Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч паведаміў, што ягоны пашпарт «знайшоўся» ў СІЗА-1

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

На сваім канале палітык паведаміў, што пашпарт знайшлі ў Менску.

Мікола Статкевіч пасьля вызваленьня доўга заставаўся бяз пашпарта, а цяпер ён знайшоўся. Прычым не ў Глыбокім, дзе Статкевіч сядзеў, а ў Менску, у СІЗА-1. Пра гэта сам палітычны дзяяч напісаў у сваім канале ў Тэлеграме.

«Разам з пашпартам знайшліся і мае турэмныя рэчы, сярод якіх — „судовы“ прысуд і рашэньне „апэляцыйнай інстанцыі“».

Статкевіч мяркуе, што для будучых дасьледнікаў ці сьледчых гэта будуць цікавыя дакумэнты.

Вокладка пашпарта, фота якой апублікаваў Статкевіч
Вокладка пашпарта, фота якой апублікаваў Статкевіч

Таксама сярод дакумэнтаў ёсьць судовае рашэньне, якое забараняе Статкевічу пакідаць Беларусь і наведваць казіно. Наконт апошняга палітык зыранізаваў, напісаўшы насупраць пункту аб забароне: «які жах!»

У сьнежні 2021 году Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе. У верасьні 2025 году ён быў вызвалены разам зь іншымі вязьнямі, але пасьля адмовы пакідаць Беларусь яго даставілі ў тую ж Глыбоцкую калёнію, дзе ён адбываў тэрмін. Да свайго вызваленьня Статкевіча больш як 2,5 году трымалі ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.

19 лютага 2026 году стала вядома, што Статкевіч знаходзіцца ў сваім доме, дзе аднаўляецца пасьля перанесенага ў турме інсульту.

17 сакавіка каля дому затрымалі жонку палітыка Марыну Адамовіч, але праз 4,5 гадзіны бяз допыту яе выпусьцілі з пастарунку міліцыі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG