Яшчэ 8 красавіка ў выніку самых магутных удараў Ізраілю па Лібане з моманту ўступленьня «Хэзбалы» ў вайну на Блізкім Усходзе загінулі сотні людзей. Гэта парушыла няўстойлівае замірэньне паміж Вашынгтонам і Тэгеранам ужо менш чым праз 48 гадзін пасьля яго ўступленьня ў сілу.
«Мы можам пацьвердзіць, што на наступным тыдні Дэпартамэнт правядзе сустрэчу для абмеркаваньня бягучых перамоваў аб спыненьні агню з Ізраілем і Лібанам», — сказаў амэрыканскі чыноўнік, якога цытуе AFP.
Заява прагучала пасьля таго, як прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу загадаў сваім міністрам шукаць простых перамоваў зь Лібанам і скіраваць іх на раззбраеньне падтрымоўванай Іранам «Хэзбалы».
Прадстаўнік лібанскага ўраду заявіў агенцтву AFP, што Бэйрут патрабуе найперш спыненьня агню, перш чым пачынаць якія-небудзь перамовы з Ізраілем.
Ні Ізраіль, ні Лібан публічна не пацьвердзілі перамоваў у ЗША на наступным тыдні, апошнія ўдары Ізраілю выклікалі рэзкую крытыку з боку іранскіх і пакістанскіх чыноўнікаў напярэдадні перамоваў у Ісламабадзе, якія, як чакаецца, засяродзяцца на ключавым патрабаваньні ЗША: аднаўленьні суднаходзтва ў Армускай пратоцы.
9 красавіка «Хэзбала» заявіла, што вядзе блізкі бой з ізраільскімі войскамі ў раёнах на поўдні Лібану. Заява выйшла празь дзень пасьля таго, як лібанскія ўлады паведамілі, што ў выніку ізраільскіх удараў загінулі як мінімум 303 чалавекі і 1150 атрымалі раненьні.
Начальнік штабу ізраільскай арміі Эяль Замір наведаў наземныя войскі ў Лібане ў чацьвер, паведаміўшы ім, што «Хэзбала» панесла «цяжкі ўдар» ад атак, нанесеных днём раней. Тым часам ізраільскія вайскоўцы выдалі новае патрабаваньне аб эвакуацыі паўднёвых прыгарадаў Бэйруту і заявілі, што наносяць удары па пускавых устаноўках «Хэзбалы» ў Лібане.
Форум