Сьцісла
- Знакавыя палітыкі — вызваленыя палітвязьні — адмовіліся ад удзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду.
- Асноўныя прэтэнзія да цяперашняй Рады — кантроль над ёю з боку Пераходнага кабінэту і Офісу Ціханоўскай.
- Апатыя і сыход у прыватнае жыцьцё — зьявы, уласьцівыя ня толькі грамадзтву ў Беларусі, але і дыяспары.
- Калі б у дыяспары адчуваўся грамадзкі ўздым, знакавыя асобы ўзялі б удзел у выбарах у КР.
Глядзіце, хто не прыйшоў
Скончылася вылучэньне кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду чацьвёртага скліканьня, якія адбудуцца сёлета 11–17 траўня. На 80 месцаў у Радзе прэтэндуюць 175 чалавек, разьмеркаваныя па дзевяці сьпісах. На мандаты ў КР цяперашняга скліканьня на выбарах у 2024 годзе прэтэндавалі 257 чалавек.
Сёлетнія вылучэньні былі адметныя ня толькі тым, хто пастанавіў узяць удзел у выбарах, але і тым, хто адмовіўся балятавацца. Сярод апошніх — фракцыі дзейнага складу Рады «Беларусы» (блёк Пракоп’ева — Ягорава) і «Наша справа». На папярэдніх выбарах «Беларусы» занялі другое месца пасьля лідэраў «Кааліцыі Латушка і Рух „За Свабоду“».
Таксама ў выбарах у чацьвёрты склад Каардынацыйнай рады вырашыла ня ўдзельнічаць партыя «Разам», якую ствараюць прыхільнікі ўдзельніка прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году і палітвязьня Віктара Бабарыкі. Раней пра няўдзел у выбарах у КР заявіла адна з сымбаляў падзеяў 2020 году Марыя Калесьнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На 80 месцаў у Каардынацыйнай радзе чацьвёртага скліканьня прэтэндуюць 175 чалавекРашэньне палітыкаў і палітычных арганізацыяў ня ўдзельнічаць у выбарах у КР рэзка скрытыкавалі прадстаўнікі сілаў, якія дамінуюць у цяперашнім складзе Рады і маюць намер балятавацца ў наступны склад.
Прымаючы тое ці іншае рашэньне, палітыкі ўзважваюць яго плюсы і мінусы, і ня толькі з гледзішча шчасьця і сьветлай будучыні Бацькаўшчыны, але і ўласных палітычных пэрспэктываў, інтарэсаў, магчымасьцяў дасягаць мэтаў. І ў дакладнасьці гэтых разьлікаў яны зацікаўленыя куды больш, чым усе назіральнікі і аналітыкі разам.
Таму вырашылі палітыкі так ці інакш — значыць, мелі важкія падставы прыняць такое рашэньне.
Але самыя па сабе вылучэньні і адмовы ад вылучэньня сталі паказьнікам агульнага стану беларускай палітычнай супольнасьці ў выгнаньні.
Летась на волю выйшлі самыя знакамітыя палітвязьні, паводле розных дасьледаваньняў і індыкатараў — адны з самых папулярных палітыкаў краіны. Яны гадамі былі выключаныя зь якога-колечы нетурэмнага жыцьця, ня кажучы ўжо пра палітычнае. І вось яны апынуліся на свабодзе, у бясьпецы. Зьявілася магчымасьць паўдзельнічаць у палітыцы, прычым інстытуцыйна, у межах прадстаўнічай структуры. Некаторыя ёю скарысталіся — у прыватнасьці, Мікалай Казлоў і Юрась Зянковіч. Аднак самыя вядомыя — устрымаліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У выбарах у Каардынацыйную раду хочуць удзельнічаць шэсьць суб’ектаў. Бабарыка адмовіўсяЯкія прэтэнзіі да Каардынацыйнай рады?
Прэтэнзіяў да Каардынацыйнай рады цяперашняга скліканьня шмат. З прынцыповых — уласна дзьве. Першая — што Рада стала бясьсільным прыдаткам да Аб’яднанага пераходнага кабінэту і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. І другая — што КР ня стала нават протапарлямэнтам, прадстаўнічым органам хаця б дыяспары, рашэньні якога хоць на нешта і на некага ўплываюць.
Справядлівасьць прэтэнзіяў першага кшталту спрэчная. Павал Латушка і кіраваны ім блёк здолеў стварыць у Радзе кааліцыю большасьці, ён і Ціханоўская палітычна перагулялі сваіх крытыкаў і канкурэнтаў. Прайграваць непрыемна, але палітыка ня зводзіцца да ўсеагульнага кансэнсусу. Нехта ў ёй, як правіла, прайграе.
Што да другой прычыны — дык яна абумоўленая структурнымі асаблівасьцямі сытуацыі. Размова ідзе пра дыяспару, пра людзей, якія пакінулі радзіму, якія ў краінах знаходжаньня — госьці, і не заўсёды пажаданыя. Да таго ж нарастаньне апатыі, расчараваньня, сыходу ў прыватнае жыцьцё, якія пануюць цяпер у Беларусі, уласьцівыя і дыяспары таксама. Народ жа адзін.
