«Ня бачу ніякай сувязі вайны зь беларускай мовай». Як украінка ўзялася вучыць мову суседзяў пасьля 2022 году

Вікторыя. Фота з прыватнага архіву

Пагутарылі з украінскай студэнткай Вікторыяй, якая за паўгоду самастойна вывучыла беларускую мову — проста так, бо закахалася ў яе. Яна расказала пра нянавісьць у камэнтарах і падтрымку ў жыцьці, пра сувязь вайны і мовы.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну дзяўчына Вікторыя з украінскага Івана-Франкоўску ўпершыню пачула беларускую мову, зьдзівілася, як добра яе разумее, і захацела яе вывучыць. Дарэчы, гэта было відэа на гістарычную тэматыку з Кацярынай Ваданосавай. У Вікторыі не было беларусаў у атачэньні, яна шукала іх праз моўныя аплікацыі, але нават там ёй было нялёгка знайсьці беларусаў, якія б добра гаварылі па-беларуску. Аднак яна здолела знайсьці такіх суразмоўцаў. І праз паўгоду актыўнай камунікацыі зь перакладнікам пачала гаварыць сама. А потым і весьці блог у TikTok па-беларуску.

«Якое ж было маё зьдзіўленьне, што я зноў амаль усё разумею!»

Вікторыя (не называем прозьвішча на просьбу суразмоўцы. — РС) расказвае пра сябе. Ёй 21 год, нарадзілася і жыве ў Івана-Франкоўску, горадзе на захадзе Ўкраіны. Вучыцца ў магістратуры на кірунку «біяхімія». Упершыню пачула беларускую мову ў 2022 годзе, калі ўжо пачалася поўнамаштабная вайна.

«Мне трапілася відэа з TikTok, дзе Кацярына Ваданосава расказвала пра нейкія гістарычныя рэчы. Цяпер я добра ведаю, хто гэта, люблю яе слухаць, але тады гэта было першае відэа, якое я ўбачыла, упершыню пачула [беларускую] мову. Я ў такім захапленьні была, бо гэта было нешта новае, цікавае. Я амаль усё разумела», — успамінае Вікторыя.

Тады яна пачала шукаць інфармацыю пра беларускую мову. Адкрыла тэкст па-беларуску, каб праверыць, ці зможа прачытаць яго і гэтак жа добра зразумець, як на слых.

«Чытаць было трошачкі складана першым часам, але якое было маё зьдзіўленьне, што я зноў амаль усё разумею!», — кажа дзяўчына.

Яна пачала шмат слухаць па-беларуску — музыку, тэксты. Празь некалькі месяцаў асэнсавала, што хоча ня толькі разумець беларускую мову, але і ўмець на ёй размаўляць. Спачатку вывучыла базавыя словы па-беларуску. Далей стала шукаць людзей для камунікацыі ў праграмах для абмену мовамі. Менавіта людзі найбольш дапамаглі ёй авалодаць беларускаю моваю, адзначае Вікторыя.

Вікторыя, фота з прыватнага архіву

«Гэта было складана, бо рэальна вельмі мала людзей траплялася, якія добра ведаюць беларускую. Звычайна людзі разумеюць, але самі не размаўляюць. Або, магчыма, баяцца, што іхная мова неідэальная, і адразу кажуць, што не размаўляюць», — дзеліцца ўспамінам суразмоўца.

Спачатку яна перакладала цэлыя сказы або невядомыя словы праз онлайн-перакладнік:

«Я нічога сабе не запісвала, хіба нейкае складанае слова, якое не магла запомніць, ці нейкае цікавае слова, якое вельмі хацела запомніць, тады запісвала. Але ў асноўным усё і так запаміналася».

Каля паўгоду актыўнай вуснай і пісьмовай камунікацыі зь беларусамі хапіла, каб дзяўчына свабодна пачала гаварыць па-беларуску.

«Калі б вывучэньне было актыўным, а не пасіўным, атрымалася б нашмат хутчэй. Але я нікуды не сьпяшалася. Гэта была адзіная мова, якую я вывучыла, хоць не сядзела за падручнікамі, не даўбала словы. Вялікую ролю адыграла падабенства беларускай да ўкраінскай», — адзначае ўкраінка.

