— Што магло стаць прычынай выдаленьня не аднаго, а адразу трох YouTube-каналаў?
Паўлюк Быкоўскі
— У нас пакуль не хапае дастатковых даных, каб ацаніць, што канкрэтна адбылося і што было прычынай. Вядома, што былі скаргі ў розныя пэрыяды на гэтыя YouTube-каналы. Вядома таксама, што пасьля зьяўленьня прапагандысцкага фільма пра Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар Стас Івашкевіч зьвяртаўся са скаргай (Дзейнасьці БЦР была прысьвечана праграма дзяржпрапагандыста Рамана Пратасевіча «Без прикрытия». Ён паліваў брудам сям’ю журналіста-расьсьледавальніка Станіслава Івашкевіча, пагражаў завочнымі судамі яму і яшчэ 16 беларускім журналістам. — РС). Былі таксама скаргі, зьвязаныя з тым, што былі дэананімізаваныя людзі, якія сьвяткавалі Дзень Волі, і некаторыя зь іх былі названыя.
Можна меркаваць, што блякіроўка каналаў адбылася ў выніку гэтых скаргаў, але цалкам магчыма, што чаша цярпеньня ў YouTube была перапоўненая, і гэта былі апошнія кроплі. Таму, хутчэй за ўсё, калі YouTube зараз не адновіць гэтыя каналы (што таксама магчыма), то па сукупнасьці парушэньняў яны будуць заблякаваныя на працяглы пэрыяд, а можа і назаўсёды — як гэта ўжо адбывалася з каналамі расейскіх прапагандысцкіх СМІ.
— Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку YouTube «экстрэмісцкай». Ці ў выніку не пацярпяць незалежныя СМІ, блогеры, розныя праекты, чыя аўдыторыя знаходзіцца з большага ў Беларусі?
— Тут ёсьць некалькі чыньнікаў. Па-першае, сам Лукашэнка і блізкія да яго людзі не таго веку, каб актыўна карыстацца YouTube, і яны не цалкам разумеюць яго значэньне. Яны заўсёды крыху недаацэньвалі, наколькі гэта важны відэахостынг у мэдыяспажываньні. Калі паглядзець дасьледаваньні, у тым ліку ляяльных да рэжыму аналітыкаў, яны адзначалі, што гэтым напрамкам трэба займацца, бо ён недаацэнены.
Пры гэтым улады Беларусі займалі іншую пазыцыю ў параўнаньні з расейскімі адносна блякіроўкі або запаволеньня YouTube і іншых плятформаў. Таму не факт, што яны хутка зьменяць сваю пазыцыю.
Я назіраў за іх дзеяньнямі ў лютым і сакавіку: у гэты час беларускія дзяржаўныя СМІ пачалі пераходзіць у MAX па прыкладзе расейскіх калег. Але там былі вельмі невялікія аўдыторыі, і ў гэтай плятформы адсутнічаюць многія магчымасьці, якія ёсьць у Telegram і іншых сэрвісах. Яна ніяк не параўнальная з YouTube.
Такім чынам, нейкая падстрахоўка на выпадак закрыцьця заходніх плятформаў існуе, але яна выглядае не вельмі эфэктыўнай. Таму ўлады, хутчэй за ўсё, будуць узважваць, ці варта ім адмаўляцца ад YouTube. Ня факт, што такое рашэньне будзе прынята, але рызыка ўзрастае пасьля блякіроўкі асноўных дзяржаўных каналаў.
Разам з тым, яны адносна спакойна перажывалі блякіроўку асобных прапагандыстаў, напрыклад Рыгора Азаронка. Але цяперашняя сытуацыя — больш значны крок, і тут можа пераважыць жаданьне «захаваць твар» і адказаць больш жорстка. Я не думаю, што рашэньне пра блякіроўку будзе адназначна прынята, але рызыка яго павялічваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Рамана Пратасевіча ўзялі вядоўцам на СТБ— Наколькі пасьпяховыя дзяржаўныя мэдыя YouTube? Наколькі для іх гэта важная плятформа?
— Што да эфэктыўнасьці YouTube для гэтых каналаў і дзяржаўных СМІ ў цэлым, то тут карціна неаднародная. Посьпех на тэлебачаньні не заўсёды супадае з посьпехам на YouTube. Напрыклад, тэлеканал ОНТ зьяўляецца адным з самых пасьпяховых на тэлебачаньні, але на YouTube больш моцныя пазыцыі, верагодна, мелі іншыя, напрыклад СТВ.
