У ЗША заявілі, што Ізраіль і Лібан сядуць за стол перамоваў у Вашынгтоне

Бэйрут пасьля ўдару ізраільскіх войскаў, красавік 2026

Сустрэча адбудзецца на наступным тыдні, заявіў чыноўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША журналістам. Раней зьявіліся асьцярогі, што бамбардаваньні Ізраілем лібанскай тэрыторыі могуць парушыць часовае спыненьне агню паміж ЗША і Іранам.

Яшчэ 8 красавіка ў выніку самых магутных удараў Ізраілю па Лібане з моманту ўступленьня «Хэзбалы» ў вайну на Блізкім Усходзе загінулі сотні людзей. Гэта парушыла няўстойлівае замірэньне паміж Вашынгтонам і Тэгеранам ужо менш чым праз 48 гадзін пасьля яго ўступленьня ў сілу.

«Мы можам пацьвердзіць, што на наступным тыдні Дэпартамэнт правядзе сустрэчу для абмеркаваньня бягучых перамоваў аб спыненьні агню з Ізраілем і Лібанам», — сказаў амэрыканскі чыноўнік, якога цытуе AFP.

Заява прагучала пасьля таго, як прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу загадаў сваім міністрам шукаць простых перамоваў зь Лібанам і скіраваць іх на раззбраеньне падтрымоўванай Іранам «Хэзбалы».

Прадстаўнік лібанскага ўраду заявіў агенцтву AFP, што Бэйрут патрабуе найперш спыненьня агню, перш чым пачынаць якія-небудзь перамовы з Ізраілем.

Ні Ізраіль, ні Лібан публічна не пацьвердзілі перамоваў у ЗША на наступным тыдні, апошнія ўдары Ізраілю выклікалі рэзкую крытыку з боку іранскіх і пакістанскіх чыноўнікаў напярэдадні перамоваў у Ісламабадзе, якія, як чакаецца, засяродзяцца на ключавым патрабаваньні ЗША: аднаўленьні суднаходзтва ў Армускай пратоцы.

9 красавіка «Хэзбала» заявіла, што вядзе блізкі бой з ізраільскімі войскамі ў раёнах на поўдні Лібану. Заява выйшла празь дзень пасьля таго, як лібанскія ўлады паведамілі, што ў выніку ізраільскіх удараў загінулі як мінімум 303 чалавекі і 1150 атрымалі раненьні.

Начальнік штабу ізраільскай арміі Эяль Замір наведаў наземныя войскі ў Лібане ў чацьвер, паведаміўшы ім, што «Хэзбала» панесла «цяжкі ўдар» ад атак, нанесеных днём раней. Тым часам ізраільскія вайскоўцы выдалі новае патрабаваньне аб эвакуацыі паўднёвых прыгарадаў Бэйруту і заявілі, што наносяць удары па пускавых устаноўках «Хэзбалы» ў Лібане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ізраіль нанёс магутны ўдар па Лібане. У адказ Іран зноў закрыў Армускую пратоку і прыгразіў выйсьці зь перамір’я


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тры пункты, за якімі варта сачыць пасьля пачатку перамір’я паміж ЗША і Іранам