Брак суразмоўцаў і матэрыялаў

Ужо два гады Вікторыя размаўляе па-беларуску. Кажа, што зрэдку здараюцца памылкі з словамі ці націскамі. Упершыню жыўцом, а не онлайн, яна пагаварыла зь беларускай летась увосень.

«Мне не было страшна. Гэта была мая знаёмая, зь якой мы толькі па-беларуску размаўлялі. Хутчэй гэта было нязвыкла, але мне спадабалася», — узгадвае Вікторыя.

Часам дзяўчына сустракае беларусаў у Польшчы, калі туды прыяжджае. Кажа, што заўсёды гаворыць зь імі па-беларуску. Заўважае, што на беларускай мове ёй лягчэй гаварыць, чым на расейскай.

«Ня тое каб у мяне былі вялікія прынцыпы, бо калі трэба паразумецца зь людзьмі зь іншай краіны, прынцыпы адыходзяць убок», — тлумачыць яна.

Самым складаным у вывучэньні беларускай мовы для Вікторыі быў недахоп суразмоўцаў і брак матэрыялаў для навучаньня: падручнікаў, слоўнікаў. Таксама — мала людзей, якія добра валодаюць беларускай мовай, а сярод іх — разыходжаньні у тым, як правільна гаварыць або пісаць.

«Мала канкрэтыкі ў правілах, у словах. Калі хочаш знайсьці, як правільна пішацца слова ці як правільна сказаць фразу, ня кальку з расейскай, а менавіта па-беларуску, гэта праблематычна. Шмат розных крыніц кажуць рознае. Розныя філёлягі могуць казаць рознае», — адзначае яна.

Блог у TikTok

«Нядаўна я прачнулася з жаданьнем весьці старонку ў TikTok па-беларуску», — такімі словамі Вікторыя пачала весьці свой блог «Украінка па-беларуску».

Гэта было ў канцы мінулага году. На старонцы ўжо больш за сорак ролікаў і больш за 1200 падпісьнікаў. Самыя папулярныя відэа набралі па 14 тысяч праглядаў. У блогу дзяўчына расказвае ня толькі пра матэрыялы, якія дапамаглі ёй вывучыць беларускую мову, або што яе зьдзівіла ў працэсе навучаньня, ці пра ўлюбленых беларускіх музыкаў, але і пра рэчы, не зьвязаныя зь беларускай мовай: ўкраінскія традыцыі, навучаньне біяхіміі й польскай мове або набыткі ў сэканд-хэндзе.

Вікторыя. Фота з прыватнага архіву

Асноўная рэакцыя на захапленьне Вікторыі беларускай мовай — цікавасьць і зьдзіўленьне, кажа яна. Большасьць людзей зь яе атачэньня ня чулі раней беларускае мовы, таму ўспрымаюць яе як цікавінку.

«Ўаў! Цікава! А адкуль ты ведаеш беларускую? А навошта табе яна?», — пераказвае найчасьцейшую рэакцыю ўкраінка.

Адказу на гэтае пытаньне дзяўчына прысьвяціла асобны выпуск у TikTok.

«Я думала, што гэтае пытаньне не патрабуе адказу, бо гэта як спытаць: „А навошта табе ўвогуле якая-небудзь мова? Навошта табе чытаньне, маляваньне?..“ Я пачала адчуваць нейкую патрэбу ў ёй, адчула ў гэтай мове нешта роднае, хоць ня маю беларускіх каранёў. Думаю, гэтая мова заслугоўвае, каб яе ведалі і на ёй размаўлялі. І не разумею, чаму так шмат людзей зьдзіўляюцца, што нехта можа вучыць беларускую», — пераказвае яна рытарычныя пытаньні і камэнтуе іх.

У гутарцы з Свабодай Вікторыя тлумачыць, што вывучала беларускую мову бяз мэты, проста таму, што яна ёй падабалася.

