Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што пасьля 16 гадоў знаходжаньня на пасадзе прэм’ер-міністар Віктар Орбан можа страціць уладу, саступіўшы лідэру апазыцыі Пэтэру Мадзяру.
За вынікамі выбараў будуць уважліва сачыць ня толькі ў Кіеве і Маскве. Складаныя адносіны Вугоршчыны з многімі краінамі Эўразьвязу азначаюць, што для краінаў ЭЗ таксама вельмі важныя вынікі галасаваньня. Пры гэты Вашынгтон выказаў моцную падтрымку Орбану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп падтрымаў Орбана перад выбарамі ў ВугоршчынеПры Орбане Вугоршчына адыгрывае ключавую ролю ў палітыцы ЭЗ
Як чалец ЭЗ, краіна здолела заблякаваць або зьмякчыць многія рашэньні ЭЗ наконт санкцыяў супраць Расеі пасьля яе поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Нядаўна Будапэшт заблякаваў выдзяленьне Кіеву крэдыту ў памеры 90 мільярдаў эўра на 2026-2027 гады, першапачаткова ўзгодненага лідэрамі ЭЗ у сьнежні 2025 году. У мінулым месяцы вугорская паліцыя канфіскавала два фургоны, якія перавозілі ва Ўкраіну больш за 80 мільёнаў даляраў наяўнымі і 9 кіляграмаў залатых зьліткаў, а таксама затрымала сем украінскіх грамадзян, якія накіроўваліся з Аўстрыі ў сваю краіну, што лічылася рэгулярнай перавозкай грашовых інструмэнтаў.
Гэтыя крокі былі зробленыя пасьля таго, як Орбан абвінаваціў Украіну ў спыненьні паставак расейскай нафты па трубаправодзе «Дружба». Украіна сьцьвярджала, што трубаправод быў пашкоджаны расейскімі ўдарамі і што рамонт зойме час.
Усе гэтыя праблемы паўплывалі на выбарчую кампанію, як і выцечкі тэлефанаваньняў, падчас якіх міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта нібыта інфармаваў свайго расейскага калегу Сяргея Лаўрова аб зьмесьце перамоваў на высокім узроўні ў межах ЭЗ.
Спачатку кіраўнік МЗС Вугоршчыны адмаўляў гэта, але потым пацьвердзіў, што ён размаўляе ня толькі з расейскімі калегамі да і пасьля сустрэчаў у межах ЭЗ, але і з калегамі з Ізраілю, Сэрбіі, Турэччыны і ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вугоршчына рэгулярна перадавала Маскве зьмест перамоваў эўрапейскіх дыпляматаў, — матэрыялы праслухоўваньняСцэнар 1: Перамога Орбана
Напярэдадні выбараў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сацыяльных сетках, што Орбан «мае маю поўную і абсалютную падтрымку». Паміж двума лідэрамі шчыльныя сувязі, заснаваныя на ідэалягічнай блізкасьці і асабістай «хіміі».
Калі Орбан пераможа, можна чакаць, што гэтыя шчыльныя адносіны працягнуцца.
Чыноўнікі ЭЗ казалі Радыё Свабода, што яны чакаюць, што Орбан «крыху памягчэе» і здыме некаторыя вэта з рэшэньняў Эўразьвязу, калі ён здалее застацца на пасадзе.
Але ў гэтым выпадку яны таксама чакаюць, у цэлым, працягу цяперашняга курсу — як і палітычныя аналітыкі, зь якімі размаўляла Радыё Свабода.
«Адзіная зьмена зараз палягае ў тым, што ён не ўлічыў залежнасьць Вугоршчыны ад паставак расейскай нафты праз Украіну і гэта дае ўкраінцам моцныя карты», — сказала Жужана Вэг, супрацоўніца Нямецкага фонду Маршала ў Бэрліне.
«Транзыт праз трубаправод „Дружба“ у цяперашні час мае важнае значэньне для паставак энэргіі ў Вугоршчыну, і, калі ня будзе хуткага вырашэньня праблемы блякады Іранам Армускай пратокі, то гэта можа быць момантам, калі Ўкраіна таксама зможа рабіць ціск на Вугоршчыну» — дадала яна.
Ботанд Фэлэдзі, кіраўнік брусэльскай кансалтынгавай кампаніі Red Snow, заявіў, што перамога Орбана прывядзе да замацаваньня цяперашніх тэндэнцыяў зьнешняй палітыкі Вугоршчыны.
