Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржавы NATO адмовіліся падтрымаць ЗША ў блякадзе іранскіх портаў

Грузавыя караблі каля ўзьбярэжжа Ірану
Грузавыя караблі каля ўзьбярэжжа Ірану

Эўрапейскія хаўрусьнікі пасьля таго, як не падтрымалі Трампа і Нэтаньягу ў ваеннай апэрацыі супраць Ірану, скептычна паставіліся і да ідэі блякаваньня іранскіх портаў.

Хаўрусьнікі адмаўляюцца падтрымліваць ініцыятыву прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа наконт блякады іранскіх портаў, піша Reuters. Некалькі эўрапейскіх дзяржаў выказалі гатоўнасьць дапамагчы з аднаўленьнем суднаходзтва Армускай пратокай, але толькі пасьля працяглага спыненьня баявых дзеяньняў і дамоўленасьці з Іранам аб ненападзе на іх караблі.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр заявіў, што не дазволіць уцягнуць сваю краіну ў вайну.

«Мы не падтрымліваем блякады. Маё рашэньне адназначнае: які б ціск ні аказваўся — а ён значны — мы ня будзем уцягнутыя ў вайну».

Падобную пазыцыю заняў прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон. Ён паабяцаў зарганізаваць міжнародную канфэрэнцыю, каб абмеркаваць іншыя спосабы аднаўленьня свабоднага суднаходзтва праз Армускую пратоку.

«Гаворка ідзе пра абарону суднаходзтва пасьля заканчэньня канфлікту. Наша агульная мэта — незалежны, скаардынаваны, шматнацыянальны плян», — сказаў ён.

Паводле зьвестак інфармацыйнага агенцтва, гэтая канфэрэнцыя можа адбыцца ўжо ў канцы тыдня з удзелам каля 30 краін.

13 красавіка Трамп папярэдзіў Іран, што іранскія вайсковыя караблі будуць зьнішчаныя, калі ён паспрабуе зьняць амэрыканскую блякаду іранскіх портаў.

Паводле CNN, амэрыканскія вайскоўцы пачалі марскую блякаду іранскіх портаў 13 красавіка ў другой палове. Гэта адбылося пасьля таго, як чарговая спроба перамоваў пры пасярэдніцтве Пакістану завяршылася безвынікова.

Гэты крок — чарговая спроба Дональда Трампа прымусіць Іран пайсьці на саступкі, уключна з абавязаньнем не імкнуцца да валоданьня ядзернай зброяй ці сродкамі яе стварэньня. Блякада пачалася праз больш як месяц авіяўдараў і працяглых эканамічных санкцыяў


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG