкаваў пазыцыю італьянскага ўраду адносна вайны ў Іране.

«Ці падабаецца італьянцам тое, што вашая лідэрка не дапамагае нам у атрыманьні нафты? — спытаў прэзідэнт Дональд Трамп у тэлефоннай размове з італьянскім выданьнем. — Я не магу сабе гэтага ўявіць. Я ў шоку ад яе. Я думаў, што ў яе ёсць сьмеласьць, але я памыляўся».

Журналісты спыталі, ці размаўляў Трамп з Мэлёні на гэтую тэму.

«Не, яна проста кажа, што Італія ня хоча ўмешвацца, хоць Італія атрымлівае сваю нафту адтуль, хоць Амэрыка вельмі важная для Італіі. Яна ня лічыць, што Італія павінная ўмешвацца, яна лічыць, што Амэрыка павінна зрабіць працу за яе, яна не павінная ўмешвацца» — адказаў прэзыдэнт ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзяржавы NATO адмовіліся падтрымаць ЗША ў блякадзе іранскіх портаў

Ён паведаміў, што ўжо доўгі час не размаўляў зь італьянскай прэмʼеркай. На пытаньне, чаму, ён адказаў:

«Таму што яна ня хоча дапамагаць нам з NATO. Яна ня хоча дапамагаць пазбаўляць ад ядзернай зброі Іран. Вельмі сумна. Яна зусім іншая, чым я думаў. Яна ўжо не такая, якой была. Італія — ужо не такая, якой была. Іміграцыя забівае Італію і ўсю Эўропу».

У іншым інтэрвію Corriere della sera 7 сакавіка сёлета Трамп назваў Мэлёні выдатнай лідэркай і сваёй сяброўкай.

На пытаньне, ці запытаў ён тральшчыкі мінаў у італьянцаў і іншых эўрапейцаў, ён адказаў:

«Я прасіў даслаць усё, што яны хочуць, але яны ня хочуць, бо NATO — гэта папяровы тыгр».

Адносна Папы Рымскага і яго закліку да міру Трамп сказаў, што Папа «не разумее, што Іран уяўляе сабой ядзерную пагрозу».

«Ён гэтага не разумее, ён ня той чалавек, які павінен казаць пра вайну, бо ён ня мае ніякага ўяўленьня пра тое, што адбываецца. Ён не разумее, што ў Іране ў мінулым месяцы забілі 42 000 пратэстоўцаў. Ён гэтага не разумее, ці ня так?».

На пытаньне, ці засмучаны ён паразай Віктара Орбана на вугорскіх выбарах, Трамп адказаў:

«Ён быў маім сябрам. Я маю на ўвазе, гэта не былі мае выбары, але ён быў маім сябрам. Ён добры чалавек. Ён добра справіўся з іміграцыйнымі пытаньнямі. Ён не дазволіў людзям прыехаць і разбурыць яго краіну, як гэта зрабіла Італія».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто ў Эўропе расчараваў Трампа і пры чым тут Лукашэнка? Адказвае амэрыканістка Аляксандра Філіпенка