Ціханоўская накіруе дарадцу ў Вашынгтон, каб ЗША не чынілі ціску на Літву

Намесьнік маршалка Сэнату Польшчы Міхал Каміньскі, сьпікер Сейма Літвы Юозас Олекас, Анатоль Лябедзька, Сьвятлана Ціханоўская, віцэ-міністар замежных спраў Літвы Аўдра Плепіце. Вільня, 30 сакавіка 2026

Беларускія і літоўскія палітыкі абмеркавалі стратэгію адносна санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

30 сакавіка ў літоўскім Сейме адбыўся круглы стол «Беларусь і Літва: выклікі і/ці магчымасьці». Дыскусія з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі і палітыкаў Літвы стала працягам імпрэз, прысьвечаных 108-м угодкам абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі.

Абмяркоўвалі месца і стратэгію дэмакратычных сілаў Беларусі ў змаганьні за яе праэўрапейскі шлях і ролю ў гэтым працэсе краін Эўразьвязу, у прыватнасьці Літвы.

Сьпікер літоўскага Сейму Юозас Олекас казаў пра супадзеньне пазыцый розных палітычных сілаў Літвы ў стаўленьні да рэжыму, які пануе ў Беларусі. Паводле спадара Олекаса літоўцы розных палітычных поглядаў асуджаюць рэжым Лукашэнкі за ягоную падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны. Таксама літоўцаў, мяркуе палітык, абурае тое, што беларускі рэжым стварае напружанасьць у адносінах з суседнімі краінамі, а ў самой Беларусі працягвае парушаць правы чалавека і не спыняе рэпрэсіі.

«Мы ня мусім быць наіўнымі, трэба не толькі дамагацца вызваленьня палітвязьняў, але і патрабаваць спыненьня новых рэпрэсій ды прыцягненьня да адказнасьці вінаватых», — мяркуе літоўскі палітык.

Паводле Юозаса Олекаса рэжым Лукашэнкі таксама спрабуе раскалоць дэмакратычныя сілы Беларусі, таму дапамога беларускай дэмакратыі супадае з інтарэсамі літоўскай палітыкі.

Заўважным чыньнікам адносін літоўскай дзяржавы і беларускай дэмакратычнай супольнасьці стала пытаньне санкцый што да рэжыму Лукашэнкі. Што зь імі рабіць? Дамаўляцца за сталом перамоваў ці працягваць моцны ціск?

Сьвятлана Ціханоўская адказвае на пытаньні. Круглы стол «Беларусь і Літва: выклікі і/ці магчымасьці» у Сейме Літоўскай рэспублікі, Вільня, 30.03.2026

Сьвятлана Ціханоўская ў дыскусіі на круглым стале заявіла што менавіта праз моцны ціск удалося вызваліць ужо некалькі соцень палітвязьняў. Пры гэтым лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі адзначыла эфэктыўнасьць абодвух прынцыпаў: амэрыканскія санкцыі і дыпляматыя ЗША лепш дапамогуць вызваленьню палітвязьняў, але ціск на рэжым дзеля дэмакратызацыі і спыненьня рэпрэсій з боку Эўразьвязу трэба захаваць.

На думку Ціханоўскай, Лукашэнка ня здольны на самастойную зьнешнюю палітыку і весьці зь ім перамовы бессэнсоўна, бо ён зноў падмане.

«Пакуль у Беларусі застаецца рэжым Лукашэнкі, ён уяўляе пагрозу суседзям і ўсёй Эўропе», — лічыць Ціханоўская.

Яна вітала дзеяньні Літвы, праз зварот якой у Міжнародным крымінальным судзе распачатая справа супраць Лукашэнкі за выкраданьне ўкраінскіх дзяцей.

«Літва гэта прыклад, якім хоча стаць Беларусь: вольнай, незалежнай і дэмакратычнай», — сказала Сьвятлана Ціханоўская і падзякавала ўраду Літвы за дапамогу беларусам.

Таксама яна заявіла, што ў Вашынгтон накірорўваецца яе дыпляматычны дарадца Дзяніс Кучынскі, мэта якога — пераканаць амэрыканскі бок у тым, каб не аказвалі ціску на ўрад Літвы за пазыцыю адносна падаўжэньня санкцый супраць беларускага калію.

Паводле Ціханоўскай^ у Вільні працягвае дзейнічаць яе офіс, што спрыяе таму, каб жыцьцё беларусаў у Літве наладжвалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коўл заклікаў Вільню да дыялёгу зь Менскам і аднаўленьня транзыту ўгнаеньняў празь Літву

Віцэ-міністар замежных спраў Літвы Аўдра Плепіце назвала дэмакратызацыю Беларусі адной з галоўных мэтаў зьнешняй палітыкі Літвы. Паводле Аўдры Плепіце супраць Літвы з боку беларускага рэжыму «працягваюцца гібрыдныя атакі», да таго ж Беларусь застаецца адной з самых актыўных хаўрусьнікаў Расеі ў агрэсіі супраць Украіны, таму санкцыі супраць рэжыму мусяць застацца важным інструмэнтам ціску. Віцэ-міністар замежных спраў выказалася таксама за тое, каб Літва працягвала і нацыянальныя санкцыі, якія ўвяла адносна рэжыму Лукашэнкі.

«Але мы можам абмяркоўваць пытаньні рэгіянальнага супрацоўніцтва, абмяркоўваць інвэстыцыі ў дэмакратыю Беларусі», — падзялілася плянамі Аўдра Плепіце, якая пагадзілася з думкай, што без вольнай і назалежнай Беларусі бясьпеку Эўропы забясьпечыць немагчыма.

Сузаснавальнік БХД, былы палітвязень Павал Севярынец мяркуе, што знаходжаньне ў Літве для беларусаў — гэта добрая магчымасьць падрыхтавацца да вяртаньня на радзіму. Палітык выказаўся за аднаўленьне палітычнага саюзу Літвы і Беларусі. Патэнцыял беларусаў у Літве Севярынец лічыць вельмі важным для абароны ад магчымай агрэсіі Расеі. Пры гэтым Севярынец заклікае літоўскіх палітыкаў зрабіць гэтак, каб беларусы ў Літве не адчуваліся сябе ўразьлівымі за агрэсію Расеі супраць Украіны. Паводле былога палітвязьня, такая пагроза існуе.

«Што да санкцый: так, эканамічныя санкцыі аддаляюць Беларусь ад Эўропы, але пакуль адмяняць іх не варта. Бо нельга спадзявацца на тое, што Лукашэнка зьменіцца ў лепшы бок. Ён не паддаецца дыпляматыі. Трэба стаяць цьвёрда на ўжо занятай пазыцыі, што ўсе палітвязьні мусяць выйсьці на волю, рэпрэсіі мусяць спыніцца, а беларускі народ мусіць атрымаць магчымасьць самому вызначаць свой лёс», — мяркуе Павал Севярынец.


Круглы стол «Беларусь і Літва: выклікі і/ці магчымасьці» у Сейме Літоўскай рэспублікі, Вільня, 30 сакавіка 2026

Таксама ўдзельнікі круглага стала абмеркавалі асаблівасьці інтэграцыі беларусаў у Літве, праблему захаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці ва ўмовах міграцыі, магчымасьці беларускай моладзі разьвівацца ў Літве як прафэсіяналы і палітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ля Сейму Літвы ўзьнялі беларускі нацыянальны сьцяг. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Транзыт калію і палітычныя кантакты: як Вашынгтон і Вільня разышліся ў беларускім пытаньні. Аналіз Дракахруста