Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сарве вайна на Блізкім Усходзе «вялікую ўгоду» Лукашэнкі з ЗША?

Банэр з рэклямай перамоваў паміж ЗША і Іранам у сталіцы Пакістану Іслямабадзе. 10 красавіка 2026 году
Банэр з рэклямай перамоваў паміж ЗША і Іранам у сталіцы Пакістану Іслямабадзе. 10 красавіка 2026 году

Сьцісла

  • Вайна на Блізкім Усходзе дае дадатковыя дывідэнды Расеі і стварае ня вельмі спрыяльны фон для Ўкраіны.
  • Яна адцягвае ўвагу сьвету ад тэмы палітвязьняў і палітычных рэпрэсій у Беларусі.
  • Разьлікі Лукашэнкі выкарыстаць удзел у Радзе міру могуць ня спраўдзіцца.
  • Унутры Беларусі наратывы пра «мірнае неба над галавой» могуць атрымаць новы подых.

Канфлікт на Блізкім Усходзе памяняў шмат якія геапалітычныя расклады. Ён адцягвае ўвагу ад расейска-ўкраінскай вайны. На тле ўсясьветных катаклізмаў міжнародная вага беларускага пытаньня падае. Цікавасьць ЗША да Беларусі можа зьменшыцца і «вялікая ўгода» не адбыцца.

Пункт разьвілкі для сусьветнай палітыкі

Вайна на Блізкім Усходзе стварае новую міжнародную рэчаіснасьць. Яна памяняла шмат якія геапалітычныя расклады, стала трыгерам сусьветнага энэргетычнага крызісу. Сыстэма міжнародных адносін апынулася на разьвілцы. Усе гэтыя працэсы так ці інакш закранаюць Беларусь. Ці зможа яна ўпісацца ў новыя тэндэнцыі, адаптавацца да перамен?

Блізкаўсходні канфлікт і расейска-украінская вайна па-новаму паставілі пытаньне, што зьяўляецца фактарам сілы дзяржавы. Высьветлілася, што разьвітая эканоміка і высокі тэхналягічны ўзровень могуць саступаць такім чыньнікам, як палітычная воля кіроўнай эліты, здольнасьць весьці вайну на зьнясіленьне. І ў гэтым пляне дыктатуры маюць пэўную перавагу над дэмакратыямі.

Што вайна на Блізкім Усходзе мяняе для Расеі і Ўкраіны

Варта канстатаваць банальную выснову, якая шматкроць адзначалася: вайна на Блізкім Усходзе адцягвае ўвагу ад расейска-украінскай вайны. На тле падзей вакол Ірану агрэсія Расеі ў вачах сусьветнай супольнасьці ўжо не выглядае такой брутальнай, страшнай, грубым парушэньнем парадку, заснаванага на правілах. Цяпер нешта падобнае робяць іншыя краіны.

Міжнародны вобраз Расеі як агрэсара (і Беларусі як суагрэсара) размываецца

У гэтым пляне, акрамя дзеяньняў ЗША, Ізраіля, важна зьвярнуць увагу на паводзіны Ірану. Ён пачаў пускаць ракеты ва ўсе бакі. Пад раздачу трапілі нават Турэччына, Кіпр, Азэрбайджан. Ад закрыцьця Армускай пратокі церпяць шмат краін, ніяк не датычных да гэтай вайны, нават саюзьнікі Ірану (Кітай).

Гэта мае свае наступствы. Міжнародны вобраз Расеі як агрэсара (і Беларусі як суагрэсара) і міжнароднага ізгоя размываецца. Сусьветныя цэны на нафту і газ растуць, патрэба ў расейскіх энэргарэсурсах падвышаецца, у выніку чаго Расея атрымае дадатковыя даходы для вядзеньня вайны. У Пуціна зьяўляецца менш стымулаў яе спыняць.

Украіна ж цяпер можа разьлічваць на меншую вайсковую падтрымку. Цікавасьць ЗША да тэмы замірэньня, спыненьня расейска-украінскай вайны зьмяншаецца.

«Беларускае пытаньне» на сусьветных шалях

На тле сусьветных катаклізмаў міжнародная вага «беларускага пытаньня» падае. Сьвету не да палітвязьняў і палітычных рэпрэсій у Беларусі. І нават мігранцкія атакі на мяжы, кантрабандныя балёны ўжо не выклікаюць такога ажыятажу, як раней. Гэтыя тэмы хвалююць толькі суседзяў Беларусі. Таму ўсе дыскусіі ў колах беларускай грамадзянскай супольнасьці наконт аптымальнай тактыкі дзеля вызваленьня палітвязьняў падвісаюць у няпэўнасьці.

Але, зь іншага боку, і для рэжыму Лукашэнкі кошт гэтага «тавару» на міжнародным рынку зьніжаецца. Момант, калі яго можна было выгадна манэтызаваць, здаецца, упушчаны. Гульня палітвязьнямі можа ня даць таго эфэкту, на які разьлічваюць улады.

Беларусь, ЗША і Рада міру

Цікавасьць Дональда Трампа да Беларусі можа зьменшыцца. У яго цяпер шмат іншых, больш важных праблем.

Раней вызваленьні беларускіх палітвязьняў можна было прадставіць як дэманстрацыю посьпеху Трампа

Вызваленьне беларускіх палітвязьняў зьвязвалі з надзеямі Трампа атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру. Цяпер шанцы на гэта моцна ўпалі. І палітычная вага згаданага пытаньня для амэрыканскай адміністрацыі зьмяншаецца. Раней гэтыя вызваленьні можна было прадставіць як дэманстрацыю посьпеху Трампа. Аднак цяпер на тле росту цэн на бэнзін у ЗША тэма беларускіх палітвязьняў ня моцна ўзрушыць амэрыканцаў.

Лукашэнка, зачапіўшыся за Раду міру, імкнецца выцягнуць увесь ланцуг, з дапамогай ЗША вырашыць праблемы ў адносінах з Захадам. Але гульня з гэтай цацкай можа надакучыць Трампу. Бо дзе тут месца Рады міру на тле вялікай вайны на Блізкім Усходзе? Таму разьлікі Лукашэнкі выкарыстаць гэтую інстытуцыю як рычаг, які пераверне дачыненьні Беларусі з ЗША, могуць ня спраўдзіцца. І «вялікая ўгода» можа не адбыцца.

Дзе шукаць «ціхую гавань»

Што тычыцца ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі, то міталягема «толькі б не было вайны», наратывы пра «мірнае неба над галавой» могуць атрымаць новы подых. Не выпадкова Лукашэнка на гэтым акцэнтуе ўвагу, прэзэнтуе Беларусь як выспу міру і пакою на фоне сусьветных забурэньняў, якія пашыраюцца. Да таго ж паляпшэньне сытуацыі ў расейскай эканоміцы ад росту цэнаў на энэргарэсурсы пазытыўна адаб’ецца на эканоміцы Беларусі.

Тым часам для Лукашэнкі ўзьнікае і новая праблема. Апошнімі гадамі ён разглядаў Эміраты, Аман — як «ціхую гавань», дзе можна схавацца, адпачыць, захаваць фінансавыя рэсурсы, а потым, магчыма рэінвэставаць іх у Беларусь ужо як замежны капітал. А цяпер аказалася, што гэтыя краіны апынуліся прыфрантавымі дзяржавамі, уцягнутымі ў вайну насуперак сваёй волі. Дадатковы галаўны боль.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG