«Гэта базавы прынцып, які зразумелы ўсім, у тым ліку нашым партнэрам за акіянам: нядаўні візыт спэцпасланьніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла гэта наглядна пацьвердзіў.
Штучныя ж ультыматумы, якія спрабуе вылучаць Вільня, ня маюць нічога агульнага ні з добрасуседзтвам, ні з нармальнай дыпляматычнай практыкай», — гаворыцца ў заяве.
Паводле Варанкова, «у літоўскага боку назапасілася нямала пытаньняў, адказаў на якія патрабуе літоўскае грамадзтва. Ад працы мяжы і магчымасьці наведваць сваякоў, даглядаць магілы блізкіх да разбураных бізнэс-сувязяў зь Беларусьсю. І вырашаць гэтыя пытаньні ў адзіночку мы не зьбіраемся. Тым больш, што яны ляжаць у плоскасьці інтарэсаў самой Літвы».
Раней спэцыяльны пасланьнік ЗША для Беларусі Джон Коўл заклікаў Літву правесьці двухбаковую палітычную сустрэчу зь Менскам і аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў.
«Так, я лічу, што гэта неабходна... Трэба сесьці і размаўляць. Калі не атрымліваецца, тады ўстаеш і сыходзіш. Але я спадзяюся, што Літва пагодзіцца на двухбаковы дыялёг на ўзроўні віцэ-міністраў замежных справаў. Трэба ўхіліць перашкоды, якія замінаюць жыцьцю па абодва бакі мяжы», — заявіў Коўл у інтэрвію літоўскаму нацыянальнаму трансьлятару LRT, апублікаваным у пятніцу.
Коўл прапанаваў таксама правесьці сустрэчу на ўзроўні віцэ-міністраў, падкрэсьліўшы неабходнасьць дыялёгу з Аляксандрам Лукашэнкам без «папярэдніх умоваў».
«Глядзіце, сьвет поўны добрых і дрэнных людзей, але чым больш яны маюць зносіны, тым лепш. Прэзыдэнт Трамп езьдзіў у Паўночную Карэю. І так сёе-тое робіцца — праз камунікацыю, — дадаў ён.
Пасьля візыту ў Вільню спэцыяльны пасланьнік ЗША накіраваўся ў Беларусь на сустрэчу з Лукашэнкам, пасьля чаго вызвалілі 250 палітвязьняў.
Пазыцыя ўладаў Літвы
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што дыялёг можа адбывацца толькі тады, калі «іншы бок дэманструе добрую волю ў разьвіцьці суседзкіх адносінаў». Аднак цяпер ён гэткай «добрай волі» з боку Беларусі ня бачыць.
Паводле LRT, ён таксама падкрэсьліў, што пытаньне санкцыяў супраць Беларусі вырашаецца на эўрапейскім узроўні.
«Найперш хачу зьвярнуць увагу, і я сказаў гэта ўпаўнаважанаму, што пытаньне ўгнаеньняў вырашаецца на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу. Зусім нядаўна санкцыі былі падоўжаныя яшчэ на 12 месяцаў, яны былі ўведзеныя значна раней і зьвязваюцца ня столькі зь цяперашнімі гібрыднымі атакамі, колькі з парушэньнямі правоў чалавека, зь незаконнымі прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году. І, безь ніякага сумневу, з рэальным de facto ўдзелам Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны», — заявіў ён.
Прэзыдэнт Літвы таксама кажа, што праблему з кантрабанднымі балёнамі пакуль не ўдалося вырашыць.
«Апошнія атакі балёнамі, на жаль, абвяргаюць тыя здагадкі, пра якія казаў паважаны спадар Дж. Коўл, што пытаньне балёнаў у асноўным удалося вырашыць. На жаль, не ўдалося вырашыць, і гэта нават дэманструецца такім паказальным мэтадам адразу пасьля ад’езду спэцыяльнага пасланьніка зь Беларусі», — заявіў ён.
Прэмʼер-міністар Літвы Інга Ругінене зьняпраўдзіла дапушчэньні, што на сустрэчы з Коўлам ішлі перамовы пра транзыт калію.
