Віленскі аэрапорт зноў закрывалі праз мэтэазонды з тэрыторыі Беларусі

Віленскі аэрапорт

Частка мэтэазондаў, якія заляцелі ў Літву, наўмысна накіроўваліся на Віленскі аэрапорт, сьцьвярджаюць літоўскія ўлады.

Дарус Бута, дарадца Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі, заявіў, што некаторыя з мэтэазондаў, запушчаных у Літву ўначы, былі наўмысна скіраваныя ў бок Віленскага аэрапорту. У выніку ягоная праца была прыпыненая да раніцы пятніцы, піша BNS.

«Учора ўвечары было зафіксавана да 20 навігацыйных пазнак, тыповых для паветраных балёнаў з кантрабандай. Важна адзначыць і падкрэсьліць, што, паводле ацэнкі экспэртаў, якія кантралююць паветраную прастору над лётнішчам Вільні, прынамсі некаторыя з гэтых шароў былі накіраваныя практычна наўпрост у паветраную прастору аэрапорту Вільні», — паведаміў Бута радыёстанцыі LRT.

На пытаньне аб тым, ці перавозілі адпраўленыя мэтэазонды грузы, прадстаўнік цэнтру адказаў, што служба працягвае працу і падасьць больш падрабязную інфармацыю 10 красавіка.

Абмежаваньні на выкарыстаньне паветранай прасторы былі ўведзеныя 9 красавіка, а 22:30 і зьнятыя толькі празь 5 гадзін.

З прычыны абмежаваньняў восем рэйсаў былі перанакіраваныя ў аэрапорт Коўны і два — у аэрапорт Рыгі, дзевяць рэйсаў былі скасаваныя, а пяць — затрыманыя. Гэта закранула больш за 3 тыс. пасажыраў.

Таксама магчымы асобныя затрымкі рэйсаў 10-11 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Штучныя ўльтыматумы». Прэс-сакратар МЗС Беларусі пракаментаваў заявы прэм'ер-міністра і прэзыдэнта Літвы

Апошні раз пралёт мэтэазондаў здарыўся на мінулым тыдні, 31 сакавіка. Сёлета праца сталічнага аэрапорту Літвы сем разоў была парушаная з-за пагрозы мэтэазондаў з кантрабандай.

Летась такія балёны парушылі расклад больш як 300 рэйсаў, закрануўшы 47 тыс. пасажыраў і прывёўшы да закрыцьця аэрапортаў, а пераважна Віленскага, амаль на 60 гадзін.

Кіраўніцтва Літвы разглядае гэтыя ўварваньні як гібрыдную атаку з боку рэжыму Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Коўл заклікаў Вільню да дыялёгу зь Менскам і аднаўленьня транзыту ўгнаеньняў празь Літву