У паведамленьні гаворыцца, што перамоўнікі першапачаткова плянавалі абмеркаваць «парушэньне абяцаньняў» Злучанымі Штатамі — відавочна, маюцца на ўвазе атакі Ізраілю ў Лібане супраць «Хэзбалы», якую Ізраіль і ЗША прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.
Тэгеран сьцьвярджае, што гэтыя атакі парушаюць рэжым спыненьня агню. Вашынгтон кажа тое самае пра амаль поўную блякаду Армускай пратокі, якую працягвае Іран.
Дэлегацыя афіцыйных асобаў ЗША на чале зь віцэ-прэзыдэнтам Джэй Дзі Вэнсам, прыбыла раніцай 11 красавіка ў Ісламабад. У яе склад таксама ўваходзіць спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта Дональда Трампа Стыў Ўіткаф і зяць Трампа Джарэд Кушнэр.
Іранская дэлегацыя на чале зь сьпікерам парлямэнту Махамадам Багерам Калібафам і міністрам замежных спраў Абасам Аракчы прыбыла днём раней.
Гэта першыя з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 году перамовы паміж ЗША і Іранам на самым высокім узроўні і першыя афіцыйныя перамовы паміж бакамі з 2015 году, калі была дасягнутая дамова наконт ядзернай праграмы Ірану.
Пасьля сустрэчы з іранскай дэлегацыяй прэм’ер-міністар Пакістану асобна сустрэўся з дэлегацыяй ЗША. Падрабязнасьцяў ягоных перамоў з Вэнсам пакуль няма.
Іранская дэлегацыя абмяркоўвае магчымасьць прамых ці непрамых перамоваў з амэрыканскім бокам ужо сёньня, 11 красавіка, паведаміла з спасылкай на крыніцы ва ўрадзе іранскае інфармацыйнае агенцтва Fars, блізкае да Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.
Форум