«Нашы словы могуць прывесьці да катаваньняў», — Лабковіч пра асьцярожнасьць у публічных заявах, ануляцыю пашпартоў і ціск на вызваленых

Праваабаронца Ўладзь Лабковіч

Праваабронца «Вясны», былы палітвязень Уладзь Лабковіч у эфіры «ПіКа Свабоды» расказаў пра тое, што вядома праваабаронцам пра маштабы ануляваньня пашпартоў былым палітвязьням, чаму ня выйшлі ўсе палітвязьні, якія былі ў сьпісе вызваленых, як улады спрабуюць прымусіць маўчаць пра катаваньні.

— Стала вядома, што пашпарт ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, былога палітвязьня Алеся Бяляцкага прызнаны нядзейсным. Дакумэнт дзейнічаў да 2028 года. Бяляцкі расцэньвае гэтае рашэньне як адвольнае і незаконнае. На гэтым тыдні былі ануляваныя пашпарты многіх палітвязьняў, якіх дэпартавалі зь Беларусі ў сьнежні летась. Ці вядома праваабаронцам, як шмат былых палітвязьняў засталіся без дзейных пашпартоў? І зь якімі праблемамі сутыкнуцца праз гэта гэты людзі?

— Фактычна пашпарты выдаляюць з электроннай базы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, дзе можна праверыць сапраўднасьць пашпарта. Несапраўднымі пашпартамі зьяўляюцца дакумэнты фактычна ўсёй групы, якая была вызвалена разам са мной у сьнежні 2025 года. Ёсьць ужо факты ануляцыі дакумэнтаў палітвязьняў з чэрвеньскіх вызваленьняў, і верасьнёўскіх.

Пакуль трэба яшчэ правяраць, наколькі гэтая інфармацыя перададзеная ў міжнародныя базы, і як гэта будзе ўплываць на магчымасьць падарожжаў. Але ў любым выпадку гэта сыгнал: пры сёньняшнім рэжыме вяртаньне ў Беларусь фактычна немагчымае ні юрыдычна, ні адміністратыўна. Гэта таксама сьведчыць пра тое, што беларускія ўлады вельмі вольна ставяцца да дамоўленасьцяў з амэрыканскім бокам, бо, як я разумею, гаворка ішла і пра спыненьне ціску на ўжо вызваленых людзей. Але мы бачым, што гэты трансмежны ціск працягваецца.

І гэта, безумоўна, яшчэ і палітычная рэакцыя на працэс у Міжнародным крымінальным судзе, дзе разглядаецца справа аб прымусовай дэпартацыі грамадзян Беларусі. Рэжым паказвае, што нічога не баіцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітвязьням, якіх вывезьлі зь Беларусі з пашпартамі, анулявалі дакумэнты. Пагаварылі зь імі

— Якая дапамога з дакумэнтамі цяпер спатрэбіцца былым палітвязьням у розных краінах? Наколькі гэты складаны працэс?

— У першую чаргу мы ўдзячныя тым урадам, у першую чаргу Літвы і Польшчы, якія прымаюць палітвязьняў у час іх прымусовай дэпартацыі і робяць усё магчымае, сыходзячы са сваіх прававых працэдураў, для таго, каб гэтыя дакумэнты як мага хутчэй афармляліся. Асабліва ў сытуацыі, калі людзі дэпартуюцца ўвогуле без пашпартоў. Я быў дэпартаваны ў сьнежні таксама без аніякага дакумэнта, і больш за 20 чалавек з нашай групы былі дэпартаваныя без дакумэнтаў. Тыя 15 чалавек, якія былі дэпартаваныя больш за тыдзень таму, — усе без дакумэнтаў. Тут вельмі важна, каб прававыя мэханізмы дзяржаў, якія прымаюць і даюць прытулак, з разуменьнем ставіліся да сытуацыі, калі людзі прыяжджаюць без дакумэнтаў, і каб працэдуры былі хутчэйшымі. Бо ёсьць выпадкі, калі людзі чакаюць часовага віду на жыхарства тры, пяць месяцаў і больш — у залежнасьці ад краіны.

