Трамп прыгразіў зьнішчыць караблі, якія парушаць блякаду Армускай пратокі

Ракетны эсьмінец USS Frank E. Petersen Jr, ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў зьнішчэньнем іранскіх караблёў, якія наблізяцца да амэрыканскай «блякады».

«Іранскі вайскова-марскі флёт ляжыць на дне мора, цалкам зьнішчаны — 158 караблёў. Мы не паразілі іх нешматлікія, як яны іх называюць, „хуткаходныя ўдарныя караблі“, бо не палічылі іх сур’ёзнай пагрозай. Папярэджаньне: калі які-небудзь з гэтых караблёў наблізіцца да нашай блякады, ён будзе неадкладна зьнішчаны з выкарыстаньнем той самай сыстэмы зьнішчэньня, якую мы ўжываем супраць наркагандляроў на лодках у моры», — напісаў ён у Truth Social.

Цэнтральнае камандаваньне ЗША раней заявіла, што 13 красавіка а 10:00 па паўночнаамэрыканскім усходнім часе (17:00 па менскім) пачне блякаду марскога трафіку ў іранскія парты. Абмежаваньні, як гаворыцца ў паведамленьні, закрануць усе караблі незалежна ад краіны, калі яны ідуць у іранскія парты або пакідаюць іх у Пэрсыдзкай і Аманскай затоках. Праход праз Армускую пратоку ў парты іншых краінаў не плянуецца абмяжоўваць.

Рашэньне прынятае пасьля правалу перамоваў ЗША і Ірану ў Ісламабадзе 11 красавіка. Бакі не дамовіліся наконт асноўнага пытаньня — ядзернай праграмы Тэгерану.

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі папярэдзіў, што будзе разглядаць набліжэньне вайсковых караблёў да пратокі як парушэньне рэжыму спыненьня агню і жорстка спыніць яго. Прадстаўнік іранскіх узброеных сілаў назваў дзеяньні ЗША «актам пірацтва» і прыгразіў, што ў выпадку пагрозы партам Ірану парты ў Пэрсыдзкай і Аманскай затоках ня будуць у бясьпецы.

Паводле The Wall Street Journal, у Белым доме абмяркоўваюць далейшыя крокі — ад вяртаньня да ўдараў па Іране да больш маштабнай апэрацыі, але апошні варыянт лічыцца менш імаверным. Крыніцы выданьня адзначылі, што адміністрацыя Трампа таксама разглядае варыянт кароткатэрміновай блякады з наступнай перадачай часткі адказнасьці за бясьпеку суднаходзтва саюзьнікам.

Пры гэтым саюзьнікі па NATO, уключна зь Вялікабрытаніяй і Францыяй заявілі, што ня будуць удзельнічаць у блякадзе, падкрэсьліўшы неабходнасьць аднаўленьня руху па Армускай пратоцы, церазь якую перавозяць пятую частку сусьветнага аб’ёму нафты, перадае Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША і Іран не дасягнулі пагадненьня на перамовах у ПакістанеДональд Трамп паведаміў пра блякаду Армускай пратокіТрамп: «Мы пачынаем працэс разьмінаваньня Армускай пратокі»