Гісторыя з пашпартам Міколы Статкевіча займела працяг. Раней ён паведамляў, што дакумэнт нечакана знайшоўся ў менскім СІЗА-1, нягледзячы на тое, што ён сядзеў у Глыбокім, а не ў сталіцы.
«Высьветлілася, што аднавіць пэнсію па ім адным нельга — трэба яшчэ даведка аб вызваленьні. Тым болей, што, як мне паведамілі, згодна з базай даных МУС, я дагэтуль лічуся зьняволеным у ПК-13 у Глыбокім.
Прыйшлося зноў ехаць у той СІЗА-1 па даведку пра вызваленьне. Але там намесьнік начальніка ў апэратыўнай працы паведаміў мне, што такой даведкі мне даць ня могуць, бо яны мяне „не вызвалялі“, а я быў вывезены з турэмнай больніцы пры СІЗА „плянавым канвоем“. А пашпарт і рэчы мне аддалі, бо яны „належаць мне“. Праўда, ніяк не патлумачыў, чаму мая жонка Марына апынулася ў складзе таго „плянавага канвою“. Мо, хіба што, ўзначальвала яго?» — пытае Статкевіч.
Таксама палітык прыгадаў, як у тэлевізіі сьцьвярджалі, што Міколу Статкевіча нібыта вызвалілі згодна з «указам аб памілаваньні» яшчэ ў верасьні мінулага году.
Цяпер, адзначыў Статкевіч, ён «канчаткова заблытаўся ў сваім сёньняшнім юрыдычным статусе і месцазнаходжаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мікола Статкевіч паведаміў, што ягоны пашпарт «знайшоўся» ў СІЗА-1Пра вяртаньне свайго пашпарту Статкевіч паведаміў напярэдадні, 13 красавіка. Таксама сярод дакумэнтаў было судовае рашэньне, якое забараняе Статкевічу пакідаць Беларусь і наведваць казіно. Наконт апошняга палітык зыранізаваў, напісаўшы насупраць пункту аб забароне: «які жах!»
У сьнежні 2021 году Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе. У верасьні 2025 году ён быў вызвалены разам зь іншымі вязьнямі, але пасьля адмовы пакідаць Беларусь яго даставілі ў тую ж Глыбоцкую калёнію, дзе ён адбываў тэрмін. Да свайго вызваленьня Статкевіча больш як 2,5 году трымалі ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
19 лютага 2026 году стала вядома, што Статкевіч знаходзіцца ў сваім доме, дзе аднаўляецца пасьля перанесенага ў турме інсульту.
17 сакавіка каля дому затрымалі жонку палітыка Марыну Адамовіч, але праз 4,5 гадзіны бяз допыту яе выпусьцілі з пастарунку міліцыі.