Складана сказаць, ці ставіліся перад імі розныя задачы, але, відаць, розныя каманды прымалі розныя рашэньні адносна разьвіцьця сваіх каналаў. Пры гэтым частка супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ разумее, што YouTube ім неабходны.
Акрамя таго, гэтыя каналы стваралі ня толькі прапагандысцкі кантэнт, але і забаўляльныя праграмы — шоў, навагоднія перадачы і іншае. Гэты кантэнт тэарэтычна можна было б вынесьці на асобныя плятформы, але ёсьць рызыка, што ён будзе проста страчаны.
— Кансьпіралягічнае пытаньне. Ці можа тут быць нейкі расейскі сьлед, каб справакаваць пэўным чынам блякіроўку гэтых каналаў і зрабіць умовы для прапагандысцкіх дзяржаўных СМІ Беларусі як у Расеі?
— Я ня думаю, што ёсьць дастатковыя падставы сьцьвярджаць, што гэта было загадзя сплянавана. Але і выключыць такую магчымасьць цалкам нельга. Улады Беларусі імкнуцца кантраляваць інфармацыйнае поле. Мы ўжо бачылі, як расійскія СМІ — радыё, тэлебачаньне, друк — або абмяжоўваліся, або браліся пад кантроль. У інтэрнэце сытуацыя доўгі час была іншай, але апошнім часам расьце спажываньне расейскага кантэнту ў Беларусі. Гэта зьвязана і з тым, што ўлады абмяжоўвалі доступ да незалежных беларускіх СМІ. Я не думаю, што існуе дакладны плян справакаваць беларускія ўлады на блякіроўку YouTube, але яны могуць прыйсьці да гэтага і самастойна. Лукашэнка неаднаразова казаў, што «галоўнае мастацтва — гэта тэлебачаньне», і інтэрнэт-плятформы ён традыцыйна недаацэньваў. Таму жорсткая рэакцыя цалкам магчымая.
— Як бы вы ацанілі рэакцыю прапаганды, рэакцыю ўладаў Беларусі?
— Што да рэакцыі ўладаў і дзяржаўных СМІ, яна выглядае супярэчлівай. Гэта нагадвае вядомую байку пра «зялёны вінаград»: з аднаго боку кажуць, што гэта ня мае значэньня, а з другога — што гэта недружалюбны крок. Фактычна гэта пазыцыя паміж «ня вельмі і хацелася» і адначасова прызнаньнем, што сытуацыя нэгатыўная. Такая рэакцыя ў пэўнай ступені зразумелая, але яна не выглядае як частка нейкай прадуманай дыпляматычнай гульні або перамоўнай стратэгіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Плятформа доўга заплюшчвала вочы», — Вячорка пра выдаленьне каналаў дзяржСМІ з YouTube- YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай».
- «Сёньня відэахостынг YouTube амэрыканскай кампаніі Google выдаліў беларускія каналы БЕЛТА, СТВ і АНТ. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь нэгатыўна ацэньвае гэты недружалюбны і беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцьцё неабходных мераў рэагаваньня», — заявілі ў Мінінфарме.
- «YouTube, здаецца, зрабіў апошнія крокі да прызнаньня экстрэмісцкай пляцоўкай і поўнай блякіроўкі ў Беларусі. Амаль усе асноўныя дзяржаўныя YouTube-каналы Беларусі (БЕЛТА, АНТ, СТВ) выдаленыя зь YouTube!» — заявілі ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі.
- Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА паведаміла, што каналы былі выдаленыя 3 красавіка «адміністрацыяй відэахостынгу» з прычыны санкцый. Пры гэтым дадала, што БЕЛТА не знаходзіцца пад санкцыямі.
- «YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ ў дзеяньні», — заявілі ў СТВ.
- На тэлеканале АНТ адзначылі, што не атрымлівалі ніякіх апавяшчэньняў.
- Адзін з найбуйных прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў у адказ на выдаленьне каналаў дзяржСМІ заклікаў задумацца аб працы відэахостынгу ў Беларусі краіне.
- Старшыня кіраўніцтва праўладнага Беларускага сюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў абяцае, што арганізацыя будзе скардзіцца ва ўсе міжнародныя інстанцыі.
- Пра палітычную цэнзуру кажуць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году цалкам зьнішчыў свабоду слова і выказваньняў у краіне. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і яе спажываньне былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто спажываў кантэнт незалежных мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі. Пасьля поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году прапагандысцкія афіцыйныя СМІ Беларусі пашыраюць расейскія наратывы, апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці. Бюджэтнае фінансаваньне на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод яны маюць за кошт беларускіх падаткаплатнікаў.