Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка».
«Сёньня відэахостынг YouTube амэрыканскай кампаніі Google выдаліў беларускія каналы БЕЛТА, СТВ і АНТ. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь нэгатыўна ацэньвае гэты недружалюбны і беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцьцё неабходных мераў рэагаваньня», — заявілі ў Мінінфарме.
«YouTube, здаецца, зрабіў апошнія крокі да прызнаньня экстрэмісцкай пляцоўкай і поўнай блякіроўкі ў Беларусі. Амаль усе асноўныя дзяржаўныя YouTube-каналы Беларусі (БЕЛТА, АНТ, СТВ) выдаленыя зь YouTube!» — заявілі ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі.
Каналы Белдзяржтэлерадыёкампаніі на YouTube пакуль даступныя.
Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА паведаміла, што каналы былі выдаленыя 3 красавіка «адміністрацыяй відэахостынгу» з-за санкцый. Пры гэтым дадала, што БЕЛТА не знаходзіцца пад санкцыямі.
Тэлеканал СТВ таксама адрэагаваў на выдаленьне свайго каналу.
«YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ у дзеяньні», — заявілі ў СТВ.
На тэлеканале АНТ адзначылі, што не атрымлівалі ніякіх апавяшчэньняў.
«Ніякіх дадатковых тлумачэньняў плятформа не дала. Падобнае блякаваньне азначае ня проста часовае абмежаваньне доступу, а поўнае фізычнае выдаленьне з сэрвераў велізарных архіваў навінавых выпускаў, аналітычных праграмаў і дакумэнтальных цыкляў, якія назапашваліся гадамі і зьбіралі дзясяткі мільёнаў праглядаў», — заявілі ў АНТ.
Адзін з найбуйных прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў у адказ на выдаленьне каналаў дзяржСМІ заклікаў задумацца аб працы відэахостынгу у Беларусі краіне.
«Ну, а навошта гэтае паскудзтва ў нашым мэдыяполі, калі яны праводзяць варожую палітыку супраць Беларусі? Гнаць іх паганым венікам. Што ж, амэрыканцы самі нас падштурхоўваюць да таго, каб мы пайшлі расейскім шляхам у дачыненьні да варожых пляцовак», — напісаў ТГ-канал.
Адрэагаваў і старшыня кіраўніцтва праўладнага Беларускага сюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў. Ён абяцае, што арганізацыя будзе скардзіцца ва ўсе міжнародныя інстанцыі:
«Беларускі саюз журналістаў абураны актам інфармацыйнага вандалізму і палітычна матываванай цэнзуры з боку антысацыяльнай плятформы YouTube. Хостынг жаласны ў сваёй шкоднай беларусафобскай пазыцыі. Нацыянальная мэдыясупольнасьць працягне размаўляць са сваім беларускім народам на іншых плятформах. Заклікаем нашых калег у парлямэнце і Міністэрстве інфармацыі прыняць усе неабходныя захады для абароны законных правоў і інтарэсаў беларускіх журналістаў».
Форум