Калі б у цяперашняй дыяспары назіраўся грамадзкі ўздым, вызваленыя апазыцыйныя лідэры адчулі б гэты запыт
І рэдка бывае, каб грамадзтва дома, на радзіме, упала ў сон, хай сабе і загіпнатызаванае страхам, а эміграцыйнае жыцьцё бурліла нястомнай энэргіяй і энтузіязмам.
Калі б цяперашняя беларуская дыяспара была б менавіта такой, калі б у ёй назіраўся грамадзкі ўздым — вызваленыя апазыцыйныя лідэры адчулі бы гэты пільны грамадзкі запыт. Як яны адчулі яго ў 2020 годзе. І адказалі б на гэты запыт у зручнай форме ўдзелу ў выбарах у КР. І дамінаваньне Ціханоўскай – Латушкі, якім не задаволеная частка фракцыяў, гэтаму адказу не перашкодзіла б. Як у 2020 годзе дыктатура Лукашэнкі не перашкодзіла Бабарыку, Ціханоўскаму і Калесьнікавай уступіць у барацьбу, а народу — іх падтрымаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская 5 гадзін адказвала на пытаньні Каардынацыйнай рады. ГалоўнаеПрыліў падымае ўсе чаўны
Як кажа прымаўка, прыліў падымае ўсе чаўны. Ну а калі адліў... Тады падымаюцца далёка ня ўсе. Тады пераважае думка, што лепш не рызыкаваць сваёй рэпутацыяй і патэнцыялам. Прынамсі, гэтым разам не рызыкаваць. Журналіст Віктар Малішэўскі пракамэнтаваў сытуацыю, зьедліва абыграўшы назву партыі Бабарыкі — «Наступным разам».
Некаторыя чакалі, што новы імпульс нададуць вызваленыя палітвязьні. А яны, гледзячы па ўсім, чакалі ўбачыць, адчуць гэты імпульс ад беларусаў, якія сустрэлі іх на волі. Як гаварылася ў стужцы «Матрыца»: «Сардэчна запрашаем у пустэльню рэальнасьці».
У гэтага вяртаньня ў рэальнасьць ёсьць яшчэ два аспэкты. І фракцыя «Беларусы» з досьведам працы ў КР цяперашняга скліканьня, і партыя «Разам», якая такога досьведу ня мае, намякаюць у сваіх заявах на тое, што не зьбіраюцца сыходзіць з палітыкі, а маюць намер працягваць актыўна займацца ёю, але не ў тупіковай форме Каардынацыйнай рады.
Рада і сапраўды ня штаб паўстаньня. Але якія іншыя формы могуць прынесьці большы плён?
Рада і сапраўды ня штаб паўстаньня і не рэвалюцыйны Канвэнт. Але хацелася б даведацца: а якія іншыя формы могуць прынесьці большы плён? Насамрэч кастынг такіх формаў адбываўся і адбываецца ўвесь час. Валер Цапкала ладзіў Дэмакратычныя форумы, Зянон Пазьняк зьбіраўся стварыць Камітэт нацыянальнага ўратаваньня, зусім нядаўняя ініцыятыва — форум Статкевіча, прэзэнтаваны ў Брусэлі.
Таксама можна прыгадаць, што лідэры блёку Пракопʼева – Ягорава — зусім не пачаткоўцы ў палітыцы. І яны ўжо працяглы час шукалі гэтыя самыя новыя формы дзейнасьці, каб пераадолець вузкія і нязручныя рамкі Каардынацыйнай рады.
Адной з такіх ідэяў былі нядаўнія слуханьні з удзелам Ціханоўскай, праведзеныя ў КР з ініцыятывы гэтай палітычнай групы.
Яшчэ пасьля мінулых выбараў у КР Вадзім Пракопʼеў казаў пра плян стварэньня масавага руху дыяспары, марыў, як дзясяткі тысячаў удзельнікаў руху зьбяруцца на велізарным варшаўскім стадыёне.
Усе пералічаныя ідэі, ініцыятывы, праекты заслугоўваюць павагі і ўвагі. Але які іх плён? Наколькі большы, чым плён той самай Рады?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Яшчэ адзін блёк адмовіўся ад удзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду. Там адрэагаваліБудучая Беларусь у люстэрку Каардынацыйнай рады
І другі аспэкт вяртаньня ў рэальнасьць. Цяперашні стан Рады, які не задавальняе многіх, — гэта, магчыма, узор палітыкі ў будучай новай дэмакратычнай Беларусі. Можа, і не. Пераход да гэтай новай Беларусі будзе адбывацца, хутчэй за ўсё, на грамадзкім падʼёме. А падʼём, прыліў ня толькі падымае ўсе чаўны, але і прыхоўвае бруд на дне. Аднак людзі застануцца людзьмі, палітыкі — палітыкамі. З сваімі інтарэсамі, прагай улады (прычым як мага большай), патрэбай у грашах (і нават не на салодкае жыцьцё, а на рэалізацыю сваёй палітыкі і на ўтрыманьне сваіх палітычных камандаў).
І таму варта пажадаць посьпеху тым 175 кандыдатам, якія вырашылі ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду. Як і тым, хто вырашыў шукаць іншых, лепшых шляхоў да лепшай будучыні.