На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» на YouTube-канале Свабода Premium адказвае амэрыканіст, дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі.
0:00 Уступ: Трамп дзякуе Лукашэнку і кліча ў ЗША
1:08 Ці паедзе Лукашэнка? Кураж vs страх перад Трампам
7:45 «Гульня ва-банк»: гістарычны шанец Лукашэнкі
9:37 250 вызваленых: чаму цяпер дазволілі заставацца ў Беларусі
17:56 Санкцыі і «абмен»: што яшчэ можа прапанаваць Вашынгтон
22:19 ЗША ціснуць на Літву: транзыт калію і канфлікт зь Вільняй
29:09 Скандал з Мэляніяй Трамп: выдумка ці непаразуменьне?
— Сёньня ўначы па Вашынгтоне прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сацыяльнай сетцы пост, у якім падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за вызваленьне агулам 500 палітвязьняў, а таксама запрасіў яго на пасяджэньне сваёй Рады міру. Вашая ацэнка — ці паедзе Лукашэнка на гэтае запрашэньне? Можа ізноў што-небудзь перашкодзіць? Уладзімір Пуцін, напрыклад.
— Сапраўды, Дональд Трамп а 3 гадзіне раніцы па Вашынгтоне ўзгадаў Беларусь у сваім посьце. Я прапаную тры оптыкі погляду на гэтую сытуацыю.
Першае — Лукашэнка ўвесь час дамагаўся ўвагі з боку амэрыканскага ўраду і асабіста Трампа. Зараз, як мы ведаем, ёсьць адно сонейка ў сусьветнай палітыцы — гэта Дональд Трамп. І ўсе хочуць пагрэцца ў яго промнях. Лукашэнка не выключэньне, ён шмат разоў узгадваў, як ён хоча даваць парады Трампу па ўсіх пытаньнях.
Але ёсьць дзьве перасьцярогі, перашкоды. За мінулы год стала зразумела, што людзі, якія сустракаюцца з Трампам, не заўсёды адчуваюць сябе задаволенымі вынікамі гэтых сустрэчаў. Тут можна прыгадаць і прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, і прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, і шмат каго з эўрапейскіх і іншых лідэраў. Яны, трапляючы на перамовы з Трампам, адчувалі сябе ў спэктаклі, дзе ёсьць толькі адзін актор, і гэты актор часам пачынае адчытваць, як падначаленага, свайго суразмоўцу, які трапіў у гэтую пастку. Я мяркую, што сытуацыя, калі Трамп можа пачаць наўпрост пад камэры ціснуць на Лукашэнку — гэта тая сытуацыя, якой больш за ўсё можа зараз баяцца Лукашэнка.
Таму, вывучаючы досьвед папярэдніх сустрэчаў Трампа з многімі лідэрамі, ён можа прыняць гэтае запрашэньне, але да апошняга адцягваць той момант, які можа быць ледзь не самым небясьпечным у яго кар’еры.
Ну і трэцяе — гэта, безумоўна, уплыў Расеі. Як мы разумеем, Расея ў апошнія гады ў любы момант магла пазбавіць як Лукашэнку асабіста, гэтак і Беларусь субʼектнасьці. У рэжыму Лукашэнкі не было ніякіх інструмэнтаў, каб супрацьстаяць магчымай расейскай агрэсіі, калі б Пуцін вырашыў захапіць Беларусь. Але чамусьці Крэмль дагэтуль лічыць мэтазгодным захаваньне пэўнай субʼектнасьці Лукашэнкі асабіста і яго рэжыму. Калі амэрыканскія перамоўнікі абмяркоўваюць Беларусь альбо пытаньні, датычныя Беларусі, яны ўсё яшчэ прыяжджаюць у Менск, а не ў Маскву. Выглядае, што Крэмль зараз зацікаўлены ў тым, каб захоўваць проксі-субʼектнасьць Беларусі. Наколькі ў іх інтарэсах, каб Лукашэнка паехаў на саміт Рады міру — я ня ўпэўнены. Магчыма, яны будуць раіць яму ня ехаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне палітвязьняў і запрасіў яго на чарговае пасяджэньне Рады міру— Вы лічыце, што яму могуць проста забараніць? Ёсьць адчуваньне, што ў яго ёсьць свой кураж, яму быў бы цікавы нават двубой з Трампам. Ён асьцярожны, але і азартны.
— Я лічу, што наўпроставай, катэгарычнай забароны з Крамля ня будзе. За некалькі дзесяцігодзьдзяў у Лукашэнкі і Пуціна мусіла выпрацавацца нейкае разуменьне адзін аднаго, так што няма патрэбы ў наўпроставай забароне. Ёсьць пэўныя ўскосныя сыгналы, зь якіх Лукашэнка разумее, яму забараняюць ехаць ці ўсяго толькі ня раяць. Вы дарэчы прыгадалі кураж. Ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі з боку краінаў Эўропы амэрыканскі трэк для Лукашэнкі — адзіная магчымасьць збліжэньня з Захадам. Цяпер сытуацыя не такая, якой была ў 2015 годзе, калі ён езьдзіў у ЗША і сустракаўся з тагачасным прэзыдэнтам Баракам Абамам. Тады гэта было часткай працэсу адлігі 2015-2020 гадоў. Цяпер сытуацыя больш складаная. І пытаньне, ці пойдзе Лукашэнка ва-банк у адносінах з ЗША. Але яго рашэньне можа істотна паўплываць на зьмену сытуацыі ў Беларусі.
«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»
Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.
Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.