30 мігрантаў праніклі ў Літву зь Беларусі праз падкоп на мяжы

На мяжы Літвы і Беларусі, архіўнае фота

Пра затрыманьне ў Віленскім раёне на мяжы зь Беларусьсю групы мігрантаў паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Паводле зьвестак ведамства, увечары 6 красавіка сыстэма відэаназіраньня заставы імя Юргіса Кібартаса Віленскага памежнага аддзелу «зафіксавала нетыповае парушэньне дзяржаўнай мяжы».

«Было заўважана, як каля вёскі Баравікіні праз выкапаную пад зямлёй нару ўсяго за некалькі хвілін адзін за адным незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу Літвы 30 чалавек», — гаворыцца ў паведамленьні.

Памежнікі неадкладна паведамілі аб здарэньні калегам з суседніх памежных заставаў. У апэратыўна распачатай апэрацыі ўдзельнічалі сілы САДМ, супрацоўнікі паліцыі, кінолягі, былі паднятыя верталёт і дроны.

Адзначаецца, што большую частку парушальнікаў мяжы неўзабаве затрымалі.

Таксама затрымалі траіх іншаземцаў, якія мелі перавозіць мігрантаў у Польшчу. 35-гадовы грамадзянін Украіны, які кіраваў мікрааўтобусам Toyota Proace, прызнаўся, што прыбыў забраць нелегальных мігрантаў, паведамляе САДМ. Тыя ж дзеяньні плянавалі 41-гадовы грамадзянін Грузіі на аўтамабілі Opel Corsa і 24-гадовы ўкраінец на аўтамабілі VW Passat.

Аўтамабілі зарэгістраваныя ў Польшчы. З допытаў гэтых не знаёмых адзін з адным кіроўцаў і іх перапіскі ў мабільных праграмах устаноўлена, што іх дзеяньні каардынаваліся, яны атрымлівалі ўказаньні наконт перавозу мігрантаў.

8 красавіка быў таксама затрыманы 37-гадовы грамадзянін Літвы, які на аўтамабілі VW Tiguan перавозіў шасьцёх мігрантаў — грамадзян Афганістану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы чатырох чалавек асудзілі на 1,5­—8 гадоў зьняволеньня за перапраўку мігрантаў празь Беларусь і Балканы

У працяг «маштабнай апэрацыі», як адзначае САДМ, 8 красавіка ў Клайпедзе памежнікі затрымалі 44-гадовага грамадзяніна Азэрбайджану і 28-гадовага грамадзяніна Літвы, якія маюць дачыненьне «ня толькі да гэтых злачынстваў, але і падазраваныя ў арганізацыі іншых злачынстваў, зьвязаных зь перавозам людзей церазь дзяржаўную мяжу». Затрыманых зьмясьцілі ў ізалятар і пачалі супраць іх дасудовае расьсьледаваньне. Падазраваным пагражае пазбаўленьне волі ад 2 да 8 гадоў.

Да вечара 8 красавіка памежнікі затрымалі 27 з 30 чалавек, якія незаконна перасеклі мяжу, 24 зь іх вярнулі ў Беларусь, дваіх з прычыны праблемаў здароўя даставілі ў мэдычныя ўстановы. Іншаземцы, якія нелегальна праніклі ў Літву, — грамадзяне Афганістану, Іраку і Пакістану. Толькі частка зь іх мела дакумэнты, якія сьведчаць асобу.

Яшчэ траіх іншаземцаў шукаюць.

Латвія і Літва апошнімі днямі адзначаюць рэзкі рост колькасьці спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На мяжы зь Беларусьсю літоўскія памежнікі разьвярнулі 35 нелегальных мігрантаў — гэта рэкорд за год