Прэмʼер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца заявіў, што ягоная краіна спыняе аварыйныя пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну да таго часу, пакуль Украіна не адновіць падачу нафты праз трубаправод «Дружба».
«Ад сёньняшняга дня, калі ўкраінскі бок зьвернецца да Славаччыны з просьбай аб дапамозе ў стабілізацыі ўкраінскай энэргетычнай сеткі, ён такой дапамогі не атрымае», — сказаў Фіца.
Фіца заявіў, што ў мінулым для стабілізацыі ўкраінскай энэргасеткі спатрэбілася ўдвая больш аварыйных паставак, чым за ўвесь 2025 год. Кіеў гэтыя зьвесткі пакуль не камэнтаваў.
Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны раней паведаміла пра рэкордны абʼём імпарту электраэнэргіі з ЭЗ ва Ўкраіну ў студзені, не ўдакладніўшы, якая доля паставак была з Славаччыны.
Дзеля таго, каб дамагчыся аднаўленьня транзыту расейскай нафты па «Дружбе», Вугоршчына і Славаччына сёньня заблякавалі ўвядзеньне 20-га пакету санкцый супраць Расеі і ўзычэньне Ўкраіне шматмільярднага крэдыту, пра які лідэры ЭЗ дамовіліся на саміце ў сьнежні.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга на пасяджэньні Рады ЭЗ 23 лютага заявіў, што нафтаправод пашкоджаны расейскім абстрэлам, і параіў Вугоршчыне і Славаччыне «адрасаваць ультыматумы Крамлю».
Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта лічыць, што фізычных перашкод для паставак нафты няма, а ёсьць толькі палітычныя. Паводле Сіярта, гэтак Кіеў хоча прымусіць Будапэшт разблякаваць перамоўны працэс наконт сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ.
23 лютага ў Эўракамісіі пацьвердзілі, што «Расея разбурыла нафтаправод «Дружба», адзначыўшы, што адрамантаваць яго павінна Ўкраіна. Тэрміны, як было дададзена, залежаць ад украінскага боку.
Таксама ў Эўракамісіі падкрэсьлілі, што чакаюць ад усіх лідэраў ЭЗ выкананьня іх абавязацельстваў па выдзяленьні Ўкраіне шматмільярднай пазыкі.
Пасьля пачатку вялікай вайны ЭЗ забараніў купляць расійскую нафту. Для Вугоршчыны, Славаччыны і Аўстрыі зрабілі выключэньне, бо гэтыя краіны ня маюць выхаду да мора і залежаць ад трубаправода «Дружба».
Паводле фінскага Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі і чыстага паветра і баўгарскага Цэнтру вывучэньня дэмакратыі, імпарт расейскай нафты ў Вугоршчыну і Славаччыну ў 2022–2024 гадах прынёс Крамлю 5,4 мільярда эўра. Гэта эквівалентна кошту 1800 балістычных ракет «Іскандэр-М», піша ўкраінская служба Радыё Свабода.
Форум