Пра гэта паведамляе DW.
Паводле словаў віцэ-прэзыдэнта ЗША, сваім візытам ён хацеў бы «паслаць сыгнал усім, асабліва бюракратам у Бруселі».
«Яны зрабілі ўсё магчымае, каб здушыць вугорскі народ, таму што ім не падабаецца прэмʼер-міністар, які сапраўды абараняе інтарэсы вугорскага народа», — сказаў Вэнс аб Орбане.
На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з Орбанам Вэнс заявіў, спасылаючыся на «нядаўнія паведамленьні амэрыканскай разьведкі», што Ўкраіна «магчыма, умяшалася ў амэрыканскія выбары, дапамагаючы дэмакратам».
«Таксама стала вядома, што ўкраінская разьведка разглядае Вугоршчыну як апэрацыйную зону. Якая палітычная матывацыя можа стаяць за нападамі Ўкраіны на кансэрватыўныя патрыятычныя палітычныя сілы як у ЗША, гэтак і ў Вугоршчыне?» — спытаў Вэнс.
Джэй Дзі Вэнс падкрэсьліў, што яму «здаецца сьмешным, калі людзі абвінавачваюць прэзыдэнта ЗША ў прарасейскіх поглядах».
«Мой прэзыдэнт зрабіў больш, чым хто-небудзь іншы ў сьвеце, каб дапамагчы Эўропе з энэргіяй і звадкаваным прыродным газам, што аслабляе Расею. Мы хочам, каб нашы саюзьнікі і сябры мелі разумную энэргетычную палітыку, каб іх спажыўцы маглі плаціць менш грошай, але таксама, калі, барані Божа, узьнікне канфлікт, яны маглі разьлічваць на нас, а не на іншую краіну, у пытаньнях энэргіі, якая ім патрэбная», — сказаў віцэ-прэзыдэнт ЗША.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што Ўкраіна не дапускала і не дапусьціць умяшаньня ў выбарчы працэс у ЗША. Украінскія ўлады падкрэсьліваюць важнасьць захаваньня двухпартыйнай падтрымкі з боку ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп падтрымаў Орбана перад выбарамі ў ВугоршчынеПрэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней выказваў сваю «поўную падтрымку» прэмʼер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у краіне, якія адбудуцца 12 красавіка.
Візыт Вэнса ў Будапэшт напярэдадні выбараў разглядаецца шэрагам лідэраў краінаў ЭЗ і вугорскай апазыцыяй як наўпроставая падтрымка Орбана на заключным этапе перадвыбарчай кампаніі.
Петэр Мадзьяр, лідэр апазыцыйнай партыі «Ціса» — галоўнага канкурэнта партыі «Фідэс» Орбана, рэзка скрытыкаваў візыт віцэ-прэзыдэнта ЗША. «Ніводнай замежнай краіне не дазваляецца ўмешвацца ў вугорскія выбары! Гэта нашая краіна. Вугорская гісторыя пішацца не ў Вашынгтоне, Маскве або Бруселі, а на вугорскіх вуліцах і плошчах», — заявіў Мадзьяр.
Напярэдадні выбараў сваю падтрымку Орбану выказалі кіраўнікі ўрадаў Чэхіі і Славаччыны Андрэй Бабіш і Робэрт Фіца. Падчас перадвыбарнай кампаніі Орбан заяўляў, што ўкраінцы пагражаюць яго сямʼі.
Вугоршчына заблякавала выдзяленьне Ўкраіне Эўразьвязам раней узгодненага крэдыту ў памеры 90 мільярдаў эўра, а таксама прыняцьцё 20-га пакета санкцыяў адносна Беларусі і Расеі.