Дональд Трамп позна ўвечары 8 красавіка напісаў у сацыяльных сетках, што ўсе амэрыканскія караблі, самалёты і вайскоўцы застануцца ў Іране і вакол яго, пакуль ня будзе цалкам выкананая дасягнутая дамоўленасьць.
«Усе амэрыканскія караблі, самалёты і вайскоўцы, а таксама дадатковыя боепрыпасы, зброя і ўсё астатняе, што неабходна для сьмяротнага перасьледу і зьнішчэньня ўжо істотна аслабленага ворага, застануцца на месцах у Іране і вакол яго, пакуль ня будзе цалкам выкананая дасягнутая сапраўдная дамоўленасьць», — напісаў ён у Truth Social.
Калі зь якой-небудзь прычыны гэтага не адбудзецца, тады «пачнецца страляніна — большая, лепшая і мацнейшая, чым хто-небудзь калі-небудзь бачыў раней», зноў пагражае Трамп.
«Гэта было ўзгоднена даўно, і, нягледзячы на ўсю фальшывую рыторыку пра адваротнае — ніякай ядзернай зброі, і Армуская пратока будзе адкрытая і бясьпечная. Тым часам нашае вялікае войска сілкуецца і адпачывае, зь нецярпеньнем чакаючы, па сутнасьці, свайго наступнага заваяваньня. Амэрыка вярнулася!» — тон Трампа застаўся ваяўнічым.
Напярэдадні СМІ паведамілі пра тое, што замірэньне дасягнутае на паўмесяца.
Незадоўга да гэтага Трамп напісаў, што апублікаваныя паведамленьні пра 10-пунктавы мірны плян Ірана былі «цалкам фальшывымі». Ён абвінаваціў газэту New York Times і канал CNN у дэзынфармацыі пра гэты плян і напісаў, што публікацыі былі створаныя для дыскрэдытацыі людзей, якія ўдзельнічалі ў мірным працэсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп: з Іранам абмяркоўваецца зьняцьцё санкцыяў, узбагачэньня ўрану ня будзе8 красавіка паведамлялася, што мірнае пагадненьне паміж ЗША і Іранам можа быць сарванае празь дзеяньні Ізраілю, які падтрымаў крокі амэрыканцаў, але адразу падкрэсьліў, што ўгода не распаўсюджваецца на Лібан. Як заяўляе Тэль-Авіў, на поўдні Лібану засяроджана шмат баевікоў і тэхнікі тэрарыстычнай праіранскай арганізацыі «Хэзбала», якая пагражае Ізраілю.
Яшчэ ў першы дзень пасьля падпісаньня замірэньня Ізраіль з паветра інтэнсіўна атакаваў Лібан. Міністэрства аховы здароўя Лібану паведаміла, што ў выніку ізраільскіх удараў, нанесеных па ўсёй краіне ў сераду, загінулі прынамсі 182 чалавекі і 890 атрымалі раненьні. Пры гэтым у Бэйруце папярэдзілі, што лічбы застаюцца толькі папярэднімі, сапраўдная колькасьць ахвяраў і пацярпелых можа быць большай.
Улады Ірану пасьля ізраільскіх заяваў 8 красавіка сказалі, што ў такім выпадку ня лічаць патрэбным трымацца замірэньня. Іранскія войскі абстралялі ААЭ, Бахрэйн і Кувэйт.