Гэта незвычайны праект з удзелам кляштарнага аргану і зьмяшанага хору, які нараджаўся цягам некалькіх гадоў, адзначае «Новы час». Авант-джазавы гурт з 20-гадовай гісторыяй два гады працаваў над выданьнем, і твор выбіваецца з шырокай фанаграфіі «плыўцоў», бо тут задзейнічаныя кляштарны арган і мяшаны хор.
Ініцыятар запісу альбому Віктар Сямашка расказаў пра этапы працэсу:
«Харавыя мэлёдыі прыходзілі да галавы самі сабою цягам прыкладна дзесяці гадоў. Тыя, што завітвалі неаднаразова, я фіксаваў на дыктафон. Аднойчы пераслухаў гэтыя запісы і перасьпяваў больш асэнсавана — з уяўленьнем, як бы гэта мог выканаць хор. Потым даслаў гэтыя дэмкі кампазытару Канстанціну Яськову, які цяпер жыве каля Гдыні, з просьбай зрабіць аранжыроўкі.
Гатовыя партытуры прапанаваў беларускаму хору „Гук Цішы“, які базуецца ў Варшаве. 16 вакалістаў разам з дырыгентам-сьпеваком Паўлам Сопатам разабралі нотны матэрыял, адрэпэтавалі і запісалі яго цягам дзьвюх сэсій у студыі — зь вялікай колькасьцю дубляў. Што рабіць далей, я, прызнаюся, ня надта ўяўляў. Было ясна, што да атрыманых шасьці харавых мініяцюр варта дадаць інструмэнтальныя варыяцыі. Доўга думаў, якім можа быць склад, але пачаць вырашыў з аргану».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Музычны дуэт з Падляшша Sw@da & Niczos атрымаў польскую ўзнагароду Paszporty PolitykiДаступны інструмэнт знайшлі з дапамогай гукарэжысэра Радаслава Бэднарэка ў манастыры сясьцёр-францішканак у Лясках пад Варшавай. Спачатку Віктар Сямашка сыграў, што змог, бо, як прызнаецца сам, апынуўся за арганам упершыню.
Юлія Шавель — ужо пастаянная жыхарка Познані — згадзілася сама пафантазаваць на харавыя тэмы. Яна прайшлася па іх туды і назад, стварыўшы некалькі варыянтаў.
«На апошнім акордзе „Альлелюйя“ я папросту расчуліўся ад радасці. Стала ясна, што ўсё склалася і нічога больш не трэба — агонь здабыты! Праўда, над канчатковым міксам, кампаноўкай і рэдактурай давялося папрацаваць яшчэ паўгода ў Беластоку».
Вокладкай для альбома ISNY стала фатаграфічная кампазыцыя мастачкі Аўгіньні Мікуліч. Альбом даступны для слуханьня і спампоўваньня на Bandcamp.