Але сам факт таго, што дакумэнты выдаюцца, што людзі атрымліваюць магчымасьць падарожнічаць і сацыялізавацца, — гэта цяпер самае важнае. Вельмі важная таксама дапамога ў сацыялізацыі, бо ўлады Беларусі праз прымусовую дэпартацыю фактычна працягваюць ціск: людзі фармальна на свабодзе, але сутыкаюцца з вялікімі сацыяльнымі і культурнымі цяжкасьцямі, у тым ліку з раз’яднаньнем сем’яў.

І наша задача як праваабаронцаў — быць у камунікацыі з дзяржаўнымі органамі краін, якія прымаюць гэтых людзей, каб максымальна паскараць працэдуры афармленьня і дапамагаць людзям інтэгравацца: знаходзіць працу, уладкоўвацца, уключацца ў новае грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці законнае ануляваньне пашпартоў былых палітвязьняў і ці могуць зрабіць тое ж зь іншымі? Меркаваньне юрыста і былога сілавіка

— Калі ў выніку перамоваў павінны былі вызваліць 250 палітвязняў, але адзін чалавек, Дзмітрый Наважылаў, не выйшаў, чаму так магло адбыцца?

— Я ня ведаю. Мы зможам гэта зразумець толькі тады, калі ён будзе вызвалены. Я вельмі на гэта спадзяюся. Я сам быў зь ім у адной камэры ў СІЗА на Валадарскага. Пакуль гэта адзіны такі выпадак. Мы працягваем правяраць сьпісы. Дакладна вядома, што больш за 70 чалавек ужо вызвалены і знаходзяцца дома. Але інфармацыя абмежаваная — мы ня можам актыўна камунікаваць з людзьмі ўнутры Беларусі, каб не нашкодзіць ім. Калі будуць выпадкі, калі людзі фармальна памілаваныя, але не выходзяць на волю — гэта будзе сьведчыць пра парушэньне дамоўленасьцяў. І я спадзяюся, што сытуацыя будзе выпраўлена.

— Вядома, што ўлады спрабуюць прымусіць былых палітвязьняў маўчаць пра катаваньні за кратамі, бо ў гэтым выпадку пацерпяць тыя, хто застаецца ў вязьніцах. Якая тут этычная дылема для правааабронцаў і журналістаў, і як яе вырашаць?

— Я тут хачу сказаць выключна сваю асабістую думку, і наша галоўная задача — гэта не нашкодзіць тым людзям, якія за кратамі. Бо мы павінны разумець, што яны знаходзяцца ў надзвычай жорсткіх нелюдзкіх умовах зачастую. І нашыя словы вызваленых палітычных вязьняў аб тым, што насамрэч адбываецца там за кратамі, у той ці іншай ступені заўсёды адбіваецца на тых, хто застаецца. Я гэта сам ведаю, таму што я быў вызвалены ня ў першай жа групе, і я ведаю, як рэагавала адміністрацыя калёніяў, турмаў на заявы, расповеды тых людзей, якія вызваліліся раней. І я ўпэўнены, што гэта практыка помсты застаецца.

Таму наша вельмі важная задача — з разуменьнем ставіцца да двух рэчаў. Першае, што вызваленыя палітвязьні знаходзяцца яшчэ самі ў вельмі цяжкім эмацыйным стане, і ім трэба пэрыяд, каб адаптавацца. У мяне тры месяцы на волі, я да гэтага часу яшчэ не лічу, што я цалкам адышоў ад тых чатырох з паловай гадоў зьняволеньня. А тыя людзі, якія толькі зараз вызваляюцца, да іх вельмі трэба ашчадна ставіцца і даць магчымасьць ім псыхалягічна, маральна, а таксама фізычна ў першую чаргу выправіцца.

А з другога боку, калі нашыя словы прывядуць да пагаршэньня рэпрэсій, да катаваньняў канкрэтных людзей, якія знаходзяцца ў кратамі, трэба дамагчыся ў першую чаргу іх вызваленьня і каб яны вярнуліся да нас жывымі і здаровымі. Я прашу і журналістаў ставіцца да гэтага таксама з разуменьнем, да такой пазыцыі тых людзей, якія асьцярожна распавядаюць пра тое, што насамрэч адбываецца з кратамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Беларусі анулявалі пашпарт нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага