Ва Ўкраіне заявілі, што Расея для пралёту дронаў выкарыстоўвае тэрыторыю ЭЗ і Беларусь

Расейскі вайсковец рыхтуе да запуску бесьпілётнік

У той жа час Масква пачала пагражаць краінам Балтыі, бо лічыць іх вінаватымі ў пропуску ўкраінскіх дронаў, якія б’юць па расейскіх портах.

Расейскія войскі выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі для забесьпячэньня пралёту сваіх ударных бесьпілётнікаў, заявіў у этэры «Нацыянальнага тэлемаратону» начальнік управы камунікацыяў камандаваньня Паветраных сілаў Узброеных сілаў Украіны Юрый Ігнат.

«Праціўнік для пралётаў выкарыстоўвае тэрыторыю Малдовы, непрызнанага Прыднястроўя, Румыніі і Беларусі ў прыватнасьці, гэта ўжо факт, які застаецца фактам», — цытуе моўцу УС УСУ агенцтва «РБК-Україна».

Ігнат дапусьціў, што «пэўныя вышкі, рэтрансьлятары» ў Беларусі могуць «дапамагаць праціўніку кіраваць сваімі сродкамі».

«Мы часта бачылі пралёт дронаў адзін за адным у нашы заходнія вобласьці проста па мяжы зь Беларусьсю. Дзеля таго, каб зрабіць іх больш устойлівымі да здушэньня сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, для таго, каб больш сродкаў пралятала, праціўнік, падобна, можа выкарыстоўваць дапамогу суседняй дзяржавы», — сказаў Юрый Ігнат.

Таксама вайсковец падкрэсьліў, што ня ведае, якія менавіта пункты кіраваньня знаходзяцца ў Беларусі, дадаўшы, што «ўкраінская выведка, падобна, ведае больш».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Флагшток» паведамляе пра выбух і пралёт дрона ў Гомлі

Расея пагражае краінам Балтыі

За апошнія тыдні Ўкраіна шмат разоў пасьпяхова атакавала расейскія стратэгічныя порты, у прыватнасьці Усьць-Лугу, наносячы вялікую шкоду нафтавым і ваенным плянам Расеі.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава выступіла з пагрозаю на адрас краін Балтыі, абвінаваціўшы іх у спрыяньні ўкраінскім паветраным атакам. Масква лічыць тры краіны безумоўна адказнымі за пралёты дронаў, якія затым б’юць па расейскіх портах.

«Гэтым краінам зрабілі адпаведнае папярэджаньне. Калі ў гэтых рэжымаў, гэтых краін хопіць розуму, яны прыслухаюцца. А калі не, будуць мець справу з адказам», — цытуе словы Захаравай агенцтва «Інтэрфакс».

Канфлікт абвастрыўся пасьля сэрыі атак на расейскія марскія порты, у час якіх некалькі дронаў упалі на тэрыторыі балтыйскіх дзяржаваў. Украінскі бок пасьля гэтага выбачыўся перад трыма балтыйскімі дзяржавамі.

Паводле зьвестак украінскай выведкі, Расея магла наўмысна накіроўваць дроны ў бок Балтыі з дапамогай сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, каб выкарыстаць гэтыя факты для ўласнай прапаганды і ціску на суседзяў.

МЗС Латвіі накіравала Маскве афіцыйную ноту пратэсту. У Рызе падкрэсьлілі, што расейскія абвінавачаньні ня маюць пад сабой ніякіх доказаў. Закіды Масквы называюцца «абсалютна ілжывымі», а спробы абвінаваціць Латвію ў дазволе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для ўдараў па Расеі — наўмыснай дэзынфармацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якое значэньне для Беларусі мае расейскі порт Усьць-Луга, які зноў атакавалі ўкраінцы