Дата дня
2011 — адбыўся выбух у менскім мэтрапалітэне. У выніку тэракту загінулі 15 чалавек, 203 пацярпелі. Згодна з прысудам меркаваных выканаўцаў выбуху Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава расстралялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
15 гадоў тэракту ў менскім мэтро. Чаму журналісты, якія працавалі на месцы выбуху і на судзе, дагэтуль ня вераць у афіцыйную вэрсіюТаксама ў гэты дзень
1863 — каля вёскі Новы Двор паўстанцкі аддзел Лідзкага павету на чале зь Людвікам Нарбутам зазнаў паразу ад колькасна большага расейскага войска.
1923 — у Вільні пачаўся першы зьезд пэдагогаў беларускіх сярэдніх школ Заходняй Беларусі, скліканы Таварыствам беларускай школы.
1927 — прынялі другую Канстытуцыю БССР.
1945 — адбылося паўстаньне вязьняў канцлягера Бухэнвальд. У памяць пра гэта 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлягераў.
1963 — гурт «The Beatles» выдаў сынгл «From Me to You». Гэта стала іх першай песьняй, якая трапіла на вяршыню ангельскага гіт-параду.
The Beatles, Рынга Стар, Пол Макартні, Джордж Гарысан і Джон Ленан
1995 — 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму. На рэфэрэндум выносіліся пытаньні аб скасаваньні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, зьмене дзяржаўных сымбаляў, інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.
Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад фракцыі БНФ, 12 красавіка 1995
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Прэлюдыя фашыстоўскага перавароту». 30 гадоў таму дэпутаты апазыцыі галадоўкай спрабавалі спыніць аўтарытарызм ЛукашэнкіУ гэты дзень нарадзіліся
1755 — Джэймз Паркінсан, ангельскі доктар, які першы апісаў сымптомы захворваньня, вядомага сёньня пад назвай хваробы Паркінсана. Сёньня ж адзначаецца Сусьветны дзень змаганьня з хваробай Паркінсана.
1808 — Леан Зянковіч, паэт і мэмуарыст.
1936 — Івонка Сурвіла, дзяячка беларускай эміграцыі, ад 1997 году старшыня Рады БНР.
Івонка Сурвіла падчас сьвяткаваньня 100 год БНР у Празе
1959 — Сяргей Астравец, журналіст і пісьменьнік.
1980 — Сьцяпан Латыпаў, арбарыст і прамысловы альпініст, палітвязень.
У памяці
1937 — у няволі памёр рэпрэсаваны беларускі пісьменьнік і дзяржаўны дзяяч Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч). Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён памёр у Магілёўскай псыхлякарні. Таксама існуе меркаваньне, што ён скончыў жыцьцё самагубствам.
Зьміцер Жылуновіч зь сям'ёй
1977 — Жак Прэвэр, францускі паэт.
1978 — Антон Бялевiч, паэт.
Я юнацтва ў магілу
Не вазьму: цесна там.
Яго песню і сілу
Я жывым перадам.
1986 — Міхаіл Ганчарык, вучоны-біёляг, паэт, пісьменьнік, вязень ГУЛАГу.
З гора сьпяваючы песьню маркотную,
Лейцы ў руках мазалістых трымаючы,
Ціха ідзе ён за сошкай сагнуўшыся,
Долю сваю тут у полі шукаючы.
2007 — Курт Вонэгут, амэрыканскі пісьменьнік.
2007 — Валеры Задаля, журналіст і грамадзкі дзяяч.