Трамп: «Мы пачынаем працэс разьмінаваньня Армускай пратокі»

Білборд з надпісам «Армуская пратока застаецца закрытай» на плошчы Рэвалюцыі ў Тэгеране, 8 красавіка 2026 году

У Пакістане пачаліся перамовы наконт завяршэньня вайны з удзелам іранскай і амэрыканскай дэлегацый. У той жа час прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра пачатак разьмінаваньня Армускай пратокі. Гэтае паведамленьне ён суправадзіў пералікам стратаў Ірану.

«Іхны флёт зьнішчаны, іхныя вайскова-паветраныя сілы зьнішчаныя, іхная зэнітная тэхніка не існуе, радары не працуюць, іхныя ракетныя заводы і вытворчасьць бесьпілётнікаў практычна зьнішчаныя разам з самімі ракетамі і бесьпілётнікамі, і, што найбольш важна, іхных „лідэраў“, якія займалі свае пасады цягам многіх гадоў, больш няма з намі, слава Алаху!» — напісаў Трамп у TruthSocial.

«Зараз мы пачынаем працэс ачысткі Армускай пратокі ў якасьці паслугі краінам усяго сьвету, уключна з Кітаем, Японіяй, Паўднёвай Карэяй, Францыяй, Нямеччынай і многімі іншымі. У гэта цяжка паверыць, але ў іх няма ні мужнасьці, ні волі, каб зрабіць гэтую працу самастойна», — заявіў Трамп, абвінаваціўшы іншыя краіны ў нежаданьні ўдзельнічаць у вайне, пачатай Ізраілем і ЗША.

Раней у суботу журналіст Axios Барак Равід напісаў у сацсетцы Х, што некалькі караблёў ВМС ЗША прайшлі праз Армускую пратоку. Высокапастаўлены амэрыканскі чыноўнік сказаў журналісту, што гэты крок ня быў узгоднены з Іранам. Равід нагадаў, што амэрыканскія вайсковыя караблі зайшлі ў пратоку ўпершыню з пачатку вайны.

Іранскія дзяржаўныя СМІ адпрэчылі прысутнасьць ВМС ЗША. Замест гэтага яны заявілі, што амэрыканскі карабель разьвярнуўся пасьля папярэджаньня, што будзе атакаваны, калі ня зьменіць курс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Ісламабадзе пачаліся перамовы наконт завяршэньня вайны ў ІранеШосты тыдзень вайны ў Іране. ФОТАЦі сарве вайна на Блізкім Усходзе «вялікую ўгоду» Лукашэнкі з ЗША?