«Я дагэтуль называю сябе закаханай у беларускую мову», — прызнаецца дзяўчына.

У жыцьці беларуская мова ёй прыдаецца, бо яна сама шукае, дзе б яе ўжыць: прыкладам, шукае людзей, зь якімі можа па-беларуску кантактаваць, і так знаходзіць новых знаёмых і сяброў.

«Беларуская мова сама пакутуе»

Нэгатыўныя рэакцыі блогерка сустракае толькі ў камэнтарах у TikTok.

«Ужывую — ніколі. Іду па вуліцы і запісваю камусьці галасавое паведамленьне па-беларуску — усім усё роўна», — адзначае яна.

У сетках жа ўкраінку крытыкуюць, прыкладам, за акцэнт у беларускай мове або за тое, што яна гаворыць на мове краіны-суагрэсара ў вайне з Украінай. Але і такіх камэнтароў было ўсяго з два, прыгадвае суразмоўца.

«Я ня бачу ніякай сувязі вайны зь беларускай мовай… Лічу, што гэта думка людзей, якія не разьбіраюцца ў сытуацыі, ня ведаюць і ня хочуць ведаць. Па-першае, шмат беларусаў падтрымалі ўкраінцаў. Па-другое, беларуская мова сама пакутуе і патрабуе абароны. Я лічу, што ў нас ёсьць агульная праблемка, назавем гэта так, і варагаваць — апошняе, што трэба рабіць у гэтай сытуацыі», — перакананая дзяўчына.

Вікторыя. Фота з прыватнага архіву

Пры гэтым большасьць рэакцыяў — станоўчыя, з падтрымкай і падзякай, і ад беларусаў, і ад украінцаў, заўважае блогерка. Яна прызнаецца, што раней засмучалася праз крытыку, бо гэта ейны першы блог, але цяпер рэагуе спакайней.

«Крытыка — гэта знак, што я раблю ўсё правільна. Ня ўсім заўсёды я буду падабацца, ня ўсім я павінна падабацца», — мяркуе яна.

«Гэта не часовае захапленьне»

Вікторыя прызнаецца, што не шануе людзей якой-хаця нацыянальнасьці, якія не шануюць сваю мову.

«Я іх не асуджаю. Гэта асабісты выбар кожнага, на жаль, не заўсёды сьвядомы. Што датычыць беларусаў — дык дакладна. Часта людзі не разумеюць, што вельмі шмат часу навязвалася расейская мова. Я не шаную людзей, якія нэгатыўна адгукаюцца пра беларускую, выступаюць супраць яе. Але людзей, якія маюць ахвоту яе вывучаць, спрабуюць, робяць крокі, я паважаю, нават калі яны яшчэ баяцца размаўляць па-беларуску», — заўважае дзяўчына.

Блогерка хацела б заахвоціць іншых гаварыць па-беларуску.

«Калі я зматывую хоць аднаго чалавека, то ўжо буду вельмі шчасьлівай». — падсумоўвае яна.

Студэнтка кажа, што ніколі не была ў Беларусі, але хацела б яе наведаць, калі там «усё будзе добра».

«Найбольш мне б хацелася пабываць у мястэчках на захадзе і ў вёсках, бо мне здаецца, што менавіта ў вёсках найбольш захавалася традыцыйнасьць, дзе можна пачуць беларускую мову. Мне было б вельмі сумна, калі б я прыехала ў нейкі горад і ўвогуле не пачула беларускае мовы», — кажа яна.

Вікторыя расказвае, што таксама вывучае польскую мову і ўжо можа ёю размаўляць, валодае ангельскай на базавым узроўні, пачынала вывучаць італьянскую і нямецкую.

«Беларуская была першай мовай, якую я вывучыла і на якой магла размаўляць. Гэта не часовае захапленьне, а тое, што будзе са мной заўсёды. Гэта ўжо нешта большае, чым проста цікавасьць. У мяне няшмат рэчаў у жыцьці, да чаго я адчуваю нешта падобнае. Гэта ўжо частка майго жыцьця, безь якой мяне няма», — дзеліцца яна.