Ён прадбачыць «пагаршэньне адносінаў з ЭЗ і такім чынам, патэнцыйную палітычную падтрымку з боку Трампа, які бачыць Вугоршчыну добрым вучнем ідэалёгіі MAGA (Зробім Амэрыку зноў вялікай) у Эўропе. А расейцы проста будуць выкарыстоўваць гэта, як яны выкарыстоўвалі гэта раней, без якой-небудзь эмацыйнай прывязанасьці і пакуль гэта карысна».
Аднак, дадаў ён, ён чакае зрухаў па некаторых пытаньнях пасьля заканчэньня выбараў, у прыватнасьці, вырашэньня пытаньня з канфіскаваным украінскім золатам — «гэта будзе прадметам перамоваў».
Вугорскі ўрад не адказаў на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць будучыя крокі ў зьнешняй палітыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
FT: Расея запусьціла інфармацыйную кампанію з мэтай дапамагчы партыі Орбана перамагчы на парлямэнцкіх выбарахСцэнар 2: Перамога Мадзяра
У выбарчай кампаніі вугорская апазыцыя была сканцэнтраваная ў асноўным на ўнутраных пытаньнях, у прыватнасьці, на барацьбе з карупцыяй.
У інтэрвію Радыё Свабода ў кастрычніку 2025 года лідэр апазыцыі Пэтэр Мадзяр заявіў, што яго крокі ў зьнешняй палітыцы будуць асьцярожнымі.
У прыватнасьці, ён сказаў, што хуткага спыненьня імпарту энэрганосьбітаў з Расеі ня будзе, нягледзячы на ціск ЭЗ на Вугоршчыну і суседнюю Славаччыну, каб яны прытрымліваліся рашэньняў ЭЗ наконт поўнага спыненьня імпарту расейскіх вуглевадародаў да 2027 года.
Цяпер Вугоршчына імпартуе з Расеі каля 95% прыроднага газу, які яна спажывае. У першай палове 2025 году на Расею прыпадала 92% імпарту нафты ў Вугоршчыну.
«Я разумею, што Мадзяр не гатовы рызыкаваць загадзя, заяўляючы пра патэнцыйныя мэты, якія ён ня можа выканаць», — сказаў Ботанд Фэлэдзі, кіраўнік брусэльскай кансалтынгавай кампаніі Red Snow.
«Галоўная праблема ў тым, што гэтыя кантракты ўсё яшчэ канфідэнцыйныя, і любому будучаму ўраду ці Пэтэру Мадзяру складана рэальна ацаніць, які насамрэч зьмест гэтых кантрактаў з Расеяй», — дадаў ён.
Цяперашняя нестабільная сытуацыя на міжнародных энэргетычных рынках, выкліканая вайной на Блізкім Усходзе, толькі пагаршае сытуацыю.
Мадзяр рабіў заявы аб павароце зьнешняй палітыкі Вугоршчыны ад Масквы ў бок ЭЗ і NATO.
Пры гэтым ён пазьбягаў канкрэтных выказваньняў пра палітыку адносна Ўкраіны, але заявіў, што не падтрымлівае крокі па паскораным уступленьні Ўкраіны ў ЭЗ.
«Яго перадвыбарчая рыторыка па Ўкраіне была вельмі стрыманай. Ён не адважваецца наўпрост, адкрыта супрацьстаяць Віктару Орбану ў гэтым пытаньні», — сказаў Радыё Свабода Далібор Рогач, старшы навуковы супрацоўнік Амэрыканскага інстытуту прадпрымальніцтва.
«Але пасьлявыбарчая рэальнасьць, у якой Мадзяру давядзецца аднавіць адносіны Вугоршчыны з ЭЗ, зробіць непазьбежным тое, што Вугоршчына стане больш канструктыўным партнэрам, у тым ліку для Ўкраіны», — дадаў ён.
Жужана Вэг, супрацоўніца Нямецкага фонду Маршала ў Бэрліне. выказала падобную думку.
«Стаўленьне і падыход у цэлым будуць іншымі. Я думаю, што будзе спроба партнэрства ў дачыненьні да палітыкі ЭЗ адносна Ўкраіны», — сказала яна.
У сваім інтэрвію Радыё Свабода Мадзяр таксама высока ацаніў мірную ініцыятыву Трампа па Газе і ціск адміністрацыі ЗША на Расею, каб тая пагадзілася на «мір ці хаця б на спыненьне агню» ва Ўкраіне.
Калі 7 красавіка віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс наведаў Будапэшт, ён заявіў пра падтрымку Орбана Белым домам, але дадаў, што Злучаныя Штаты будуць «супрацоўнічаць з тым, хто пераможа на гэтых выбарах».