Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Валер Задаля


Радыё Свабода Жалобная вестка прыйшла з Горадні — на 55-м годзе жыцьця раптоўна памёр актывіст Таварыства беларускай школы журналіст Валер Задаля.

Валер Задаля нарадзіўся 15 сакавіка 1953 году ў Клецку, на Меншчыне.

Пасьля заканчэньня факультэту журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту быў карэспандэнтам мясцовай раёнкі, рэдактарам наваградзкай газэты “Новае жыцьцё”, намесьнікам старшыні Тэлерадыёкампаніі Горадні.

Гаворыць пісьменьнік і наш гарадзенскі калега Сяргей Астраўцоў:

“І студыя ТБМ у яго была заснаваная, і ён запрашаў людзей з розных палітычных партыяў, каб яны маглі выказвацца, каб гэта было цікава. Ён адчуваў вось гэтую дэмакратызацыю, якая пачалася ў пачатку 1990-х, і ён стараўся гэтаму спрыяць на тэлебачаньні.

Дарэчы, ён заўсёды размаўляў па-беларуску, і запрашаў беларускамоўных краязнаўцаў і навукоўцаў, каб беларуская мова была на тэлебачаньні й каб беларушчына была на тэлебачаньні.

І не зважаючы, што ён быў чыноўнікам, ён увесь час быў у Партыі БНФ. Менавіта з-за гэтага яго цкавалі, і, канечне, ён быў там нязручны для ўладаў. У канцы 1990-х гадоў яго выжылі адтуль”.

Ад таго часу Валер Задаля цалкам аддаў сябе грамадзкай працы. Спачатку ў аб’яднаньні “Ратуша”, а потым у Таварыстве беларускай школы. Там ён наладжваў сустрэчы зь вядомымі дзеячамі беларускай культуры, займаўся выданьнем кніг мясцовых літаратараў і краязнаўцаў, заснаваў і рэдагаваў бюлетэнь “Беларуская школа”, у якім друкаваў матэрыялы аб стане беларускамоўнага навучаньня на Гарадзеншчыне.

Прыгадвае сябра дзяцінства Валеры Задалі, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Лявон Дзейка:

“Ён рабіў уражаньне такога сур’ёзнага, самавітага, грунтоўнага чалавека, мужчыны, які цьвёрды ў сваіх перакананьнях і сваіх жыцьцёвых абавязках, у сваёй працы. Тое, што яму нядаўна мінула толькі 54 гады, гэта вельмі балюча, таму што такіх людзей не хапае, і калі яны заўчасна сыходзяць і запатрабаваны нашым сёньняшнім часам, менавіта беларускім часам, ну то проста баліць душа”.

У Валеры Задалі засталіся жонка Людміла і сын Антон. А яшчэ многія й многія паплечнікі й вучні.

Гаворыць маладая ягоная каляжанка з гарадзенскага ТБШ Юля Коцкая:

“Валеры Сцяпанавіч быў маім жыцьцёвым настаўнікам, таму што гэта чалавек, які надаў мне вялікі імпульс пашаны да роднай беларускай мовы. І праца зь ім у Таварыстве беларускай школы ў Горадні зьяўляецца для мяне адным з самых яскравых момантаў у маім жыцьці.

І для мяне цяжка ўявіць, што я зайду на працу — і там яго ня будзе, бо гэта быў сапраўды вельмі годны, вельмі шаноўны і вельмі дасьведчаны чалавек”.

Валеры Задаля будзе пахаваны 13 красавіка на могілках у Аульсе, што ў прыгарадзе Горадні.
XS
SM
MD
LG