«Я бачу рызыку ў тым, што мы самі часта наносім сабе шкоду. Мы часта абвінавачваем амэрыканцаў, беларусаў ці кагосьці яшчэ, але самі пачынаем размаўляць і разьдзімаць тэмы, якія яшчэ нават не падымаліся. І самі правакуем пэўныя дзеяньні. Ніхто не прасіў нас абмяркоўваць пытаньне транзыту угнаеньняў», — сказала кіраўніца ўраду Літвы ў інтэрвію парталу навін Lrytas, перадае Літоўская тэлевізія.
Прэмʼерка паўтарыла, што не атрымлівала ад ЗША просьбаў скасаваць санкцыі супраць беларускіх угнаеньняў, і падкрэсьліла, што пытаньні на гэтую тэму пасьля яе сустрэчы з амэрыканскім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі Джонам Коўлам падымаліся беспадстаўна.
«Як нашыя паважаныя палітыкі, якія гучна пра гэта кажуць, уяўляюць сабе, што можа адбывацца транзыт угнаеньняў, што амэрыканцы ўжо гэта плянуюць... Гэта як у казцы пра ваўка — будзеш крычаць і ў выніку сам яго наклічаш. Тут вельмі падобны стыль», — адзначыла Ругінене.
Паводле яе, Літва і іншыя краіны Эўрапейскага Зьвязу павінны трымацца цьвёрдай пазыцыі ў пытаньні санкцыяў супраць Беларусі, інакш стратэгічныя партнэры пачнуць сумнявацца ў пазыцыі супольнасьці.
«Калі мы самі ня ўпэўненыя ў сабе, калі пачынаем сумнявацца ўва ўласных дзеяньнях, тады ў іх пачынаюць сумнявацца і іншыя, і нашыя стратэгічныя партнэры. Як я і кажу — перш чым вінаваціць кагосьці іншага, мы перадусім павінны зрабіць высновы для сябе, быць больш рашучымі, мець стрыжань і менш сумнявацца ў сваіх дзеяньнях. Тады, імаверна, вынік будзе іншым», — сказала Ругінене.
Інга Ругінене заявіла, што Літва разгледзіць прапанову пасланьніка ЗША Джона Коўла сустрэцца з уладамі Беларусі на ўзроўні віцэ-міністраў, але для гэтага ёсьць некалькі ўмоваў.
Аднак прэм’ер-міністар адзначае, што не абмяркоўвала з пасланьнікам ЗША пытаньне транзту беларускіх угнаеньняў — для гэтага няма ніякіх умоваў, бо зараз дзейнічаюць санкцыі Эўрапейскага Зьвязу.
«Транзыт угнаеньняў празь Літву ніколі не абмяркоўваўся з пасланьнікам ЗША ні на якім узроўні. Мы казалі пра паветраныя балёны, пра вызваленьне грузавікоў, нелегальную міграцыю — мы абавязкова гаварылі пра гэта, бо гэта нашыя ўмовы, якія Беларусь павінна выканаць на ўзроўні віцэ-міністраў», — заявіла прэм’ер-міністар І. Ругінене парталу LRT.lt.
Паводле прэм’еркі, Літва ставіць перад Беларусьсю наступныя ўмовы: па-першае, мэтэаралягічныя балёны, якія выкарыстоўваюць для кантрабанды, не павінны пералятаць церазь мяжу; па-другое, усе грузавікі павінны быць вернутыя безь якіх-небудзь дадатковых збораў або фінансавых штрафаў; па-трэцяе, Беларусь не павінна дапускаць нелегальных мігрантаў да перасячэньня мяжы. «Ідзецца толькі пра тэхнічную сустрэчу для абмену пазыцыямі. Гэтая сустрэча можа адбыцца, калі будуць выкананыя ўмовы», — сказала прэм’ер-міністар.
Інга Ругінене падкрэсьліла, што, хоць паветраных балёнаў, якія перасякаюць мяжу, крыху паменела, але гэта таксама вынік актыўнай барацьбы Літвы з кантрабандай. Тым часам у чацвер вечарам Віленскі аэрапорт зноў быў закрыты на гадзіну з прычыны прылёту балёнаў.