Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Орбан прыгразіў прарваць нафтавую блякаду Ўкраіны сілай. Зяленскі — даць тэлефон «адной асобы ў Эўразьвязе» ўкраінскім вайскоўцам

Віктар Орбан і Ўладзімір Зяленскі, ліпень 2024 году
Віктар Орбан і Ўладзімір Зяленскі, ліпень 2024 году

Канфлікт Украіны і Вугоршчыны вакол перарванага транзыту расейскай нафты выйшаў на новы віток.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў 5 сакавіка на брыфінгу ў Кіеве, не называючы канкрэтных прозьвішчаў, што можа перадаць украінскім вайскоўцам адрас «адной асобы ў Эўразьвязе», якая блякуе эўрапейскую дапамогу Ўкраіне.

«Спадзяёмся, што адна асоба ў Эўразьвязе ня будзе блякаваць 90 мільярдаў або першы транш з 90 мільярдаў, і ўкраінскія воіны будуць мець зброю, інакш — дамо адрас гэтага чалавека нашым Узброеным сілам, нашым хлопцам — няхай яны яму тэлефануюць і размаўляюць зь ім на сваёй мове», — сказаў Зяленскі.

«Мы разумеем, што ў нас няма альтэрнатывы гэтым грашам. Мы разумеем, што гэтыя грошы заблякаваныя адной асобай. Афіцыйна тут няма ніякіх сакрэтаў», — дадаў прэзыдэнт Украіны.

Зяленскі: «Яны нас забіваюць, а мы павінны даць нафту Орбану»

Зяленскі таксама заявіў, што нафтаправод «Дружба», сур’ёзна пашкоджаны сіламі РФ у канцы студзеня, можа запрацаваць цягам месяца-паўтара.

Разам з тым ён адзначыў, што «не аднаўляў бы» гэты нафтаправод.

«Гэта мая пазыцыя. Я яе сказаў кіраўнікам ЭЗ і тым, хто тэлефанаваў мне з гэтым пытаньнем. Бо гэта расейская нафта... Яны нас забіваюць, а мы павінны даць нафту Орбану, бо ён бяз гэтай нафты ня можа выйграць выбары... На працягу месяца-паўтара ён (нафтаправод) можа запрацаваць. Але гэта ня значыць, што будзе адноўлена тое, што было разбурана, і можна паралельна рабіць некаторыя рэчы», — сказаў ён.

Вугоршчына ў лютым выступіла супраць таго, каб Эўразьвяз узычыў Украіне крэдыт у памеры 90 мільярдаў эўра. Крэдыт павінны былі ўхваліць усе краіны-сябры ЭЗ.

Таксама праз пазыцыю Вугоршчыны блёк ня змог ухваліць 20-ы пакет санкцыяў супраць Расеі, які рыхтавалі да чацьвёртай гадавіны вайны.

12 красавіка ў Вугоршчыне пройдуць парлямэнцкія выбары. Упершыню за шмат гадоў апазыцыя мае рэальны шанец перарваць кіраваньне цяперашняга прэм’ера Віктара Орбана.

Орбан: «Мы сілай прарвём украінскую нафтавую блякаду»

Заяву Зяленскага ва ўрадзе Вугоршчыны назвалі «адкрытай пагрозай»

Як заявіў прадстаўнік вугорскага ўраду Золтан Ковач, «пагрозы і шантаж з боку Зяленскага перайшлі ўсе дапушчальныя межы».

«Калі нехта пагражае даць адрас чалавека ўкраінскім салдатам толькі таму, што яны не падтрымліваюць чарговы пакет узбраеньняў на 90 мільярдаў эўра — гэта не дыпляматыя, гэта адкрытая пагроза. Гэта абуральна. Асабістым эмоцыям няма месца ў такіх пытаньнях. Вугоршчыну нельга запалохаць, і мы не паддамося на шантаж», — напісаў ён у сацсетцы Х.

Перад гэтым вугорскі прэм’ер Віктар Орбан заявіў, што ня будзе ніякіх пагадненьняў і кампрамісаў:

«Мы сілай прарвём украінскую нафтавую блякаду. Вугорская энэргія неўзабаве зноў пацячэ праз трубаправод „Дружба“».

Украінскія службовыя асобы заяўляюць, што нафтаправод пашкоджаны ў выніку расейскіх абстрэлаў пры канцы студзеня. Вугорскія і славацкія кіраўнікі пярэчаць гэтаму. 23 лютага ў Эўракамісіі пацьвердзілі, што «Расея разбурыла нафтаправод „Дружба“», але абавязалі Ўкраіну адрамантаваць яго. Тэрміны, дадалі там, залежаць ад украінскага боку.

Нафтаправод «Дружба» пастаўляе цераз Украіну расейскую нафту ў Эўропу, у прыватнасьці ў Вугоршчыну і Славаччыну. Паводле дасьледаваньняў, імпарт расейскай нафты ў гэтыя краіны з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня прынёс Крамлю 5,4 мільярда эўра прыбытку, што эквівалентна кошту 1800 балістычных ракет «Іскандэр-М», адзначае Ўкраінская служба Радыё Свабода.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG